«Як войскі будуць ўведзеныя, так роўненька адсюль і пойдуць», — што будзе на манэўрах «Захад-2017» і пасьля іх

У Беларусі і сьвеце расьце занепакоенасьць маштабнымі вайсковымі вучэньнямі расейскіх і беларускіх узброеных сілаў на тэрыторыі Беларусі пад назвай «Захад-2017».

Фото: AFP

Вучэньні — падрыхтоўка да вайны

Учора прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што краіны Балтыі будуць дамагацца дадатковых захадаў бясьпекі ад ЗША і NATO ў сувязі з гэтымі вучэньнямі, якія носяць агрэсіўны характар.

«Мы бачым, што рызыкі ўзрастаюць. Мы занепакоеныя вучэньнямі „Захад“ у 2017 годзе, у час якіх будуць разгорнуты вялікія і агрэсіўныя войскі ўздоўж нашых межаў, што дэманстратыўна будуць рыхтавацца да вайны з Захадам», — заявіла Грыбаўскайце 9 лютага пасьля сустрэчы з прэзыдэнтамі Эстоніі і Латвіі ў Рызе.

Краіны Балтыі — Літва, Латвія і Эстонія — асьцерагаюцца магчымай агрэсіі Расеі пасьля анэксіі Масквой ўкраінскага Крыму, акупацыі часткі Данбасу і падтрымкі там сэпаратыстаў.

Тэрмін і маштаб вучэньняў — ваенная тайна

Пра тое, што ў 2017 годзе ў Беларусі пройдуць сумесныя з Расеяй вайсковыя манэўры «Захад-2017» як пра пэўны факт летась паведамілі афіцыйныя крыніцы, але дагэтуль няма афіцыйных удакладненьняў, дзе і калі адбудуцца манэўры, у якім маштабе, які будзе іх сцэнар.

Пра тое, што манэўры «Захад-2017» адбудуцца сёлета, паведамляе афіцыйны сайт Мінабароны Беларусі, але без падрабязнасьцяў.

«У цяперашні час Генэральным штабам вядзецца распрацоўка і ўзгадненьне пытаньняў правядзеньня сумесных стратэгічных манэўраў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі «Захад-2017», — гаворыцца ў інфармацыі, прысьвечанай угодкам стварэньня Генштабу Беларусі.

У другім паведамленьні, пра сумесную калегію міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, якая прайшла летась у сьнежні, таксама згадваюцца манэўры «Захад-2017», але зноў жа без падрабязнасьцяў.

Яшчэ два месяцы таму на сайце была кароткая інфармацыя, што манэўры «Захад-2017» адбудуцца восеньню. Але цяпер у Мінабароны гэтага не пацьвярджаюць.

«Сачыце за сайтам, пра манэўры мы ўсё паведамім», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў прэсавай службе Мінабароны.

4162 чыгуначныя вагоны расейскага войска

Для ўдзелу ў манэўрах «Захад-2017» у Беларусь перакінуць вялікую колькасьць расейскіх войскаў. Гэтую выснову зрабілі на падставе дадзеных пра вагоны, замоўленыя Мінабароны Расеі ў расейскай чыгункі. Зьвесткі былі ўзятыя з адкрытых крыніц: на 2017 год для перавозкі войскаў і вайсковых грузаў па Беларусі расейцы замовілі ажно 4162 чыгуначныя вагоны, між тым на ўвесь 2016 год аналягічным парадкам замаўлялася толькі 50 вагонаў.

Амаль два месяцы Мінабароны Расеі не адказвала на афіцыйны запыт журналістаў, навошта спатрэбілася столькі вагонаў.

«Абʼём вайсковых чыгуначных перавозак 2017 году параўнальны з абʼёмам перавозак падчас праведзеных на тэрыторыі Беларусі вучэньняў папярэдніх гадоў: «Захад-2009» — больш за 6 тысяч вагонаў, «Захад-2013» — амаль 2,5 тысячы вагонаў», — адказала ўрэшце Мінабароны РФ.

Ведамства ўдакладніла, што замоўленыя «каля 4000 вагонаў» — перавозкі ў абодва бакі: 2000 вагонаў ідуць у раён правядзеньня вучэньняў, 2000 — у адваротны бок.

Чакаюцца 2 расейскія брыгады — 8 тысяч вайскоўцаў

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін падлічыў, што 4 тысячы вагонаў з разьліку па 2 тысячы туды і назад — гэта якраз хопіць, каб перавезьці ў Беларусь і потым адправіць дамоў 2 брыгады расейскіх вайскоўцаў.

«Гэта прыкладна 8 тысяч вайскоўцаў і 150 танкаў, колькасьць танкаў можа нязначна адрозьнівацца ў залежнасьці ад таго, якія будуць брыгады. Якраз такая колькасьць вагонаў, прыкладна 2 тысячы, патрэбная, каб перавозіць такі кантынгент. Расейцам вельмі важна адпрацаваць менавіта перавозку даволі вялікіх вайсковых групаў, бо гэта заўсёды складана. Акрамя ўдзелу непасрэдна ў манэўрах — транспартны складнік ім таксама вельмі важны, улічваючы сёньняшні момант — тое, што на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу зьявіліся дадатковыя войскі НАТО», — кажа Аляксандар Алесін.

— Апошнім часам у Беларусі гучаць апасеньні, што расейскія войскі, як прыедуць сюды на манэўры, дык ужо ня вернуцца, а застануцца ў Беларусі для забесьпячэньня інтарэсаў Расеі. Такі сцэнар вам падаецца магчымым?

— Я ў гэта ня веру. Найперш, няма юрыдычных падстаў. Ніводнага дакумэнту, які б дазваляў знаходжаньне тут на трывалай аснове расейскіх вайскоўцаў са зброяй, проста няма.

Заўважу, што, нягледзячы на самыя цесныя саюзьніцкія адносіны паміж намі, яны ўсё ж рэгулююцца міжнароднымі дамовамі, якія прызнаныя ў сьвеце. Расейцам дазволена знаходжаньне тут толькі на ратацыйнай і часовай аснове. Вось прыедуць сюды, і праз, па-мойму, два месяцы мусяць зьехаць або замяніцца. Інакш іх знаходжаньне тут будзе незаконным, нам можна скардзіцца ў ААН, абвяшчаць гэта агрэсіяй і гэтак далей. Але сёньня расейцам непатрэбна нарывацца на нэгатыўную грамадзкую думку ў сьвеце, якая і без таго пасьля падзей ва Ўкраіне не на іх баку.

Другое: а навошта ім тут заставацца? Што яны выйграюць ад таго, што пакінуць тут 8 тысяч вайскоўцаў, якіх яшчэ трэба карміць, трэба даць ім жытло і гэтак далей? Каб пагражаць НАТО? Дык у іх для гэтага ёсьць Калінінград, а такі крок толькі ўзмоцніць напружанасьць з НАТО. Хаця расейцы цяпер сапраўды даволі сьмелыя на словах, але Ўладзімер Пуцін яўна хоча, каб з Расеі зьнялі санкцыі, каб расейская эканоміка і бізнэс атрымалі доступ да міжнародных крэдытаў, тэхналёгіяў, да патрэбных ім тавараў. Расея яўна хоча перазагрузкі адносін з Захадам, найперш з ЗША, тым больш цяпер, калі там абралі прэзыдэнтам Трампа і для гэтага адкрыліся некаторыя магчымасьці. Таму Расеі самой нявыгадна абвастраць сытуацыю ў нашым рэгіёне, і на такі крок, як пакіданьне тут войскаў бяз згоды Беларусі, яны ня пойдуць. А Беларусь на гэта згоды ня дасьць. Мы бачым, што нават на авіяцыйную базу наша кіраўніцтва не пагадзілася.

І, нарэшце трэці аргумэнт супроць такой вэрсіі. Аляксандар Лукашэнка як вайсковы саюзьнік Маскву пакуль цалкам задавальняе. Пакуль ён ад ніводнай літары міжнародных пагадненьняў з Расеяй у вайсковай галіне не адмаўляецца. І на гэтыя манэўры ён анансаваў запрашэньне расейцам, як рабіў і на былыя. Плянуюцца і іншыя сумесныя манэўры, у тым ліку вайскова-дэсантныя. Карацей, няма падстаў для Расеі непакоіцца адносна вайсковай галіны. Так, ёсьць пэўны канфлікт у палітычнай галіне, ёсьць праблемы ў эканамічным супрацоўніцтве, але ў вайсковай сфэры ўсё праходзіць, як трэба расейцам«, — кажа Аляксандар Алесін.

Кароткая гісторыяю вучэньняў «Захад»

Паводле назіраньняў экспэрта, сумесныя манэўры Беларусь і Расея праводзяць па чарзе. Гэтак сталася, што па няцотных гадах беларуска-расейскія манэўры праходзяць у Беларусі, на цотных — у Расеі.

Найвялікшымі сумеснымі манэўрамі апошніх гадоў назіральнікі лічаць манэўры «Захад-2013». Тады вучэньні праводзілі ў два этапы на тэрыторыі абедзьвюх краін. Першы — у Калінінградзкай вобласьці, былой Усходняй Прусіі, на двух палігонах. Другі этап праходзіў у Беларусі адразу на трох вялікіх палігонах: Госкім, Брэсцкім і Абуз-Лясноўскім. Паводле адкрытых крыніц, у сумесных манэўрах на тэрыторыі РФ бралі ўдзел 9400 расейскіх вайскоўцаў і 200 беларускіх, у тым ліку вайскоўцы Сіл адмысловых апэрацыяў, якія дэсантаваліся на ўзьбярэжжа Балтыйскага мора з расейскага дэсантнага карабля «Мардовія».

У беларускай частцы сумесных манэўраў бралі ўдзел больш за 10 тысяч беларускіх вайскоўцаў і 2,5 тысячы расейскіх, былі задзейнічаныя танкі, самалёты, рэактыўныя ўстаноўкі і зэнітныя ракеты. За заключным этапам вайсковай гульні назіралі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін.

Паводле сцэнару манэўраў «Захад-2013», у Беларусь пратачыліся экстрэмісцкія групоўкі і бандфармаваньні, якія рыхтуюць тэракты, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.

Вучэньні ў піку НАТО

Пра тое, што манэўры «Захад-2017» скіраваныя супраць НАТО, адкрыта заявіў летась кіраўнік расейскага Мінабароны Сяргей Шайгу на лістападаўскай калегіі абаронных ведамстваў Расеі і Беларусі ў Менску.

«Мы ўлічым рост актыўнасці НАТО на вучэньнях «Захад-2017», Расея вымушаная прадпрымаць дзеянні ў адказ абарончыя захады«,— сказаў міністар абароны Расеі.

Які будзе канкрэтны сцэнар сумесных манэўраў «Захад-2017», пакуль можна толькі здагадвацца. Экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што гэтым разам легенда будзе розьніцца ад барацьбы з тэрарыстамі.

«На манэўрах варагуючыя бакі звычайна называюць „блакітнымі“ і „чырвонымі“, прыдумляюць розныя сытуацыі з галавы. Але насамрэч аблічча ворага пэўнае і павінна быць пазнавальным, бо вайскоўцы рыхтуюцца да сапраўднай вайны. Таму, мяркую, гэтым разам, з улікам высоўваньня войскаў НАТО ў Прыбалтыку і Польшчу, легенда манэўраў будзе іншая, чым раней», — кажа Аляксандр Алесін.

Лукашэнка: «Як войскі будуць ўведзеныя, так роўненька адсюль і пойдуць»

Ці могуць расейскія войскі застацца на тэрыторыі Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2017», адказаў Аляксандар Лукашэнка на вялікай прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага:

«Калі нехта думае, што ўжо некалькі тысяч вагонаў загрузілі і нас акупуюць, Расея ўводзіць сюды свае войскі, — ня будзьце вы наіўнымі. Што, Расея наогул ужо з глузду зьехала і ня ўмее ваяваць? Як жа можна ваяваць на чыгуначных плятформах? Тое, што будуць войскі сюды ўведзеныя, то роўненька яны адсюль і пойдуць. Сёньня нават не агаворваецца такой сытуацыі. Войскі высадзяць недзе ля палігону, разаб’юць лягер, там будзе мізэр баявых прыпасаў — толькі каб адстрэляць па мішэнях, астатняе — халастыя боепрыпасы. Усё пад кантролем», — запэўніў Лукашэнка.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 3