Ці рыхтавацца беларускай уладзе да ўзнаўленьня заходніх санкцыяў?

Рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў, палітычных актывістаў і журналістаў могуць паставіць пад пагрозу «лібэральную адлігу» ў адносінах з Брусэлем і Вашынгтонам.

Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі ўжо патрабуюць аднавіць санкцыі ў адносінах да вышэйшага кіраўніцтва Беларусі і асобаў, непасрэдна датычных да беспадстаўнага гвалту.

Саньнікаў, Статкевіч, Шушкевіч: вярнуць увесь санкцыйны пакет

Пасьля таго як Беларусь доўгі час лічылася краінай-ізгоем, афіцыйны Менск дэкляраваў «эўрапейскі разварот» і на тле пагаршэньня адносінаў з Крамлём апошнім часам дэманстратыўна выбудоўваў партнэрскія стасункі з інстытутамі Эўразьвязу. Міністар замежных спраў Уладзімер Макей зрабіў шэраг прынцыповых паездак на Захад, у Беларусь зь візытамі прыбываюць ягоныя калегі са зьнешнепалітычных ведамстваў — на гэтым тыдні чакаюць у госьці намесьнікаў міністраў замежных спраў Нямеччыны і Бэльгіі. На кану — пэрспэктыва выхаду на эўрапейскі рынак і фінансавая дапамога.

Аднак адмова ад мараторыю на ўжываньне сілы супраць даведзеных да адчаю грамадзянаў, якія па ўсёй краіне выходзяць на «маршы недармаедаў», аднаўленьне працы судовых канвэераў, падчас якіх судзьдзі як па камандзе выпісваюць адміністрацыйныя арышты і буйныя штрафы, ня могуць прайсьці незаўважанымі.

У сумеснай заяве апазыцыйныя палітыкі Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч і Станіслаў Шушкевіч заклікаюць міжнародную супольнасьць спыніць флірт з рэжымам Лукашэнкі, пазбавіць яго любой фінансавай дапамогі і падтрымаць народ Беларусі ў справядлівым патрабаваньні правесьці сумленныя выбары:

«Мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз перагледзець сваё рашэньне аб адмене санкцыяў супраць вышэйшага кіраўніцтва Беларусі і вярнуць увесь санкцыйны пакет да поўнага спыненьня рэпрэсіяў супраць палітычных і грамадзянскіх актывістаў, незалежных журналістаў. Дыктатар лічыць, што ўсё яшчэ можа запалохаць народ і з дапамогай Крамля разьвязаць рэпрэсіі супраць актыўных грамадзянаў — зноў пайшлі подлыя арышты, асуджаныя вядомыя палітыкі Лябедзька, Рымашэўскі, Губарэвіч, дзясяткі актывістаў у розных рэгіёнах. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых падчас мірных акцыяў пратэсту і прабачэньня за маральную шкоду», — гаворыцца ў звароце «тройкі».

Падпісанты нагадваюць, што ў гэтыя дні па ўсёй краіне адбываецца хваля народных пратэстаў супраць палітыкі дзейных уладаў. Апошняй кропляй, якая перапоўніла людзкое цярпеньне, стаў дэкрэт № 3, які атрымаў абразьлівую назву «дармаедзкага».

«Гэты дэкрэт прадэманстраваў, што Лукашэнка лічыць грамадзянаў сваімі нявольнікамі, зь якімі можна рабіць усё што заўгодна, — пішуць аўтары заявы. — Беларусы трывалі доўга, але нават доўгія гады трываньня не змаглі вытруціць зь людзей ні пачуцьцё ўласнай годнасьці, ні жаданьне жыць у свабоднай Беларусі».

Клімаў: акцыі пратэсту ніякага дачыненьня да апазыцыі ня маюць

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Андрэй Клімаў 20 гадоў таму быў сярод ініцыятараў імпічмэнту Лукашэнку, што стала адной з падставаў для працяглага тэрміну зьняволеньня. Прызнаны палітвязьнем. Як яму бачыцца сытуацыя, у якой апынуліся ўлады з прычыны свайго недарэчнага дэкрэту, які вывеў на вуліцы тысячы звычайных беларусаў, у масе сваёй учорашніх прыхільнікаў суровага, але «справядлівага бацькі»? І ці рэальна паўзьдзейнічаць на Лукашэнку праз трэці бок у выглядзе структураў Эўразьвязу ці ЗША?

 «Нават Статкевіч, які нібыта круціцца ў гушчы падзеяў, адарваўся ад рэаліяў. Падзеі, якія цяпер адбываюцца ў краіне, масавыя акцыі пратэсту ніякага дачыненьня да апазыцыі ня маюць. Наагул. Бо ўзаемаадносіны паміж афіцыйным Менскам і, напрыклад, Брусэлем пераважна зводзяцца да прызнаньня правамоцнасьці тых ці іншых палітычных групаў на ўдзел у выбарах, патрабаваньня свабоды слова, зьменаў у выбарчае заканадаўства. А пратэст, які мы назіраем, ніякім бокам апазыцыю не закранае. Ну паглядзіце: арыштавалі лідэраў буйных апазыцыйных структураў. Губарэвіч з руху „За свабоду“. Лябедзька з АГП — сурʼёзная арганізацыя, зь вялікім стажам. Рымашэўскі і Севярынец — з хрысьціянскіх дэмакратаў. Што, акцыі спыніліся? Не. Пра што гэта сьведчыць? Найперш пра тое, што дэкрэт закрануў электарат Лукашэнкі, які раней ніякіх адносінаў да апазыцыі ня меў».

На перакананьне Андрэя Клімава, нейкім чынам вывесьці адносіны з тупіку павінна найперш улада, а таксама тыя, хто дагэтуль быў яе саюзьнікам — армія навасьпечаных «дармаедаў». Калі хто ў гэтай гульні лішні, ён мусіць сысьці з авансцэны. Спробы ж прыцягнуць да ўрэгуляваньня канфлікту пасярэднікаў у выглядзе апазыцыі ці заходніх міратворцаў, лічыць суразмоўца, загадзя асуджаныя на правал:

«Па вялікім рахунку, цяпер мы назіраем народнае паўстаньне.

Як ні сумна, аказалася што ні мы, людзі апазыцыйнага толку з адпаведнымі біяграфіямі, ні ўлады, якія фанабэрыліся, што іхнія МУС-КДБ сочаць за кожным уздыхам паўтысячы „адмарозкаў“, насамрэч нічога не кантралююць! Амаль 2 мільёны электарату — можаце сабе ўявіць — „дармаеды“ разам з чальцамі семʼяў. Не 500 чалавек, нават не 100 тысяч, а мільёны раззлаваных беларусаў, якія, калі далей так пойдзе, справакуюць хаос. І гэта праблема, вырашэньня якой канстытуцыйным шляхам я ня бачу. Улада ня можа адмяніць дэкрэт, бо тым самым акрэсьліць сваю слабасьць, выпусьціць працэс з-пад кантролю. Пакажа, што яна неадэкватная, а значыць, страціць нават рэшту ўплыву на вэртыкаль, на сілавікоў, на спэцслужбы. Захоўваючы дэкрэт, яны падліваюць алею ў агонь, бо гэтыя 2 мільёны (падумайце толькі!) у Менску і ў рэгіёнах нададуць масавым акцыям ланцуговую рэакцыю».

Казулін: палітыканства недапушчальнае, калі гаворка пра лёс краіны

Іншы былы палітвязень, экс-кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду падчас выбараў 2006 году Аляксандар Казулін лічыць, што апазыцыйным дзеячам ня варта займацца палітыканствам, спрабуючы атрымаць дывідэнды падчас выступаў праціўнікаў «дармаедзкага дэкрэту». А тым больш падбухторваць міжнародную супольнасьць да таго, каб пакараць «крывавы рэжым». Праз падобныя захады, на яго перакананьне, пацярпяць не Лукашэнка ды ягоныя «кашалькі», а ўсё тыя ж даведзеныя да адчаю людзі, якія зьбіраюцца на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў. Сытуацыя зусім ня тая, як была раней, кажа ён:

 «Тое, што пачалося прасьвятленьне ў галовах значнай часткі беларусаў, — ужо вельмі добра. А што тычыцца рэпрэсіяў, якія ўлада зноў распачынае, дык яна інакш размаўляць папросту ня можа. І гэта ўсё трэба ўлічваць тым, хто агітуе за вулічныя пратэсты. Прынамсі, пара навучыцца несьці адказнасьць за тое, куды яны людзей заклікаюць, за іх лёс, за ўсё астатняе. Тым больш што гэтыя акцыі яскрава паказалі: сярод простых беларусаў дастаткова асобаў, якіх рэальна непакоіць ня толькі свой пэрсанальны лёс, але і лёс краіны. Гэта мы ўжо ўбачылі. І калі людзі змагаюцца за свае правы, то гэта ўхвальна. Але калі да змаганьня дадаецца палітыканства, то працэс пераўтвараецца ў штосьці зусім іншае. Вось тут трэба спыніцца і разьмяжоўваць: з аднаго боку — палітыканства, зь іншага — лёс краіны і людзей. Важна канстатаваць тое, што відавочна: пратэсты арганізаваныя самімі людзьмі, не палітыкамі. І гэта прынцыпова іншая сытуацыя, калі параўноўваць з ранейшымі часамі».

Першыя міжнародныя санкцыі ў адносінах да беларускіх уладаў былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іх рэзыдэнцыяў у комплексе «Дразды». Тады краіны Эўразьвязу і ЗША склалі сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў, забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю.

У 2004-м візавыя абмежаваньні былі накладзеныя на асобаў, якіх падазравалі ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. У сьпіс трапілі чатыры сілавікі: Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. У тым жа годзе, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, да іх дадаліся старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед.

Лукашэнка: алергія на лібэралізацыю і выхаваньне пугай

У красавіку 2006-га «чорны сьпіс» быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас тагачаснай прэзыдэнцкай кампаніі. Неўзабаве за кошт судзьдзяў і пракурораў, якія асудзілі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, колькасьць фігурантаў павялічылася да 41 чалавека. Тады ж былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім».

У канцы 2008-га, у выніку абвешчанага курсу на «лібэралізацыю» і пасьля вызваленьня палітвязьняў, Эўразьвяз і ЗША ўпершыню прыпынілі на паўгода дзеяньне санкцыяў адносна 36 чыноўнікаў, была ўжытая часовая «амністыя» да «Белнафтахіму».

Аднак на пачатку 2011 году, пасьля выбараў-2010 і разгону Плошчы, Эўразьвяз і ЗША аднавілі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх функцыянэраў і дадалі ў «чорны сьпіс» новых асобаў. Абмежаваньні закранулі 158 прадстаўнікоў рэжыму ўключна з Лукашэнкам і двума ягонымі сынамі.

Цягам таго году санкцыйныя захады былі найбольш сыстэмнымі. У траўні на рашэньне Рады Эўразьвязу колькасьць неўязных чыноўнікаў вырасла яшчэ на 13 чалавек і дасягнула 189. Пад эканамічныя санкцыі падпалі кампаніі бізнэсоўца Ўладзімера Пефціева, Анатоля Тарнаўскага і Юрыя Чыжа. Агулам па выніках прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году пад санкцыямі апынуліся 227 беларускіх службоўцаў.

Год таму пастанавілі скасаваць санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонай вэртыкалі, агулам гэта закранула 170 чалавек. У ліку ізгояў засталіся Шэйман, Паўлічэнка, Сівакоў, Навумаў, да канца лютага 2018-га дзейнічае эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі.

Цяпер, пасьля хвалі рэпрэсіяў супраць удзельнікаў акцыяў «недармаедаў», чуваць заклікі зноў аднавіць міжнародныя санкцыі супраць беларускай улады.

  • Оцени статью: