Гіпакрат у касцы

Дагэтуль сярод студэнтаў лінгвістычных інстытутаў СНД ходзіць байка пра піцерскі універ. Расказваюць, што аднойчы рэктарат універа вызверыўся да такой ступені, што прымусіў прайсці ўсіх абітурыентаў медабследаванне на праверку слыху. Бедных дзяцей чэргамі ставілі ў кут кабінета ЛОРа, адкуль трэба было пачуць мармытанне доктара і ўмудрыцца ўсё паўтарыць “кропля ў кроплю”. Адно недачутае слова – ад страху ці ад хвалявання – і на перакладчыцкай кар’еры можна ставіць крыж.

… Дык парадуемся за будучых перакладчыкаў, браце і сестры! Дзякуючы распрацоўкам інжынераў біямедыцыны з’явіўся слыхавы апарат, які дазволіў шмат якім студэнтам далучыцца да вялікай і магутнай англійскай мовы!!!

Ах, доктар…

Хто быў першы біямедыцынскі інжынер, дакладна сказаць цяжка. Шэсць год таму нямецкія археолагі знайшлі на Фівах 3000-гадовую мумію, у якой да нагі быў прывязаны драўляны пратэз вялікага пальца. .даследчыкі лічаць, што гэта і ёсць прататып сучаснага пратэза, выраблены нейкім ананімам. Ішлі стагоддзі, людзі разумнелі і прыдумлялі ўсё больш усялякіх штуковін, якія аблягчаюць жыццё дактарам і пацыентам. Інакш якімі прычынамі патлумачыць вынаходніцтва таго ж Рэнэ Ленэка? У далёкім 1816-м мсье Ленэк, які ўшчэнтзадзяўбаўся прасіць прабачэння ў жаночай часткі кліентуры, вырашыў, што прыстаўляць вуха да аголеных жаночых грудзей, каб паслухаць, як б’ецца сэрца пацыенткі, неяк няёмка. “А вось прыстаўлю я да сэрцайка мадмуазэлі скручаную ў трубачку газетку – паглядзім, што з гэтага атрымаецца!” – падумаў дзядзька і натхніўся на стварэнні штукі, якая тырчыць у вушах кожнага паважанага доктара. (Штука называецца стэтаскоп.)

Дзякуй за вушы, сэрца і душу

Менавіта біяінжынеры некалі прыдумалі мыліцы (кастылі), артапедычны абутак і драўляныя ўстаўныя зубы. Сёння інжынерная думка сягнуда далей: ад стварэння электроннага стымулятара сэрца, апарата “сэрца-лёгкія”, апарата дыялізу і аж да штучных органаў, пратэзаў і скуры. І разгон пра тое, што біяінжынерыя надзвычай патрэбная ўсім людзям – чыстае вады праўда.

Узяць той жа слыхавы апарат. Большасць людзей думаюць, што кепскі слых – хвароба сталых людзей. А па статыстыцы каля 28 мільёназ амерыканцаў усіх узростаў пакутуюць на гэтую трасцу. Парушэнне слыху і хваробы з ім звязаныя сустракаюцца ў 17 з тысячы падлеткаў да 18 год! Таму стварэнне зручнага і небачнага слыхавога апарата – адзін з самых перспектыўных і патрэбных накірункаў працы біяінжынераў. Сёння шырока выкарыстоўваюцца “унутрывушныя” (In-the-Ear) апараты з цвёрдай пластмасы, абсталяваныя тэхнічнай спіралькай, якая паляпшае чутнасць пры тэлефонных размовах. Хворым прапануюць таксама “завушныя” (Behind-the-Ear) апараты, якія, зрэшты, таксама выглядаюць малаэстэтычна. У адрозненне ад лічбавых слыхавых апаратаў (Canal Aids), якія ўбудаваныя ў вушны канал (унутранае вуха) і амаль нябачныя. Ці яшчэ адно вынаходніцтва біяінжынерыі – апарат пастаўкі біяінсуліну (insulin pump), які штодня выратоўвае жыцці хворых на цукровы дыябет. Insulin pump – партатыўны прыбор, які дыябетык носіць на целе. Апарацік рэгулярна вымярае ўзровень цукру ў крыві хворага, каб аўтаматычна ўводзіць столькі інсуліну, колькі патрабуе арганізм на дадзены момант.

Ці самае “папсовае” вынаходніцтва біяінжынераў – апарат “штучнае сэрца”, пра які чулі ўсе. А тым часам штучнае сэрца штогод імплантуецца мільёнам хворых і падаўжае іх жыццё ў два (!!!) разы. І ўсё дзякуючы біяінжынерыі!

Галоўнае, таварыш, духам не сталець!

Па дадзеных міністэрства працы ЗША, колькасць працоўных месцаў у галіне біямедыцынскай біяінжынерыі да 2010 года павялічыцца на 31,4 %, што ў два разы больш за тэмпы росту іншых вакансій. Аналітыкі рынку працы тлумачаць такі факт проста: насельніцтва Злучаных Штатаў і Еўропы імкліва старэе, што абвастрае неабходнасць у сучасных медыцынскіх прыладах і сістэмах. Таму ў бліжэйшае дзесяцігоддзе аднымі з самых запатрабаваных прафесій у свеце стануць кампутарная хірургія, цэлевая (клеткавая), тканкавая і генетычная інжынерыя. Як вынікае з назвы, спецыялісты ў гэтых галінах займаюцца дызайнам прыбораў і апаратаў для прафілактыкі і лячэння хваробаў без хірургічнага ўмяшання, стварэннем кампутарных праграм, выкарыстоўваюць тэхнічны досвед для клінічных даследаванняў. У выніку атрымліваецца, што дзякуючы біяінжынерыі звычайная пластмасавая фінціфлюха ці правадок могуць замяніць скаладаныя аперацыі, падоўжыць жыццё пацыента і, нарэшце, дазволіць наладзіць пастаянны кантроль за рознымі аздараўленчымі працэсамі ў арганізме пацыента. Гіпакрату на тым свеце ікаецца ад такіх перспектыў!

Без рызыкі для здароўя

Спецыялізацыю “Біямедыцынская інжынерыя” трэба шукаць на інжынерных факах, дзе будучыя “тэхнічныя медыкі” вывучаюць інжынерныя прадметы, а таксама чыста свае: біямеханіку, дызайн біямедыцынскіх прыбораў, біямалекулярную архітэктуру, аналіз біялагічных сістэм і працэсаў, нелінейныя сістэмы ў біямедыцынскай інжынерыі, лагічны дызайн, малекулярную біяінжынерыю, сардэчную і дыхальную сістэму, біямедыцынскія прыборы, маелкулярныя біятэхналогіі і г.д.

Паколькі спецыяльнасць “Біямедыцынская інжынерыя” шалёна папулярная сярод абітурыентаў, за лепшых выкладчыкаў, найноўшыя праграмы і за лепшых студэнтаў універы ўсяго свету б’юцца бязлітасна.

Сярод “махальшчыкаў” вылучаецца амерыканскі Weldon School of Diomedical Engineering пры Purdue University i Boston University, Department of Biomedical Engineering. Навучанне ва Уэлданскай школе (Purdue University) каштуе 21 266 даляраў у год, і толькі пасля першага семестра можна падаваць на стыпуху. Бостанскі універ, які мае найбольшы працэнт замежных студэнтаў, навучае за 31 530 даляраў у год. Але з магчымасцю атрымаць стыпендыю адразу.

Значна ніжэйшыя кошты ў Каліфарнійскім дзяржаўным універсітэце - усяго 13 000 даляраў у год + стыпендыі.

У Канадзе (дарэчы, як і ў Брытаніі) пашырана магістарскае навучанне па спецыяльнасці “Біямедыцынская інжынерыя”. Сярод універаў вылучаюцца універсітэт McGill University, University of Alberta – гэтыя щстановы не пакидаюць пяцёрку лепшых ВНУ Канады. Кошт навучання складае там каля 11 068 даляраў.

У Аб’яднаным Каралеўстве на слыху University of Aberdeen і University of Dundee. Абедзьве навучальныя ўстановы запатрабуюць ад вас досыць высокі бал TOEFL (580/237) ці IELTS (6.0). Кошт навучання – каля 11 000 фунтаў за год.

Трэба ведаць, што пры наяўнасці дыплома бакалаўра ў галіне інжынерыі (незалежна ад спецыялізацыі) працэс залічэння і атрымання стыпухі значна спрашчаецца.

WEB: ведай больш

Вельмі карысны рэсурс Арганізацыі біямедыцынскай інжынерыі.

Мала таго, што талкова апісаныя ўсе вобласці медыцынскай інжынерыі (дарэчы, самая перспектыўная сёння -- тканкавая), дык яшчэ даюцца прыклады працаўладкавання і папярэджанні пра магчымыя засады. Ну і таксама шмат цікавых фактаў.

Пра стварэнне штучнай скуры (гэтай распрацоўкай ганарацца біяінжынеры ўсяго свету) можна прачытаць на www.whitaker.org. Увогуле гэта сайт фундацыі Уітэйкера, буйнейшага фундатара біямедыцынскай інжынерыі і адукацыі. Спадар Уітэйкер памёр у 1975 годзе, але перад гэтым завяшчаў сваёй жонцы распараджацца фінансамі на патрэбы любімай ім сферы дзейнасці. Зараз на сайце – поўны спіс амерыканскіх універаў з кантактамі, інфа пра гранты і стыпендыі.

  • Оцени статью: