«Змагацца з гэтай гідрай бюракратыі немагчыма, калі…»

Ці закране скарачэньне апарату сілавыя структуры?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць былы міністар працы Аляксандар Сасноў і экспэрт Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: Аб’яўлена пра скарачэньне 30 працэнтаў апарату Адміністрацыі прэзыдэнта. Улады заяўляюць, што ўзяты курс на скарачэньне колькасьці чыноўнікоў і ў іншых дзяржаўных установах. Наколькі гэта рэалістычная задача? Колькі сабе памятаю, улады ўвесь час заяўляюць пра скарачэньне чыноўнікаў, але іх, здаецца, менш не становіцца...

Сасноў: Змагацца з гэтай гідрай бюракратыі немагчыма, калі не прымяняць навуковыя мэтады. Трэба спачатку разабрацца з функцыямі. І толькі потым пад гэтыя функцыі вылічваць колькасьць людзей. А пакуль так: камусьці захацелася — скараціў, захацелася прыняць новых — прыняў. У пачатку году заводзяць новыя пасады, у канцы году іх скарачаюць.

Цыганкоў: Але дзяржаўны апарат выконвае неабходныя і важныя функцыі, безь якіх грамадзтва ня будзе адпаведна існаваць.

Сасноў: Безумоўна. Але шмат якія функцыі можна і трэба перадаваць з вышэйшага ўзроўню на ніжэйшы. І за кошт гэтага скарачаць цэнтральную бюракратыю.

Цыганкоў: Сапраўды, дзяржаўны апарат у Беларусі вельмі ўплывовы, мае нашмат болей функцыяў і паўнамоцтваў, чым у іншых краінах. Ці не баіцца кіраўніцтва, што гэтае скарачэньне можа аслабіць уладу ў цэлым?

Прэйгерман: Мы ўжо маем прыклад барацьбы з разьдзьмутым апаратам. 12 красавіка 2013 году быў прыняты Ўказ нумар 168, які задаваўся тым самым пытаньнем — як скарачаць і як адначасова з гэтым падвышаць эфэктыўнасьць і статус дзяржаўнага службоўца. Тады нібыта скарацілі на 25 працэнтаў, хоць былі прыкметныя выключэньні з гэтага працэсу.

Паралельна тады і мы падрыхтавалі дасьледаваньне. І шмат экспэртаў казалі менавіта пра колькасьць і аб’ём функцыяў, што дзяржава выконвае. І тады мы канстатавалі, што скарачэньня функцыяў не было, — наадварот, некаторыя дадалі, таму ж Міністэрству гандлю.

І на гэтым фоне шмат дзе на мясцовым узроўні паўсталі праблемы — як пры тых самых функцыях выконваць працу, якую патрабуюць. Дзяржаўнае кіраваньне — гэта часта вельмі складаная, «цэйтнотная» праца.

І сёньня гэта робіцца, зразумела, не ад добрага жыцьця — фінансы не дазваляюць вытрымліваць такі вялікі дзяржаўны апарат. Зь іншага боку, шмат у якіх міністэрствах хапае людзей, якія невядома чым займаюцца. Але без скарачэньня функцыяў нічога эфэктыўнага зрабіць ня ўдасца. Лукашэнка сам пра гэта казаў, ён гэта разумее. Паглядзім, які будзе вынік.

Сасноў: У кіраўніцтве ёсьць людзі, якія правільна разумеюць гэтую праблему. Але гэта, я лічу, ня тычыцца нашага самага галоўнага кіраўніка. Бо ён думае, што калі дзе каго прыціснуць, той і пачне добра працаваць. Гэта старая савецкая думка, якая ў яго ў галаве і якая ніколі не прывядзе да выніку.

Цяперашняя «барацьба» — гэта вымушаны крок, праз тое, што няма грошай. Але вось што атрымаецца — зробяць нейкую структуру для скарачэньня бюракратыі, потым зробяць структуру, каб наглядаць за гэтай, потым яшчэ адну, каб назіраць за той, другой. У выніку апарат будзе толькі павялічвацца. Гэта барацьба зь ветракамі, а выніку нуль.

Цыганкоў: У Беларусі сапраўды шматлікіх кантрольных структураў больш чым дзе, і таксама Лукашэнка часам заяўляе, што трэба іх скараціць, каб яны надта не дакучалі прадпрымальнікам.

Прэйгерман: Відавочна, праблема ёсьць, і кажуць пра яе ня першы раз, таму шмат у каго і існуе скепсіс на гэты конт. Але ж звычайна ў нашай краіне, пакуль гром ня грымне, ніхто нічога не пачынае рабіць. Цяпер эканамічны гром грыміць, і гэта ці не адзіны чыньнік, які можа падштурхнуць улады рабіць рэальныя крокі ў кірунку скарачэньня кантрольных функцыяў.

Трэба разумець, што ва ўладных колах ёсьць розныя падыходы да гэтага пытаньня. Ёсьць і прадстаўнікі сілавых органаў, якія лічаць, што аслабляць кантроль і сваю прысутнасьць у гэтых пытаньнях нельга.

Цыганкоў: Любая структура павінна даказваць сваю неабходнасьць.

Прэйгерман: Абсалютна. Але ў сілавых структураў да гэтага дадаецца арэол асаблівай важнасьці, які яны з усяе моцы падтрымліваюць.

Цыганкоў: У Беларусі гэты арэол падтрымлівае і кіраўнік дзяржавы, якія часта заяўляе, што сілавыя структуры — гэта моцны падмурак дзяржавы. І абмежаваньне іх паўнамоцтваў — гэта падрыў палітычнага ладу.

Прэйгерман: Зразумела, таму ніхто і ня будзе ісьці на нейкія радыкальныя захады, каб зьніжаць паўномоцтвы сілавых структураў. І гэта ўскладняе задачу навігацыі паміж рознымі групамі, якія па-рознаму бачаць разьвіцьцё дзяржаўнага апарату.

Цыганкоў: Аляксандар, вам пытаньне як былому міністру працы. Якое міністэрства ў Беларусі не патрэбна і яго можна скараціць?

Сасноў: На мой погляд, гэта Міністэрства гандлю і Міністэрства прамысловасьці. Іх увогуле не абавязкова мець у краіне.

Трэба ж ня толькі скарачаць міністэрства. Пытаньне ў тым, што трэба рабіць з эканомікай. Калі яна будзе працаваць сама, а не дырэктывамі прэзыдэнта, то шмат чаго з бюракратыі будзе не патрэбна.

Прэйгерман: Відавочна, што міністэрстваў у Беларусі зашмат — 24. Гэта ня так жудасна ў параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну. Але трэба арыентавацца на законы эканомікі. Да таго ж у нас, акрамя міністэрстваў, ёсьць дзяржаўныя камітэты, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў.

Да таго ж ёсьць такая асаблівасьць дзяржаўнага апарату, калі функцыі некаторых структураў дублююцца і перасякаюцца. Таму вельмі сур’ёзна варта думаць пра скарачэньні.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5