«Галоўнай пагрозай для Лукашэнкі могуць стаць расейскія дывэрсанты, замаскіраваныя пад беларусаў» — украінскі экспэрт

Украінскія палітолягі: заява Лукашэнкі пра Майдан разьлічана на ўнутраны рынак і не паўплывае на двухбаковыя дачыненьні.

Выканаўчы дырэктар Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» (Кіеў) Аляксандар Лявонаў мяркуе, што сёньняшняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра Майдан ды «майданутых» разьлічана выключна на ўнутраную інфармацыйную прастору і не паўплывае на міждзяржаўныя беларуска-ўкраінскія дачыненьні.

«Гэтая заява мае ярка выражаны ўнутраны характар і накіравана на беларускіх грамадзян. Ва Ўкраіны свае задачы і праблемы. Так, сапраўды, Майдан — гэта ўжо частка нацыянальнага міту, на якім будуецца фактычна новая Ўкраіна, бо раней гаворка ішла пра паразы і пакуты, а цяпер выбудоўваецца новы нацыянальны міт, заснаваны на пераможных момантах, і Майдан — адзін зь іх», — мяркуе Аляксандар Лявонаў.

Ён перакананы, што заявы кіраўніка беларускай дзяржавы, заснаваныя на расейскіх прапагандысцкіх мітах пра ўкраінскі Майдан, ёсьць адказам на павелічэньне пратэстных настрояў у беларускім грамадзтве, зьвязаных з акцыямі пратэсту супраць падатку на дармаедзтва.

На думку яшчэ аднаго ўкраінскага палітоляга Аляксандра Палія, такія заявы Аляксандра Лукашэнкі сталі вынікам ягонага усьведамленьня пэўных рызыкаў для захаваньня поўнага кантролю над сытуацыяй у краіне.

«Лукашэнка разумее, што час татальных забаронаў на публічную актыўнасьць мінае і што ён ня зможа ўсё пракантраляваць, таму ён хоча ўзяць усё пад поўны кантроль праз арганізацыю своеасаблівых «гайд-паркаў» у буйных гарадах. Адсылка да досьведу Майдана — рытуальная, таму што на самой справе галоўнай пагрозай для яго найбліжэйшым часам могуць стаць расейскія дывэрсанты, замаскіраваныя пад беларусаў», — мяркуе Аляксандар Палій.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3.5