Акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб «дармаедах»: мэты і вынікі

Ці спадае хваля абурэньня дэкрэтам аб «дармаедах»? Ці не запозьненай будзе маніфэстацыя супраць дэкрэту, прызначаная на 15 сакавіка? Што ўзьнімае беларусаў на пратэст?

Па гэтых пытаньнях у перадачы «Трайны ўдар — Экспэртыза Свабоды» спрачаюцца старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч і заснавальнік гомельскага сайту «Моцныя навіны» Пётра Кузьняцоў.

​Дракахруст: Шэраг грамадзкіх і грамадзка-палітычных арганізацыяў краіны падала заяўку на правядзеньне «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка. Марш скіраваны супраць дэкрэту прэзыдэнта № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», так званага «дэкрэту аб дармаедах». Арганізатары акцыі просяць дазволіць шэсьце ад будынку Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор. У кампаніі супраць дэкрэту ўдзельнічае Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Кіраўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч нядаўна апублікаваў артыкул пад назвай «Зьбіць хвалю абурэньня дэкрэтам аб «дармаедах» ня ўдасца».

Сколько белорусов выйдет на «Марш нетунеядцев»?

Другі ўдзельнік нашай сёньняшняй перадачы — Пётра Кузьняцоў — заснавальнік гомельскага сайту «Моцныя навіны» — скрытыкаваў у Фэйсбуку акцыі, якія ладзяцца супраць дэкрэту. Пётра, якія асноўныя пункты вашай крытыкі?

Кузьняцоў: Галоўныя акцыі пратэсту, заплянаваныя на 17 лютага і на 15 сакавіка, на маю думку, адбудуцца са спазьненьнем. У кожнай тэмы, якая хвалюе грамадзтва, ёсьць пэўны цыкль разьвіцьця — яна зьяўляецца, яна дасягае піку, потым яе актуальнасьць падае.

Людзі, якія працуюць са СМІ, вельмі добра бачаць, што тэма падатку на «дармаедаў» пачынае пакрысе губляць актуальнасьць. Нават да 17 лютага актуальнасьць тэмы захаваецца, але ўжо значна зьнізіцца.

Вельмі важна, што 20 лютага — апошні тэрмін, калі трэба заплаціць гэты падатак, і да гэтай даты пераважная частка «дармаедаў» ужо вызначыцца: нехта заплаціць, нехта знойдзе падставы, каб ухіліцца, а нехта не заплаціць і будзе проста чакаць, ці дойдуць ва ўлады да яго рукі, каб яго пакараць.

Людзі рэагавалі на гэта так востра таму, што гэта тычыцца іх кішэні і дабрабыту. А буйныя акцыі будуць праводзіцца тады, калі абараніць іх кішэні будзе ўжо немагчыма. Бо за тры дні да дэдлайну дэкрэт гэты з-за акцыі ніхто не скасуе.

Дракахруст: Генадзь, а можа Пётра і мае пэўную рацыю ў сваёй крытыцы — паводле яго, пік незадавальненьня, абурэньня дэкрэтам прайшоў, ніхто і зьбіваць ня будзе хвалю абурэньня — сама спадае, мяркуе Кузьняцоў. А вы лічыце інакш?

Фядыніч: Я з Пятром нязгодны. Я не лічу, што актуальнасьць праблемы зьнізіцца да 17 лютага. Мы заўтра адправім у органы ўлады 20 тысячаў зваротаў, якія мы сабралі на zvarot.by, і яшчэ 5 тысячаў, якія мы сабралі пісьмова. Ва ўлады застаецца 15 дзён, каб адказаць на гэтыя 25 тысячаў зваротаў.

Сёньня мы зьбіралі нашых прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў. Толькі сёньня нашы юрысты падрыхтавалі прынамсі 400 зваротаў і скаргаў наконт гэтага дэкрэту для людзей, якія ня ведаюць, як гэта рабіць.

Мы да панядзелка зробім памятку, каб людзі закідалі падатковую скаргамі. У нас людзі ня надта схільныя нават падпісваць нейкія звароты, ня кажучы ўжо пра выхад на плошчу.

Але трэба рыхтаваць людзей. А каб іх рыхтаваць, патрэбны час. Я нязгодны з Пятром — ня сыдзе гэтая тэма, гэтая хваля абурэньня, будуць звароты ў суды. Мы павінны сказаць людзям, што калі мы ня здолеем дамагчыся адмены дэкрэту, то мы павінны зрабіць так, каб ён не працаваў. Гэта — праграма-мінімум.

«Социальная напряженность, которую вызвал этот декрет, несопоставима даже с повышением пенсионного возраста»

Дракахруст: Пётра, вы кажаце, што склікаць людзей на маніфэстацыю 17 лютага ці 15 сакавіка — гэта позна. Ну, а калі б агульную маніфэстацыю прызначылі, скажам, на 15 студзеня — выйшаў бы мільён чалавек? Да таго ж кампанія — гэта не адно маніфэстацыя, вось подпісы ў інтэрнэце зьбіраюцца супраць дэкрэту. І нямала сабрана. Вы вызначаеце эфэкт дзеяньняў у параўнаньні з чым?

Кузьняцоў: У мяне пытаньне насустрач: як арганізатары акцыяў пратэсту вызначаюць мэты гэтых пратэстаў? Мэта канкрэтна не фармулюецца. Яна ў чым — дамагчыся скасаваньня дэкрэту, зрынуць уладу Лукашэнкі ці мабілізаваць пратэстны патэнцыял грамадзтва?

Я разумею, што такое кампанія, што такое подпісы пад пэтыцыямі.

Я пачаў з таго, што пэўную актуальнасьць тэма захавае. Але для масавага выступу 17 лютага і 15 сакавіка — гэта не найлепшыя даты.

На акцыі ў гэтыя даты ня выйдзе столькі людзей, колькі б выйшла на піку незадаволенасьці, калі грамадзтва было вельмі ўзрушанае.

Да пэтыцыяў у мяне стаўленьне таксама даволі скептычнае. Днямі гомельская крэатыўная група выдала другі ролік «Гомельскі дармаед». Першую частку паглядзелі 100 тысячаў чалавек. Гэты другі ролік называецца «Нараджэньне сілы».Там такі ідэйны дармаед зьбірае сабе падобных. Гэта такая пераагучка вядомага амэрыканскага фільма «Воўк з Уол-стрыт». Герой гэтага гомельскага роліка кажа: «Мы будзем пісаць, мы будзем пратэставаць, мы будзем пісаць пэтыцыю. Пэтыцыю, тваю маць!»

Беларусы зараз сьмяюцца над гэтымі пэтыцыямі. 20 тысячаў на zvarot.by — гэта добра. Але ўлада не абавязаная на іх рэагаваць.

Фядыніч: Ніхто не адмяняў Закон аб зваротах грамадзянаў. Улада будзе абавязаная адказаць на кожны ліст. На кожны!

Кузьняцоў: Ну, і хай сабе будзе адказваць. Пэўныя мэтады дэвальвуюцца, калі яны ня маюць плёну, выніку. Апазыцыя шмат гадоў сваім галоўным спосабам дзеяньня мае збор подпісаў, а ўлада на іх не рэагуе ці піша адпіскі, і нічога гэта не зьмяняе. Дык і гэтым разам будзе той жа вынік.

Дракахруст: Генадзь, а якога выніку вы чакаеце ад акцыі 15 сакавіка і іншых дзеяньняў, таго ж збору подпісаў? Улада скасуе дэкрэт?

Фядыніч: zvarot.by за два мінулыя гады не зьбіраў столькі подпісаў, колькі мы сабралі ўсяго за два тыдні.

Эти цифры отвечают, почему чиновникам не стоит принимать народ за тунеядцев

Кузьняцоў: Тое, што для zvarot.by гэта была добрая нагода, каб раскруціцца — можна парадавацца за іх.

Фядыніч: Тут справа ня ў тым, каб за кагосьці парадавацца. Пётра назваў тры магчымыя мэты: скасаваньне дэкрэту, зрынаньне ўлады, кансалідацыя пратэстнага патэнцыялу. Праз такую хвалю незадаволенасьці мы павінны дапамагчы людзям самаарганізавацца, даць ім шанец на гэта. Толькі тады грамадзтва будзе зручным для жыцьця, калі яно самаарганізуецца. Мы абʼедзем усе рэгіёны, мы будзем раіцца зь людзьмі. Нічога зьверху рабіцца ня будзе.

Дракахруст: Пётра, вы напісалі, што да 17 лютага людзі так ці інакш вызначацца: хто заплаціць, хто вырашыць не плаціць. Хваля спадзе — як вы напісалі. Ну, а калі ўлады пачнуць прыцягваць да адказнасьці тых, хто не заплаціць, спаганяць зь іх грошы рознымі сродкамі — хіба гэта не падыме новую хвалю? Можа, маніфэстацыя празь месяц пасьля гэтага якраз і прыпадзе на пік гэтай новай хвалі?

Кузьняцоў: Дык я пра гэта і напісаў у Фэйсбуку. Хоць я і крытычна паставіўся да гэтых ініцыятываў, але там я пісаў і пра тое, што сапраўды: калі ўлада пачне хапаць людзей, ужываць масава санкцыі, спаганяць грошы, узьнімецца новая хваля абурэньня.

Дракахруст: І калі будзе так, то, можа, 15 сакавіка для акцыі пратэсту будзе аптымальнай датай?

Кузьняцоў: Тэарэтычна гэта можа быць. Але практычна я думаю, што хутчэй за ўсё, ніхто нічога спаганяць ня будзе. Насамрэч у падатковай няма інструмэнтаў для гэтага, яна ж слабейшая за ваенкаматы. Калі прадстаўнікі ваенкамату могуць узяць з сабой супрацоўніка міліцыі і пайсьці да прызыўніка і яго шукаць, то ў падатковай такой магчымасьці няма, міліцыя ёй не дапамагае.

Падатковая пасьля 20 лютага апынецца ў сытуацыі, калі ёсьць 300 тысячаў тых, хто не заплаціў, і што з гэтым рабіць — невядома.

Я думаю, што ўлада даведаецца пра грамадзкія настроі і нікога асабліва ня будзе чапаць, і напал праблемы пакрысе сыдзе.

Дракахруст: Генадзь, існуе думка, што па-сапраўднаму беларусаў могуць запаліць толькі вялікія каштоўнасьці, як яно было ў жніўні 1991 году, калі краіна здабыла незалежнасьць. А страўнік, матэрыяльнае — да перамогі не прывядзе, кажуць гэтыя людзі. А можа, і праўда? Ну, ня ўсіх жа тычыцца той дэкрэт пра дармаедаў. Дык, можа, і праўда — ня пойдуць беларусы на сурʼёзны пратэст з-за грошай, з-за матэрыяльнага?

Фядыніч: Калі судзіць па тэмпах падпісаньня пэтыцыі на zvarot.by напал незадавальненьня ніяк ня зьнізіўся, колькасьць подпісаў імкліва расьце. А мы яшчэ не даехалі да вёсак, да малых гарадоў.

А што да пытаньня, за што гатовыя беларусы ўзьнімацца — за Бацькаўшчыну ці, папросту кажучы, за бульбу, то мой адказ — за Бацькаўшчыну з бульбай.

Яны будуць рабіць выбар, яны будуць вымушаныя яго рабіць. Мы павінны над гэтым працаваць, мы павінны даводзіць да людзей інфармацыю. Добра, што вы, Радыё Свабода, ёсьць. Ня будуць нас пускаць у эфір — трэба ўсё роўна даносіць інфармацыю да людзей.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 6
  • Балл: 4.5