Лукашэнка ў сытуацыі крызісу пачынае рабіць усё больш памылак

Падзеі пятніцы, суботы і нядзелі, калі ў некалькіх гарадах Беларусі працягваліся акцыі пратэсту, якім спадарожнічалі арышты лідэраў і актывістаў апазыцыі, дазваляюць зрабіць некаторыя важныя высновы пра грамадзка-палітычныя працэсы ў краіне.

Фото Радыё Свабода

1. Рашэньне Лукашэнкі аб прыпыненьні рэалізацыі дэкрэту аб дармаедах не спыніла пратэставага руху, ня зьбіла актыўнасьці людзей у рэгіёнах. Што толькі пацьвердзіла здагадку, што дэкрэт «аб дармаедах» стаў толькі дэтанатарам, каталізатарам, спускавым кручком шырокага незадаволеньня ў грамадзтве сацыяльна-эканамічным станам. Магчыма нават, што частковае адступленьне ўладаў наадварот, натхніла людзей, зрабілі іх больш сьмелымі.

2. Беларускае грамадзтва пазбаўляецца ад «сындрому Майдану», то бок страху перад забурэньнямі ў выніку вулічных акцый.

3. Падзеі лютага-сакавіка сталі канцом ідэалягічнага канструкту пра знакамітую беларускую стабільнасьць.

4. Эканамічны крызыс перарос у сацыяльны. Адбываецца хутка грамадзкае абуджэньне і палітызацыя насельніцтва, чаго ўлады імкнуліся пазьбегнуць нават падчас выбарчых кампаніяў.

5. Лукашэнка, выступаючы на нарадзе 9 сакавіка, заявіў, што дэкрэт № 3 «не зьяўляецца ні эканамічным, не фінансавым», «гэта ідэалягічны, маральны дэкрэт». То бок ён прызваны быў прымусіць дармаедаў працаваць і тым самым аднавіць сацыяльную справядлівасьць. Але парадаксальным чынам усё адбылося з дакладнасьцю да наадварот. Гэты дакумэнт як раз ударыў па маральным аўтарытэце ўладаў і па Лукашэнку, ў прыватнасьці, спарадзіў этычны крызыс у адносінах паміж дзяржаваю і народам. Бо абʼяўляць дармаедамі людзей, якія апынуліся ў бядзе, бяз працы, ды яшчэ прымушаць іх плаціць за гэта штраф, насельніцтва палічыла дзікай несправядлівасьцю. А несправядлівасьць улады — гэта ідэалягічная дамінанта любой рэвалюцыі.

6. Тое, што рэй вулічных акцыяў вядуць рэгіёны, а не адна сталіца, як было раней, сьведчыць пра агульнанацыянальны характар беларускага крызысу. Ён закрануў усіх.

7. Затрыманьні, часам прэвэнтыўныя, лідэраў і актывістаў апазыцыі сьведчаць пра канец таго пэрыяду лібэралізацыі, які цягнуўся зь лета 2015 г. Сілавыя структуры выконваюць загад Лукашэнкі адсекчы «майданутых» ад шараговых удзельнікаў акцыяў. Аднак улады пакуль унікаюць масавых «хапуноў», «зачыстак», як тое было пасьля 19.12.2010 г. ці падчас кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» (2011 г.) зь некалькіх прычынаў.

Па-першае, у правінцыі, раённых цэнтрах можа элемэнтарна не хапіць міліцыянтаў для такіх зачыстак.

Па-другое, уладам ня хочацца псаваць адносіны з Захадам у момант, калі ідуць перамовы аб крэдыце МВФ.

Па-трэцяе, і гэта галоўнае, масавыя рэпрэсіі супраць шараговых пратэстоўцаў будуць нэгатыўна ўспрынятыя большасьцю насельніцтва.

І гэта шматкроць узмоцніць ідэю несправядлівасьці ўлады, разбурыць яе легітымнасьць.

8. Лукашэнка, апынуўшыся ў сытуацыі крызысу, пачынае рабіць усё больш памылак. Паўмера (прыпыненьне рэалізацыі, а не адмена дэкрэту аб дармаедах) ня вельмі дапамагла яму зьберагчы аблічча, а зь іншага боку, пацьвердзіла, што ўлада памылілася, што людзі, якія пратэстуюць, маюць рацыю, што рэжым не такі моцны і страшны, як уяўлялася. Да таго ж гэтае рашэньне паставіла ў недарэчную сытуацыю тых людзей, якія спужаліся і ўжо заплацілі падатак «на дармаедзтва».

Падаецца, Беларусь уступае ў нейкі новы, яшчэ не зусім зразумелы этап сваёй гісторыі

А чаго вартыя загады «кроў з носу» давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў ці ліквідаваць да 1 траўня беспрацоўе ў краіне? На нарадзе 9 сакавіка Лукашэнка загадаў прыцягнуць да рэалізацыі гэтага дэкрэту ня толькі адміністрацыю прэзыдэнта, урад, але і кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі. «Прыцягнуць трэба ўсіх: дэпутатаў мясцовых саветаў, міліцыю, участковых, спэцслужбы», — заявіў ён. То бок увесь дзяржаўны апарат мабілізаваны на ўвесь год на выкананьне гэтага дакумэнту. Усё дзяржаўнае кіраваньне арыентаванае на вырашэньне адной задачы. Усе астатнія справы закінутыя. Параліч дзяржаўнага апарату падчас крызысу — справа ня толькі неразумная, але і небясьпечная.

9. Апазыцыя зноў ператвараецца ў субʼект палітыкі. Як піша намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў, «упершыню за многія гады дэмакратычная апазыцыя аказалася па адзін бок барыкадаў з большасьцю беларусаў, і гэта ўнікальная сытуацыя».

10. Крызыс беларускай сацыяльнай мадэлі цяпер падмацоўваецца ня толькі сухімі статыстычнымі паказьнікамі, але ўжо і публічнай дэманстрацыяй шырокага незадаволеньня насельніцтва. Што, дарэчы, парадаксальным чынам можа стаць штуршком для рынкавых рэформаў. Бо пакуль народ маўчаў, Лукашэнка мог кіравацца прынцыпам: не будзі ліха, пакуль ціха. Цяпер жа рызыкі ад захаваньня статус-кво ўжо зраўняліся з рызыкамі ад магчымых рэформаў.

Падаецца, Беларусь уступае ў нейкі новы, яшчэ не зусім зразумелы этап сваёй гісторыі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 8
  • Балл: 5