Канстытуцыйная рэформа: што хоча прапанаваць улада і што патрэбна людзям?

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з галоўным рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам зноў заявіў пра неабходнасьць перагледзець шэраг артыкулаў Канстытуцыі Беларусі.

«Я выказаў сваю думку, што «вэртыкаль» як форма кіраваньня дзяржавай патрабуе карэннага рэфармаваньня. У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу на тое, што настаў час перагляду некаторых артыкулаў Канстытуцыі», — расказаў Ёсіф Сярэдзіч падрабязнасьці размовы ў сваёй калёнцы ў «Народнай волі».

Пра якія зьмены ў Канстытуцыю цяпер гаворыць ўлада, і што наконт гэтага думаюць у апазыцыі?

Чавусаў: Нас чакаюць выключна касмэтычныя захады

Палітоляг Юры Чавусаў сфармуляваў свае меркаваньні пра тое, чаго варта  чакаць ад словаў Аляксандра Лукашэнкі пра канстытуцыйную рэформу.

Юры Чавусаў

 «Найперш варта разьвесьці пытаньні аб правядзеньні рэфэрэндуму па зьменах у Канстытуцыю і аб правядзеньні канстытуцыйнай рэформы. Бо ня ўсе артыкулы Канстытуцыі вымагаюць рэфэрэндуму.

Напрыклад, той разьдзел, які тычыцца выбарчай сыстэмы. Там замацаваная норма пра адкліканьне дэпутата, якая быццам бы перашкаджае ўвесьці прапарцыйную ці зьмешаную выбарчую сыстэму. Дык акурат гэтая норма можа быць проста зьмененая рашэньнем парлямэнту.

І тое, што Лукашэнка заявіў пра канстытуцыйную рэформу на сходзе новаабранай Палаты прадстаўнікоў, а не на Ўсебеларускім народным сходзе, які адбыўся летась, сьведчыць пра тое, што, хутчэй за ўсё, гаворка пра ўнясеньне тых зьменаў, якія рэфэрэндуму не вымагаюць.

Гэта можа быць норма аб адкліканьні дэпутатаў, альбо норма, датычная ўпарадкаваньня мясцовага самакіраваньня, ды інш. Прыкладам, у нас у Канстытуцыі дагэтуль ёсьць такая дзіўная ўзгадка пра старшыню Гаспадарчага суду, які павінен прысутнічаць пры інаўгурацыі прэзыдэнта. Між тым прэзыдэнт ужо даўно сваім указам скасаваў сыстэму гаспадарчых судоў.

Вось, як мне падаецца, нас чакаюць такога кшталту касмэтычныя захады. Вядома, у любой канстытуцыйнай краіне, дзе Канстытуцыя сапраўды дзейнічае, гэта былі б значныя зьмены. Але ў Беларусі, дзе Канстытуцыя насамрэч — дэкарацыя аднаасобнай улады, зьмены ня будуць істотнымі. Хутчэй гэта будзе ўпарадкаваньне дэкарацыяў, каб яны лепей камуфлявалі аднаасобную ўладу.

Што да больш грунтоўных зьменаў, дык мне здаецца, што дыскусіі вакол гэтага, напэўна ж, справакаваныя словамі прэзыдэнта пра неабходнасьць вывучэньня пытаньняў канстытуцыйнай рэформы.

Але я нагадваю, што гэта не ўпершыню пачынаюць гаворку пра неабходнасьць дзяржаўнага рэфармаваньня. У 2012 годзе нават была створаная дзяржаўная камісія на чале з Кабяковым і Пяткевіч, якая таксама вывучала пытаньні палітычнай рэформы і рэформы органаў дзяржаўнай улады.

Але вынік працы гэтай камісіі быў, скажам гэтак, невялікі. Гаварылася пра нейкае скарачэньне штатаў, але абышлося тым, што скарацілі штаты за кошт скарачэньня незапоўненых вакансіяў. То бок не атрымалася абвешчанай рэформы палітычнай сыстэмы.

І цяпер зноў, як мне падаецца, будзе такі ж вынік».

Грыб: Галоўнае, ад чаго варта адмовіцца ў Канстытуцыі, — ад прэзыдэнцкага ладу

У 1994 годзе Мечыслаў Грыб як старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі паставіў подпіс пад першай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якую тады прынялі і на падставе якой праз год быў абраны прэзыдэнтам краіны Аляксандар Лукашэнка. Паводле Мечыслава Грыба, прамінулы час паказаў тупіковасьць для Беларусі прэзыдэнцкай формы кіраваньня. Мечыслаў Грыб прапануе ад яе адмовіцца.

Мечыслаў Грыб

«Канстытуцыйную рэформу, на маю думку, трэба пачынаць з адмовы ад артыкулаў, якія былі ўнесеныя на падставе рэфэрэндуму 1996 году, пасьля якога распусьцілі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня і стварылі Нацыянальны Сход. Бо гэта быў дарадчы рэфэрэндум, а значыць, зьмены ў Канстытуцыю ўнесеныя нелегітымнай уладай. Гэта ж тычыцца і зьменаў пасьля рэфэрэндуму 1995 году, а таксама рэфэрэндуму 2004 году, калі Лукашэнка атрымаў права абірацца на пасаду прэзыдэнта колькі захоча разоў.

То бок трэба спачатку вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, і тады ўносіць у яе зьмены, пра якія жыцьцё пацьвердзіла, што яны неабходныя. Найперш прапанаваў бы адмовіцца ад прэзыдэнцкай улады, бо, на маю думку, гэтая мадэль дзяржаўнага ладу паказала сваю тупіковасьць у Беларусі. Трэба як найхутчэй пераходзіць да парлямэнцкай рэспублікі.

Але парлямэнт павінен абірацца па зьмешанай сыстэме, калі частка яго абіраецца праз партыйныя сьпісы — гэтак мы зможам уцягнуць у палітычнае жыцьцё праз партыі значна большую частку грамадзтва.

Асобны блёк канстытуцыйных рэформаў павінен тычыцца таго, як прызначаецца вышэйшая ўлада ў краіне: каб генэральны пракурор абіраўся парлямэнтам і быў яму падпарадкаваны, каб абіраліся судзьдзі, каб мясцовыя ўлады абіраліся мясцовым насельніцтвам, а не прызначаліся адным чалавекам, як цяпер, калі яны ад мясцовых зусім не залежаць.

На маю думку, гэтыя рашучыя зьмены прыйдзецца рабіць, бязь іх мы не прасунемся наперад па шляху разьвіцьця дэмакратычнага ладу, а значыць, і дабрабыту людзей.

Што да таго, на якія зьмены ў Канстытуцыі можа пайсьці Аляксандар Лукашэнка, дык пакуль рана нешта пэўна прадбачыць, але наўрад ці могуць быць істотныя зьмены», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

Пастухоў: Будуць ствараць бачнасьць дэмакратычнага шляху разьвіцьця

«Першыя прапановы аб зьменах Канстытуцыі, на якія можа пайсьці Лукашэнка, — гэта тое, што агучыў лідэр ЛДПР Сяргей Гайдукевіч. Што будзе павялічаны тэрмін прэзыдэнцкай улады з 5 да 7 гадоў і павялічаны тэрмін дзеяньня парлямэнту — з 4 да 5 гадоў. Але сутнасьці гэта не зьмяняе. Між тым гаворка ідзе ўжо пра больш-менш сур’ёзную рэч — пра неабходнасьць нібыта дэмакратычнай перадачы ўлады, — мяркуе  былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Міхаіл Пастухоў

Таму мяркую, што Лукашэнка можа абраць варыянт, па якім ужо паспрабавалі ісьці Армэнія, магчыма, Казахстан — перайсьці ад прэзыдэнцкага ладу кіраваньня да парлямэнцкай рэспублікі, у якой прэзыдэнта абірае парлямэнт. Такі варыянт у нас магчымы таксама.

На пытаньне, ці мае ўвогуле хоць нейкае значэньне цяперашняя Канстытуцыя — можа, лепш прыняць новую, — я б адказаў гэтак: уладзе трэба на нешта абапірацца, каб казаць пра сваю легітымнасьць, таму яна будзе спрабаваць рэфармаваць Канстытуцыю, а не перапісваць яе зноў. Будзе рабіцца выгляд дэмакратычнага шляху разьвіцьця. Але пра рэальнае разьвіцьцё, як і пра палітычныя рэформы, яшчэ казаць зарана», — сказаў Міхаіл Пастухоў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3.5