Ці будуць нарастаць «дармаедзкія» пратэсты?

Ці будуць нарастаць пратэсты супраць дэкрэту № 3? Ці будзе ўлада вымушаная адмяніць гэты дэкрэт? Навошта Аляксандар Лукашэнка зьвязаў гэтыя пратэсты з тымі, хто прэтэндуе на беларускія землі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітычныя аглядальнікі Аляксандар Класкоўскі і Паўлюк Быкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Марш «недармаедаў» у Берасьці, 5 сакавіка 2017 году. Фота: Радыё Свабода

Цыганкоў: У Менску пратэсты супраць так званага «дэкрэту аб дармаедах» прызначаныя на 15 і 25 сакавіка. Давайце паспрабуем прааналізаваць, у якой форме і зь якой ступеньню масавасьці будуць адбывацца далей гэтыя пратэсты? Ці ёсьць у іх патэнцыял для росту, альбо яны могуць, як гэта нярэдка бывала ў сучаснай беларускай гісторыі, даволі хутка вытхнуцца?

Класкоўскі: Мяч сёньня на баку ўладаў. Трэба глядзець у корань, і разумець, што штуршком і імпульсам для гэтых пратэстаў стаў дубовы, непрадуманы, няўдалы, палітычна непісьменны дэкрэт. Не пралічылі ступень раздражнёнасьці народу, які бяднее трэці год запар.

І цяпер самым простым рашэньнем было б скасаваць гэты дэкрэт. Гэта было б праявай сілы ў кіраўніка краіны. Але я мяркую, што ў афіцыйнага лідэра ёсьць свае меркаваньні на гэты конт. І гэта вынікае ня толькі з асаблівасьцяў натуры Лукашэнкі, бо любы аўтарытарны лідэр баіцца падацца слабым і не "адкручвае «нават тады, калі трэба было б. І таму, дарэчы, і адбываліся многія рэвалюцыі. Таму калі сёньня-заўтра з боку ўладаў ня будзе зроблена ніякіх крокаў — пратэсты будуць разьвівацца.

Цыганкоў: Якія прычыны для ўлады адмяняць дэкрэт № 3? Калі яна, бачачы ўсе наступствы, дагэтуль яго не адмяніла? Толькі боязь перад масавымі пратэстамі?

Класкоўскі: Улады ўжо падкарэктавалі дзеяньне дэкрэту, і зараз хочуць паглядзець, ці будзе эфэкт. Часткова, я думаю, ім удалося расьцерушыць пратэсты. Бо частка людзей, замест таго, каб ісьці на вуліцы, пайшлі ў выканкамы і там даводзяць, што ня трэба зь іх зьдзіраць гэтыя грошы. Так што пакуль пэўная паўза, і мне здаецца, Лукашэнка вагаецца.

Разам з тым, ёсьць пэўны момант эўфарыі, ледзьве не «беларуская рэвалюцыя». Насамрэч, калі цьвяроза прааналізаваць, можна адзначыць, што маштаб пратэстаў пакуль непараўнальны з тым, што было ў 90-я гады. Можна ўзгадаць і маўклівыя акцыі 2011 году. Бачна, што часам і апазыцыя элемэнтарна не пасьпявае — у Віцебску, напрыклад, акцыя была проста пушчаная на самацёк. Улада мае досьвед, калі сыходзілі ў пясок, здавалася б, ад пачатку дастаткова грозныя пратэсты — прадпрымальнікаў ці тая ж «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».

Быкоўскі: Я ня думаю, што магчыма прагназаваць працягласьць пратэстаў — пакуль што яны маюць пэўную энэргію для разьвіцьця. Улада пасьля таго, як унесла зьмены ў дэкрэт № 3, скіравала адказнасьць за вырашэньне праблемы на мясцовы ўзровень. І мясцовыя выканаўцы мусяць уваходзіць у сытуацыю канкрэтнага чалавека і вырашаць, ці браць зь яго гэты збор. Пры жаданьні ўлада можа цалкам зьняць праблемы адбіраньня гэтага збору зь небагатых людзей.

У цэлым рабіць прагнозы у такой сыстэме, дзе шмат гульцоў, у іх супярэчлівыя інтарэсы і яны ня хочуць дзейнічаць салідарна, — я лічу, ня варта.

Цыганкоў: Лукашэнка ў сувязі з пратэстамі дармаедаў заявіў: «Сёньня некаторыя пад выглядам «дармаедзтва», яшчэ чагосьці спрабуюць гэтую лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта ня нашы зямлі, а нечыя. Таму для нас гэта вельмі актуальна. «Дармаеды» павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёньня выкарыстоўваць у самых карысьлівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсьць, зьнішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, каб ня даць нам замацавацца. І яны будуць выкарыстоўваць усё». Па-вашаму, ці сапраўды Лукашэнка так думае, ці гэта проста прапагандысцкі ход, каб адвесьці ўдар ад сябе і паўплываць на пратэсты?

Класкоўскі: Гэтае выказваньне Лукашэнкі мяне толькі сьцьвердзіла ў выснове, што адпаведны тэзіс («гэта рука Масквы, ня трэба разгойдваць лодку, бо Пуцін на танку прыедзе і навядзе свой парадак) — гэта такая напрацоўка праўладных ідэолягаў, і магчыма, спэцслужбаў.

Увогуле сам вобраз «пятай калёны» — гэта клясыка жанру. 20 гадоў казалі, што гэта падступны Захад тут хоча «каляровую рэвалюцыю», Майдан, Плошчу замуціць, каб скінуць наш самы прагрэсіўны ў сьвеце лад. Але цяпер з Захадам мір і дружба, і таму прапаганда памяняла геапалітычны вэктар — але толькі намёкамі. Бо паводле афіцыйнай міталёгіі ў нас братэрства з Расеяй. А тут трэба рабіць алюзіі, што менавіта з-за ўсходняй мяжы нам пагражае небясьпека. Але гэта тая самая матрыца — зрабіць тых, хто выступае супраць улады і пратэстуе супраць яе дурной палітыкі, агентамі нейкіх замежных сілаў.

Цыганкоў: Але ў 2015 годзе гэта ў пэўным сэнсе згуляла — год ішлі дыскусіі сярод апазыцыйных палітыкаў і аналітыкаў, і супольна вырашылі, што Плошча на прэзыдэнцкіх выбарах не патрэбная.

Класкоўскі: Тут быў момант гульні. У апазыцыі проста не было пораху, не было сілаў, уплыву на масы — яны не зрабілі б Плошчу, нават калі б захацелі. Таму гэтая дыскусія дапамагла прыгожа «сысьці з гульні».

Пакуль жа няма ніякіх сымптомаў, прыкметаў, што нейкая рука Масквы прасочваецца ў гэтых пратэстах. Нават у Віцебску, дзе панавала поўная свабода — бяры мікрафон і кажы, што хочаш — ніхто ня выйшаў і ня стаў заклікаць Пуціна на танку. Група маргіналаў спрабавала крычаць «Слава Расеі», але ніхто не падтрымаў. Няма пакуль ніякіх прарасейскіх сілаў за гэтымі пратэстамі — увогуле гэта ня тая сытуацыя, калі можна рэалізаваць данбаскі сцэнар.

Цыганкоў: Ці ўдасца Лукашэнку такой простай рытарычнай фігурай паўплываць на масавасьць пратэстаў? Людзі пачуюць яго і задумаюцца: «ня пойдзем пратэставаць супраць свайго «дармаедзтва», бо гэта прынясе шкоду Радзіме»?

Быкоўскі: Я ня думаю, што гэта можа працаваць для шырокіх масаў. Але гэта можа працаваць для палітычнай эліты, якая можа разважаць у такіх катэгорыях. Яшчэ да выказваньня Лукашэнкі можна было пачуць, як некаторыя беларускія дзеячы разважалі на гэты конт, і шукалі «руку Масквы».

Але пытаньне ня ў тым, што ёсьць нейкія лялькі, якімі кіруюць з Усходу ці Захаду. Ёсьць людзі, у якіх узьнікла праблема, якія хочуць вырашыць сваю праблему, выказаць свае эмоцыі, патрабаваньні да ўлады. Іх ня моцна хвалюе, хто і як быццам бы хоча іх выкарыстаць. Яны хочуць дасягнуць сваёй мэты. А спосабы яе вырашэньня пакуль не прапануе ані ўлада, ані апазыцыя.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4