«Океан Ельзи» як нацыянальная тэрапія

Тры гадзіны высокапрафесійнага музычнага рок-задавальнення ад харызматычнага Святаслава Вакарчука. Увесь суботні вечар 10 снежня Мінск-Арэну хістала ад эмоцый, а над залай луналі жоўта-блакітныя сцягі.

Святаслаў Вакарчук тройчы выходзіў на біс. «Нам самім спадабаўся канцэрт, мы запомнім яго надоўга, а, можа, нават на ўсё жыццё», — прызнаўся саліст О.Е.

Слава Вакарчук не проста перадае песні ў студыйным гучанні — ён гуляе з рытмамі і мелодыямі, файна імправізуе. Не дае засумаваць сабе, трымае ў тонусе публіку. Гэта не проста сучасныя кампазіцыі — яны ідуць каранямі ў фальклёр, у нацыянальную глыбіню, адгукаюцца на генетычным узроўні, западаюць, спяваюцца нутром нават па канцэрце.

Магія

Святаслава Вакарчука можна параўнаць з вітрувіянскім чалавекам Леанадра да Вінчы, калі казаць пра кананічнасць яго рухаў і энергетычны ўзаемаабмен з публікай. Найчасцей яго жэсты і рукі выглядаюць акурат, як на карціне — то раскінутыя, як крылы, альбо пастава, як укрыжаваная, з раскінутымі рукамі і нагамі — праз якую, ці не фізічна адчуваецца, курсіруе энергія.

Магія і ў тым, што ў яго атрымліваецца звярнуцца да кожнага — адрасна, індывідуальна. І кожны тужыць па сваім страчаным і адраджае запаветную веру — у каханне і свабоду, слухаючы «Не твая війна», «Друг», «Стіна» альбо «Зелені очі», «Мить», «Без бою». І ўсе свае чаканыя хіты прагучалі гэты разам і ў Менску, на радасць сталічнай публіцы.

Невыпадкова яшчэ перад канцэртам саліст О.Е. заўважыў, адказваючы на пытанні журналістаў, што для яго перадусім — гэта энергетычная гармонія. А шчырасць — гэта і ёсць праўда, якая, верыць артыст — адна, толькі часам мы глядзім на яе пад рознымі ракурсамі.

Яго песні, нібыта створаныя з улікам прынцыпу «залатога сячэння», залатога сячэння на сэрцы сучаснага чалавека, чулага да чужого гора, да гора бліжняга, неабыякавага да любові і свабоды. Вакарчук быў бы ідэальным выканаўцам самых балючых вершаў Купалы, каб нарадзіўся беларусам. Бо Вакарчук спявае болем.

Нацыянальная тэрапія

Слава Вакарчук — нацыястваральны музыка. Але ў беларусаў няма свайго Вакарчука. Як казаў Максім Багдановіч пра Дуніна-Марцінкевіча, што той мае больш гістарычнае, а не мастацкае значэнне. Так можна сказаць і пра многіх нашых папулярных рок-музыкаў. З усіх нашых сучаснікаў толькі творы Уладзіміра Мулявіна спяваў свет. Толькі ён быў вядомы і любімы далёка за межамі краіны. Ён быў прафесіянал. Яго песні былі знутры беларускага этнасу і душы.

Кульмінацыя канцэрту О.Е. было выкананне песні «Міть» («Імгненне»), якую Вакарчук прысвяціў забітаму ў Кіеве беларускаму журналісту Паўлу Шарамету.

«У мяне ёсць знаёмыя ў Беларусі, яны добрыя людзі, здараецца, мы бавім час разам. У мяне быў адзін такі брат па духу, сапраўдны сын беларускай зямлі, якога паважаюць і любяць ва Украіне — Паша Шарамет, якому я хачу пасвяціць гэтую песню Людміла Станіславаўна, мы ўсе з Вамі, і дзякуй Вам за сына».

Вакарчук плакаў, ён адвярнуўся ад залі на некалькі імгненняў, выціраючы слёзы (да слова, на іншых канцэртах такога не адбывалася). Залю па ўсім перыметры асвятлялі знічы, якія трымалі людзі. Гэта пераварочвала і заварожвала. Пасля выканання зала ўстала на знак памяці. Некаторыя плакалі.

Будзем шчырымі, беларусам бракуе такога маштабу падзей і асобаў, высокіх ідэйных прафесіяналаў, на якіх бы трымалася нацыянальная ідэя — і часткова таму многія з нас так упарта трымаюцца за тых самых украінскіх выканаўцаў. У прыватнасці за Славу Вакарчука. Бо і ў нас так магло б быць.

І радуемся за яго часам ці не больш, чым ад сваіх. І атрымліваем — 200 адсоткавую перазагрузкі ад канцэпту ў выніку. Бо няма ніякіх “але”. Ён трымае публіку, голас не зрываецца. Яго любіш, а не шкадуеш. За такім хочацца ісці. Мы чакаем яго песень, і чакаем яго гастроляў.

Гэта свайго роду нацыяльная тэрапія. Мы сублімуем не пройдзеную сваю вайну і завершаны гештальт плошчы.

Беларускія аншлагі на канцэртах «Океана Ельзи» акурат і ёсць паказнікаў сітуацыі ўнутры краіны. Гэта найлепшая зброя супраць усходняй прапаганды. І мая фрэндстужка ў дзень канцэрту — таму яшчэ адно маленькае, але пацверджанне. Гэта шчырая любоў — а за тое, што любіш шчыра пойдзеш пры любых раскладах. І з гэтага варта рабіць высновы — і нашым палітыкам, і музыкам, і пісьменнікам. Усім нам. Вельмі хочацца, каб і нашы змаглі сабраць Арэну і разгайдаць яе, і запаліць знічы, і ўзгадаць імёны тых, хто больш не сказажа за сябе, і ўзняць свой сцяг, як зрабіў гэта ў Менску Слава Вакарчук.

  • Оцени статью: