Не для нас ананас. За студзень кошык з 10 прадуктаў падаражэў на 0,49 рубля

Штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары.

Радыё Свабода распачала экспэрымэнт ў студзені 2017 году. У спажывецкі кошык ўключылі 7 прадуктаў харчаваньня, а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у транспарце і квіток у кінатэатар.

На пачатку лютага цэны ў параўнаньні з пачаткам студзеня не зьмяніліся на сьвініну (шыйная частка), кіляграм якой па-ранейшаму каштуе 11,99 рубля; алей расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» (2,99 рубля), літар малака «Савушкин продукт» тлустасьцю 2,5% (1,3 рубля), літар бэнзіну АІ-95 (1,19 рубля) і квіток на праезд у наземным транспарце (0,55 рубля).

Падаражэлі: кіляграм цукру (1,75 рубля, у студзені было 1,69), паўкілё нарэзанага хлеба «Добры» (0,95 рубля замест студзеньскіх 0,91), а таксама квіток у кінатэатр «Беларусь» (у студзені паглядзець навагоднюю камэдыю «Ёлкі-5» каштавала 5,5 рубля, у лютым паход на рамантычны м’юзыкал «Ла-ла лэнд» абыдзецца ў 6 рублёў).

Разам з тым на некаторыя прадукты цэны зьменшыліся. Так, кілё бульбы на пачатку студзеня каштуе 0,37 рубля (у студзені было 0,38). З той прычыны, што на момант фіксацыі цэн у краме праводзілася акцыя, заўважна патаньнелі яйкі: дзясятак яек «Разумны выбар» С-1 прадаюць за 1,85 рубля, а не за 1,95, як у студзені.

Агулам наш кошык тавараў у лютым каштаваў 28,94 рубля. Нягледзячы на некаторыя зьніжкі, ён падаражэў на 0,49 рубля (у студзені было 28,45 рубля). Такім чынам, інфляцыя ў межах нашага спажывецкага кошыка за першы месяц 2017 году склала 1,7%.

Паводле афіцыйнага курсу Нацбанку Беларусі, 5 лютага даляр ЗША каштаваў 1,93 беларускага рубля. Такім чынам, у даляравым эквіваленце кошык каштаваў 14,99 даляра (у студзені было 14,44).

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі бяруцца кіляграм ці літар.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5