Калі пачнуцца суды над дармаедамі

Два дні, як скончыўся тэрмін аплаты так званага “падатку на дармаедства”. Своечасова гэты збор аплацілі толькі 54 тысячы чалавек, пры тым, што падаткавікі даслалі звыш 400 тысяч паведамленняў. Што далей?

Фота: Еўрарадыё

Пеня за кожны пратэрмінаваны дзень ― 16 капеек. Далей ― горш,  неплацельшчыкам пагражае складанне пратаколу і суд. Суд можа альбо налічыць ад 2 да 4 базавых штрафу (сёння гэта ад 46 да 92 рублёў), альбо прысудзіць адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. З абавязковым прыцягненнем да “грамадска карыснай працы”.

Всех не пересажают: стоит ли ожидать массовых арестов тунеядцев

Калі чакаць судоў над тымі, каго дзяржава палічыла “дармаедамі”? Звяртаюся з такім пытаннем у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па Чашніцкім раёне.

“Такую інфармацыю я не магу вам паведаміць”, ― адказвае начальнік гэтай інспекцыі Алена Фадзеева.

Еўрарадыё: Але ж так пеня налічвацца можа і месяц, і год ― няўжо няма нейкіх абмежаванняў па тэрмінах?

Алена Фадзеева: Дык нават калі справа будзе перададзеная судовым выканаўцам, то пеня будзе налічацца ― гэта ж не з’яўляецца падставай для спынення налічэння пені. Пеня перастае налічвацца, калі падатковае абавязальніцтва выкананае”.

Не дае адказу Еўрарадыё на пытанне, калі падаткавікі пачнуць перадаваць справы ў суд, і намеснік начальніка Інспекцыі МПС па Хойніцкім раёне Сяргей Аніскавец: “На сёння пакуль мы не перадаём”.

Еўрарадыё: А калі пачняце перадаваць?

Сяргей Аніскавец: Я магу сказаць толькі тое, што ёсць на сёння…

Еўрарадыё: Але ж трэба людзей папярэдзіць ― колькі ў іх ёсць часу да моманту, калі можа наступіць адміністрацыйная адказнасць!

Сяргей Аніскавец: Я ж кажу: я магу казаць толькі пра тое, што на сёння ёсць. А на сёння мы ніякіх мер не прымаем.

Еўрарадыё: Дык пеня такім чынам і год можа “капаць”!

Сяргей Аніскавец: Я не магу гэта сказаць. Сёння ў нас якое? 22 чысло. Я на сёння вам кажу. А праз паўгода, там… невядома што можа быць.

Няма адказу і ў начальніка інспекцыі па Лунінецкім раёне Аляксандра Дуньчыка.

“Усё, што трэба, мы сваім грамадзянам даводзім праз мясцовыя СМІ. Таму, не хвалюйцеся! Мы з улікам інтарэсаў грамадзяніна працуем”, ― бадзёрым голасам адказвае мне начальнік лунінецкіх падаткавікоў.

Еўрарадыё: На сёння хоць на аднаго чалавека падрыхтавалі дакументы ў суд?

Аляксандр Дуньчык: Нічога я больш не скажу!

Тое ж чую і ад начальніка Інспекцыі МПС па Глускім раёне Руслана Іларыёнава. Што праўда, тут мне кажуць, што пеню… не налічваюць.

“Пеня ніякая не налічваецца. Мы чакаем тлумачэнні. Людзі звяртаюцца, асобных вызваляем, і таму ніякай пені там не будзе. Пеня будзе толькі па рашэнні суда”.

У выніку такіх тлумачэнняў я канчаткова заблытваюся. Можа, хоць у самім Міністэрстве па падатках і зборах патлумачаць, як будуць дзейнічаць іх структуры на месцах?

“Сёння ў падатковых органах назапасілася дастаткова вялікая колькасць зваротаў наконт таго, хто не будзе удзельнічаць у фінансаванні бо ў яго льготы. Райвыканкамы разглядаюць гэтыя пытанні і таму цяпер вядзецца менавіта гэтая праца. Вось гэтай працай займаюцца дзяржаўныя органы ў першую чаргу ― гэта асноўная задача”, ― адказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе міністэрства.

Што ж рабіць тым, хто падатак не заплаціў і дармаедам сябе не лічыць? Пісаць звароты падаткавікам, у райвыканкамы ды аблвыканкамы, а то і ў прэзідэнцкую адміністрацыю з патрабаваннем вызваліць іх ад выплаты гэтага збору, раіць юрыст РЭП Юрый Белякоў. Дадаваць чыноўнікам працы і зацягваць справу. Па словах юрыста, калі  цягам шасці месяцаў ад моманту атрымання позвы з падатковай інспекцыі вы не атрымаеце позву ў суд, справа ваша становіцца “непадсуднай”, а вы нічога і нікому не павінны.

Белорусы, потерявшие работу, перестали бояться государства

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4.2