Пацыент хутчэй мёртвы: як ажывіць фондавы рынак?

Колькі каштуюць акцыі беларускіх кампаній?

Эксперты аналітычнага цэнтра CASEBelarus падлічылі капіталізацыю айчыннага фондавага рынку.

Летась на Беларускай валютна-фондавай біржы свае акцыі выстаўлялі на продаж 194 кампаніі. Праўда, толькі 8 прайшлі лісцінг.На думку экспертаў CASEBelarus, гэта сведчыць пра тое, што глыбіня фондавага рынку ў 2016 годзе дасягнула 11,2% валавога ўнутранага прадукту (ВУП ). Капіталізацыя кампаній, па словах аналітыкаў, складала 5,3 мільярда даляраў.

– Лічбу ў 11,2% можна лічыць рэальным станам біржы. Бяручы пад увагу актуальную эканамічную сітуацыю і развіццё ў краіне фінансавага сектара, гэта нядрэнны паказчык. Хаця і значна меншы, чым па банкаўскаму сектару, які дасягае 68,4% ВУП, – тлумачыць кіраўнік аналітычнага цэнтра CASEBelarusСерж Наўродскі.

– Абарот кампаній у мінулым годзе быў толькі 0,5% ад капіталізацыі. Гэта азначае, што пацыэнт хутчэй мёртвы, чым жывы, – канстатуе аналітык.

Ён робіць выснову, што ў прадпрыемстваў, не ўлічваючы банкі, амаль адсутнічаюць крыніцы атрымання інвестыцый.

– Прадпрыемствам не хапае небанкаўскіх грошай – няма магчымасці пазычыць неабходную колькасць грошай на біржы. Напрыклад, кампанія, вартасцю адзін мільён даляраў, можа атрымаць на беларускай біржы ў сярэднім толькі 0,5% ад гэтай сумы – 50 тысяч даляраў. Для развіцця ж ёй патрэбныя інвестыцыі ад паловы сваёй вартасці да некалькі мільёнаў, – падкрэслівае эксперт.

Як рэанімаваць пацыента?

Па словах Сержа Наўродскага, праграма развіцця айчыннага фондавага рынку з года ў год становіцца больш адэкватнай. Але гэтага недастаткова.

Серж Наўродскі. Фота: tut.by

На яго думку, для істотнага паляпшэння сітуацыі ў фінансавым сектары ўлады павінны зрабіць пяць вельмі важных крокаў.

1.   Макрастабілізацыя

– Беларуская эканоміка шмат гадоў была разлічана выключна на экспансіўнае развіццё – ВУП рос, але разам з ім павялічваліся: грашовая маса, неапраўданыя прадуктыўнасцю заробкі, попыт, дзяржаўныя інвестыцыі. У выніку адбываліся скачкі курсаў валют, інфляцыйныя чаканні, адсутнасць магчымасці планавання для любога прадпрыемства, – кажа эканаміст.

Па прыкладу той жа Польшчы можна адвесці два гады, на працягу якіх будзе рабіцца ўсё магчымае для макрастабілізацыі.

– У Польшчы напачатку 1990-х была вельмі высокая інфляцыя. Але Мінфін і Нацбанк прытрымліваліся дакладнай пазіцыі па курсу валют, манетарнай актыўнасці. Праз некалькі гадоў гэта дало плён: інфляцыю зацуглялі, ВУП пачаў расці,  – нагадвае Серж Наўродскі.

Падобную палітыку, па яго словах, зараз ажыццяўляе Нацбанк Беларусі.

– Трэба пацярпець некалькі гадоў, пільна працуючы над праблемамі макраэканамічнай стабільнасці. Потым пачнецца рост, – прагназуе эксперт.

2. Павышэнне ролі Нацбанка

На думку кіраўніка CASEBelarus, адказнасць за фінансавы рынак варта цалкам перакласці на Нацбанк.

– Мінфін з гэтым не спраўляецца, – лічыць аналітык. – Калі зрабіць Нацбанк мегарэгулятарам, адказным за ўвесь фінансавы сектар, то гэта можа спрацаваць пазітыўна. Такую ініцыятыву, дарэчы, разглядалі яшчэ ў 2015 годзе, але перанеслі на 2017 год.

3. Знайсці «твар рэформы»

Эксперт падкрэслівае, што ў галоўным банку краіны ці ў Савеце міністраў варта знайсці «твар рэформы» фондавага рынку.

–  Калі канкрэтны чалавек пачне актыўна прасоўваць ідэю развіцця фондавага рынку, падтрымліваць дзеянні Нацбанка, не дапускаць прыняцця законаў, якія перашкаджаюць фінансаваму сектару, то ўдасца ўсталяваць давер да рынка і стымуляваць яго рост, – лічыць Серж Наўродскі.

4. Спалучыць рэформы ў сацыяльнай і фінансавай сферах

Па словах аналітыка, уладам неабходна актыўна папрацаваць над пенсійнай рэформай, стварэннем пенсійных і інвестыцыйных фондаў, а таксама не чыніць перашкод фінансавым кампаніям.

–  Яшчэ важна даць магчымасць працаваць на поўную моц страхавым кампаніям, дапусціць на гэты рынак замежнікаў. Калі страхавы бізнес пачне свабодна развівацца, то і фінансавы рынак будзе расці большымі тэмпамі, бо страхавыя кампаніі ў развітых краіных кіруюць сур’ёзнымі аб’емамі капіталу, і гэтыя грошы трэба кудысьці ўкладваць, – упэўнены кіраўнік CASEBelarus.

5. Вызначыць эканамічны курс краіны

– Калі мы хочам быць bank-based – фінансавай сістэмай з дамінуючым банкаўскім рынкам, – трэба запрашаць замежныя банкі і імкнуцца да павышэння якасці банкаўскага капіталу. Калі ж мы вырашаем, что будзем следаваць мадэлі market-based – фінансавая сістэма з дамінуючым фондавым рынкам, – то таксама прыйдзецца ствараць адпаведныя ўмовы. Але ўжо час вызначыцца, куды рушыцца беларуская эканоміка, і падтрымліваць гэты накірунак, – прапануе Серж Наўродскі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4.2