У Мінэканомікі — рэйтынг Doing Business, а ў МУС — план па раскрывальнасці

Калі карупцыянеры трапляюць у турму, сумленным прадпрымальнікам становіцца лягчэй дыхаць. Але ў Беларусі затрыманні па абвінавачваннях у хабарніцтве і нявыплаце падаткаў выклікаюць дваякую рэакцыю, і чаго ў ёй больш: праведнага гневу або спагады — сказаць складана.

Бізнесмэн Аляксандр Мураўёў за кратамі ў зале суда. Фота: TUT.by

Адкуль бярэцца гэты Стакгольмскі сіндром, чаму мы не давяраем прэс-рэлізам КДБ і як паляпшаць бізнес-клімат у краіне, дзе план па раскрывальнасці выконвае такое суровае МУС, разважаюць незалежны юрыст Сяргей Балыкін і старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб.

“Пагаджаючыся працаваць па ненармальных законах, ты сябе заўсёды падстаўляеш"

Сяргей Балыкін: Любы шум негатыўна адбіваецца на бізнес-клімаце. Хоць павінна ж быць па-іншаму. Калі асуджаюць эканамічных злачынцаў, затрымліваюць правапарушальнікаў, сумленным прадпрымальнікам становіцца лягчэй дыхаць. Але праблема ў тым, што ў нашых умовах не зразумееш, хто мае рацыю, а хто няправы. Наша заканадаўства пабудавана так, што крок налева — турма, крок направа — растрэл, скачок на месцы — правакацыя.

Еўрарадыё: То бок чалавек, які парушае закон, можа не быць злачынцам?

Сяргей Балыкін: Гэта пытанне філасофскае. І пытанне стаўлення самога чалавека, і сітуацыі, у якой ён апынуўся. Бывае, вядома, і так, што дырэктар з бухгалтарам адкрыта абмяркоўваюць, якую норму заканадаўства будуць парушаць. Але тыя прыклады, якія ў апошніх навінах, — гэта не дробныя прадпрымальнікі, якія недаплацілі тры капейкі падаткаў. Адзін чалавек блізкі да Аляксандра Рыгоравіча, і яшчэ некалькі гадоў назад гаварылася, які ён круты інвестар, як ён сюды прыйдзе і прынясе сюды рай, запусціць адзін завод, другі. Мы не ведаем, якія там былі дамоўленасці, мы бачым толькі вынік: не атрымалася па нейкіх прычынах. Але пагаджаючыся працаваць па ненармальных законах, ты сябе заўсёды падстаўляеш пад магчымасць такіх неафіцыйных разборак. Пагадзіўся бегчы з ваўкамі — будзь гатовы, што цябе загрызуць.

Вадзім Іосуб: Я не згодны з тым, што цяпер нейкі такі ўзлёт навінаў пра тое, што хтосьці затрыманы, а хто-то пасаджаны. Апошнія 20 гадоў гэта адбываецца з раўнамернай частатой. Часам здаецца, што наступіла нейкая адліга, але яна змяняецца чарговым арыштам. Шмат гадоў таму было заяўлена стаўленне ўладаў да прадпрымальнікаў. Двума словамі: вашывыя блыхі. З таго часу ўлады імкнуцца гэтую канструкцыю не паўтараць, але, па сутнасці, гэта стаўленне і відаць. Відавочна, што ўплыў на інвестыцыйны клімат негатыўны, але ёсць і добрая навіна: наш інвестклімат знаходзіцца, як мне здаецца, на такім нізкім узроўні, што ніжэй апускацца проста няма куды.

Еўрарадыё: Дно не прабіць?

Вадзім Іосуб: Так. Сюды як інвестары спрабуюць заходзіць арабскія шэйхі, сербскія прадпрымальнікі на аснове асабістай дамоўленасці з вярхоўнай уладай. Проста інвестараў з вуліцы, якія падумалі: "А ці не ўкласці нам грошай у беларускую эканоміку?" — не было, няма і, мяркуючы па апошніх навінах, у бліжэйшы час, хутчэй за ўсё, не будзе.

Два прысуды ў адзін дзень: Мураўёў — 11 гадоў, забойцы жонкі ў Гомелі — 10

Еўрарадыё: Ці можна пагадзіцца з Юрыем Зісерам, які ў напісаў у FB: "Усё-такі прынята рашэнне на бліжэйшыя гады прынцыпова адмовіцца ад любых прыватных інвестыцый у дзяржсектар усёй нашай эканомікі"?

Вадзім Іосуб: Гэта падобна на праўду. І што цікава: інвестыцыя Мураўёва, па-сутнасці, таксама была пабудавана на дамоўленасці з вярхоўнай уладай. І гэта быў чарговы — далёка не першы, не пяты і нават не дзясяты прыклад таго, што нават такія інвестыцыі сканчаюцца вельмі сумна. Ну і яшчэ пару слоў пра прысуд Мураўёву. У стужцы крымінальнай хронікі нядаўна была іншая, зусім далёкая ад гэтай сітуацыі навіна: у Гомелі абвешчаны прысуд мужчыну, які забіў сваю жонку. Дзесяць гадоў строгага рэжыму. Мураўёў атрымаў больш — 11 гадоў. Два прысуды ў адзін дзень.

Сяргей Балыкін: Справа ў тым, што там сумаваліся прысуды па розных артыкулах.

Вадзім Іосуб: Зразумела, што ёсць нюансы. І я не гатовы адразу казаць, што прысуд Мураўёву няправільны і г.д. Але такое эмацыйнае ўспрыманне ёсць: прадпрымальнікі атрымліваюць больш, чым забойцы.

Еўрарадыё: Наколькі свядома ўлады робяць выбар паміж дрэнным інвесткліматам і пакараннем прадпрымальнікаў, якіх лічаць злачынцамі?

Сяргей Балыкін: Мне здаецца, дзяржава не робіць такога выбару. За інвестыцыйны клімат у нас адказвае Міністэрства эканомікі, а за "пасадкі" — Міністэрства ўнутраных спраў. Як у прыказцы: незадаволенымі жыццём у нас займаецца Камітэт дзяржбяспекі, а задаволенымі — Камітэт дзяржкантролю. У кожнага ведамства свае задачы і свае асабістыя мэты. І там, і там існуе план. Мінэканомікі сумесна з Мінюстам спрабуе падняць Беларусь ў рэйтынгу Doing Business, а МУС выконвае план па раскрывальнасці злачынстваў.

"Ёсць выбар: можна не працаваць па такіх правілах"

Еўрарадыё: Але ўзаемасувязь паміж "пасадкамі" і дрэнным бізнес-кліматам складана адмаўляць. І можна ж правесці нараду з міністрам эканомікі і міністрам унутраных спраў. І неяк іх скаардынаваць.

Сяргей Балыкін: Я думаю, што ўсё наадварот. Даваць хабар і красці нядобра ў любой краіне, нават з самым спрыяльным інвестыцыйным кліматам. І калі будзе палітычная воля саджаць карупцыянераў, хабарнікаў і тых, хто не плаціць падаткі, гэта толькі палепшыць інвестклімат. Праблема ў тым, што не ствараюць умоў для вядзення нармальнага бізнесу. Што сюды сапраўды прыходзяць па асабістай дамоўленасці. Дамовіўся — працуеш — плаці, давай хабар. Станавіся злачынцам... Праўда, ёсць выбар: можна не працаваць па такіх правілах. Можна весці вельмі маленькі бізнес і мець двухпавярховы дом замест чатырохпавярховага. Працаваць толькі з прыватнымі арганізацыямі. Вось такі ў нас інвестыцыйны клімат, калі даводзіцца штосьці парушаць, падмазваць, дамаўляцца.

Вадзім Іосуб: Рынак з высокімі рызыкамі і высокімі транзакцыйнымі выдаткамі.

Сяргей Балыкін: Так, з высокімі выдаткамі: ад 2 да 5, ад 3 да 7, ад 10 да 12.

Вадзім Іосуб: Пастукаем па дрэве.

"Мы кажам, інвестклімат дрэнны. Але для часткі людзей гэта добра!"

Еўрарадыё: Пагадзіцеся, калі затрымліваюць чарговага прадпрымальніка, не верыцца ў тое, што ён вінаваты. Кожны крок дзяржавы, нават "пасадка" хабарнікаў, выглядае як несправядлівасць.

Сяргей Балыкін: Вось такая рэпутацыя ў нашай дзяржавы. Акрамя таго, наш народ заўсёды спачувае гнаным. У нас нават п'яніц адбіваюць у міліцыі на прыпынках, хуліганаў адбіваюць. Муж жонку паб'е — яна прыйдзе і папросіць за яго! Так, шкадуюць.

Вадзім Іосуб: Мне цяжка ўявіць, каб у краіне з развітой эканомікай і інстытутамі, якія добра працуюць, хто-небудзь спачуваў хабарнікам. Але мы жывём у сітуацыі, якую міністр унутраных спраў ахарактарызаваў як інфармацыйную вайну супраць органаў. Але калі па дадзеных тых жа органаў аднарукія апладзіруюць, а нямыя выкрыкваюць антыўрадавыя лозунгі... Ёсць народная прымаўка: аднойчы схлусіўшы — хто ж табе паверыць? І сапраўды, вельмі часта, чытаючы прэс-рэлізы праваахоўных органаў, людзі ў здзіўленні: верыць ці не? Гэты недавер цалкам заслужаны.

Сяргей Балыкін: А тыя, хто ў час адсутнасці ў краіне з'яўляецца на плошчу і нападаець на міліцыянтаў... Сапраўды, калі б у нас быў нармальны інвестклімат, нармальныя праваахоўныя органы, нармальныя суды — адкрытыя, празрыстыя...

Вадзім Іосуб: ... незалежныя...

Сяргей Балыкін: ... у справядлівасці якіх ніхто б не сумняваўся, стаўленне было б зусім іншае.

Еўрарадыё: Малы бізнес актыўна адстойвае свае правы і пратэстуе супраць умоў, якія яму здаюцца несправядлівымі. А пра буйны бізнэс такога не скажаш. Яго існуючыя ўмовы задавальняюць?

Сяргей Балыкін: Многіх задавальняюць. Мы кажам, інвестыцыйны клімат дрэнны. Але для часткі людзей, для тых, хто сюды прыйшоў, дамовіўся, — гэта добра! Гэта мяккія рынкавыя ўмовы, адсутнасць канкурэнтаў, магчымасць выпампоўваць грошы з краіны ў сваю кішэнь. Вось людзі і згаджаюцца на гэтыя ўмовы.

Вадзім Іосуб: Добра для тых, каго яшчэ не пасадзілі.

Сяргей Балыкін: Адсутнасць судзімасці — гэта не ваша заслуга, а наша недапрацоўка. Ёсць і такі анекдот.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5