Лукашэнка як паказьнік дыпляматычнага праколу

Гісторыя пра экстрадыцыю зь Беларусі ў Азэрбайджан блогера з патройным грамадзянствам Аляксандра Лапшына зьнешне выглядае даволі цьмянай, дзіўнай, незвычайнай і загадкавай.

Было б зразумела, калі б гаворка ішла пра нейкага тэрарыста, рэвалюцыянэра або хоць апазыцыянэра, які б зьбіраўся зрынуць кіроўны рэжым у Азэрбайджане. Вядома ж, што і Аліеў, і Лукашэнка ня любяць апазыцыянэраў, і таму ў знак салідарнасьці з аўтарытарным азэрбайджанскім калегам Лукашэнка мог бы выдаць Лапшына. Але гэты чалавек — ніякі не апазыцыянэр. Так, Лапшын крытыкаваў азэрбайджанскі рэжым. Але садзіць у турму за крытыку — нават для сёньняшніх беларускіх уладаў гэта ўжо нонсэнс.

Так званае «злачынства» Лапшына палягае ў тым, што ён наведаў Нагорны Карабах, які Азэрбайджан лічыць сваёй тэрыторыяй. Але і ў гэтым пытаньні, у спрэчцы вакол Нагорнага Карабаху Беларусь афіцыйна імкнецца захоўваць нэўтралітэт. Больш за тое, беларускія ўлады прапануюць сябе Азэрбайджану і Армэніі ў якасьці пасярэдніка, імкнуцца зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў. А высылка Лапшына ў Азэрбайджан азначае канфлікт з Армэніяй, адмову ад пазыцыі нэўтралітэту. Навошта?

Аляксандар Лапшын — грамадзянін трох краін: Расеі, Ізраіля і Ўкраіны. І яго экстрадыцыя ў Азэрбайджан азначае напружанасьць у адносінах з гэтымі трыма краінамі.

Асабліва актыўна пратэставала супраць высылкі свайго грамадзяніна Расея. У яго абарону выступіў сам міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Але якраз пасьля заявы кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Менск зрабіў дэманстратыўны крок, прыняў рашэньне аб экстрадыцыі.

Таксама актыўныя дыпляматычныя высілкі супраць экстрадыцыі Лапшына рабіў Ізраіль. Толькі пра захады Ўкраіны ў гэтым пытаньні нічога не было чуваць, ва ўсякім разе ў публічнай прасторы.

Такім чынам высылкай Лапшына ў Азэрбайджан афіцыйны Менск сапсаваў адносіны з Расеяй, Армэніяй (чальцом АДКБ і ЭАЭС), Ізраілем і, магчыма, Украінай.

І ўсё гэта дзеля чаго? Толькі дзеля захаваньня добрых адносін з Азэрбайджанам? Але што такога паабяцаў Беларусі Ільхам Аліеў падчас мінулагодняга візыту Лукашэнкі ў Баку, каб ахвяраваць добрымі адносінамі з чатырма краінамі? Крэдыт? Але пра яго нічога не было чуваць. Тым больш цяпер, пасьля падзеньня сусьветных цэнаў на нафту, сам Азэрбайджан апынуўся ў нялёгкай эканамічнай сытуацыі.

Танную нафту? Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага абмовіўся, што Беларусь купіла азэрбайджанскую нафту на льготных умовах. Але ж адной партыяй абʼёмам 85 млн тонаў гэты праект і абмежаваўся, пра новыя пастаўкі нічога не чуваць. То бок казаць пра нейкі вялікі навар ад гэтага не выпадае.

Азэрбайджан купляе ў Беларусі зброю? Так. Але, зноў жа, ня думаю, што гаворка ідзе пра значныя абʼёмы і вялікія сумы.

У любым выпадку для афіцыйнага Менску ад гэтай акцыі дыпляматычных стратаў больш, чым выгодаў; мінусаў больш, чым плюсаў.

Тады навошта? Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага сытуацыю з Лапшыным пракамэнтаваў так: «Тут вельмі шмат чаго пад вадой, і гэтая частка айсбэргу вам ня бачная». Але ён трохі расшыфраваў сваю пазыцыю: «Калі гэтае пытаньне зьявілася, я гляджу — вось ёсьць такі чалавек. Даручаю МЗСу: слухай, каб не было скандалу, паспрабуй узгадні зь міністрамі замежных спраў Ізраіля, Расеі і Азэрбайджану, каб ён ня стаў нейкім закладнікам. Калі Ізраіль, Азэрбайджан і Расея дамовяцца, мы зробім, як яны дамовяцца. А дамаўляцца ніхто не захацеў».

Калі перакласьці гэты трохі завуаляваны адказ з дыпляматычнай на звычайную мову, то, на мой погляд (мая гіпотэза), сытуацыя выглядала так. Арыштаваўшы Лапшына на запыт Азэрбайджану, Лукашэнка выставіў яго на аўкцыён: хто што за яго можа даць? Маўляў, чым вы нам заплаціце за вызваленьне Лапшына: нафтай, газам ці крэдытам? Досьвед гандлю палітвязьнямі вялікі.

Аднак тут Лукашэнка памыліўся. Ніхто не захацеў плаціць («дамаўляцца ніхто не захацеў»). У выніку кіраўнік Беларусі трапіў ва ўласную пастку, перахітрыў сам сябе.

Што ў такой сытуацыі заставалася рабіць? Сказаўшы «А», трэба казаць «Б». Калі чалавек ужо арыштаваны і выкупляць яго ніхто не захацеў, то нічога іншага не заставалася, як перадаць яго Азэрбайджану. Паслухаем зноў Лукашэнку, які даў зразумець, што цяпер ужо адпусьціць Лапшына ён ня можа: «Гэта ўжо стала здабыткам галоснасьці. Калі б гэта яшчэ не было вядома... я б пачаў думаць...», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Што ў сухім астатку? Яскравы дыпляматычны пракол. Лукашэнка загуляўся ў геапалітыку. Ён і раней ня ўмеў добра пралічваць сытуацыю, але дагэтуль яго ратавала вострае палітычнае чуцьцё. Але цяпер, мяркуючы па ўсім, беларускі лідэр і яго пачаў траціць.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4.4