«Закрыццё» Кныровіча — рэч выключная адразу з некалькіх прычынаў

Затрыманне Аляксандра Кныровіча глыбока кранула мяне. Мы не сябравалі і не былі блізкімі знаёмымі.

Я часам чытаў ягоныя тэксты і не буду вас падманваць, што быў імі моцна ўражаны.

Але, на маю думку, наспела патрэба разгледзець гучныя і частыя арышты апошняга часу з пункту гледжання ўзаемаадносін нацыі з навязанымі ёй уяўленнямі пра злачынства і пакаранне.

«Закрыццё» Кныровіча — рэч выключная адразу з некалькіх прычынаў.

«Узялі» не самага заможнага бізнесоўца, гэта не Чыж, не Пефціеў і не Машэнскі. «Даіць» такога — усё роўна што варыць булён з яек (выраз аднаго знаёмага фінансіста). Апошні допіс Кныровіча ў фэйсбуку наракае на дарагавізну сняданку ў гандлёвым цэнтры ў Жэневе. Пры тым, што кава за 3,7 франка — гэта ні разу не дорага для Швейцарыі.

З прыватнай асобы спрабуюць вылепіць карупцыянера, хаця за дамоўныя тэндары мусіць адказваць у першую чаргу вертыкаль. Агулам сітуацыя нагадвае свежую спрэчку Навальнага з Цёмам Лебедзевым.

У адрозненне ад Пракапені ці Чыжа, Кныровіч быў публічнай асобай, калі разумець пад «публічнасцю» гатоўнасць дзяліцца акалічнасцямі свайго жыцця, пісаць тэксты. Дагэтуль у праваахоўнікаў назіралася насцярожанасць у дачыненні да такіх. Бо змяшчэнне ў СІЗА, трыманне пад следствам (і тым болей у турме) азначае ўласнаручную замову аўтару скласці чытэльны летапіс парушэнняў, перагінаў ды дуротаў, якія робяцца за кратамі.

Можна дзесяць разоў узяць з чалавека падпіску аб неразгалошванні, але схільны да рэфлексіі розум заўсёды знойдзе шлях пажаліцца на сваіх крыўдзіцеляў. Справа плошчы 2010-га года мела вынікам стварэнне цэлага эпасу з тэкстаў, якія зафіксавалі норавы ды паводзіны сістэмы ў літаратуры («Аўтамат з газіроўкай» Някляева, «Амерыканскія вершы» Фядуты і г.д.).

Прыбралі таго, каму відавочна былі вінныя: у лістападзе, на VI форуме прадпрымальнікаў, Кныровіч зазначыў, што «па адным з прадпрыемстваў» агульная запазычанасць за пастаўленую яшчэ ў 2015 годзе прадукцыю — $ 1,5 мільёна.

Арышт адбыўся на фоне высілкаў сістэмы па сімуляцыі стымуляцыі прыватнай ініцыятывы.

Вось што цікава: мы ўжо нават не ўсведамляем сваю выключнасць, уласныя вельмі своеасаблівыя адносіны з канцэптам пакарання, якія склаліся ў нас за 25 гадоў жыцця на пранізлівым ветры.

Вось глядзіце: у любым творы мастацтва, у еўрапейскім дэтэктыўным рамане ці амерыканскім трылеры турма з’яўляецца фінальным і вельмі чаканым пунктам кар’еры злачынцы.

І менавіта ў такім ключы мы прызвычаіліся да яе ставіцца. Гэтаму нас навучыла сусветная культура, на якой мы выгадаваліся.

Будзь тое Холмс, Пуаро ці Мегрэ, затрыманне, следства, суд ёсць вынікамі складанай і амаль заўсёды інтэлектуальна акрэсленай гульні добрых хлопцаў з дрэннымі. Другія хаваюцца, круцяць, першыя шукаюць ды разблытваюць.

Шторазу, калі мы чуем пра арышт, прачытаныя намі кнігі пра сышчыкаў шэпчуць: раз узялі — было за што!

Але ў Беларусі злачынства і пакаранне не ёсць звёнамі аднаго ланцуга. Яны ўжо пэўны час наогул ніяк не стасуюцца. Бяруць за проста так, караюць бо не ўмеюць прабачацца.

Што да злачынства, то для пэўных людзей гэтага паняцця наогул не існуе. Яно для іх дэкрыміналізаванае, выведзенае за межы маралі. Добрая ілюстрацыя таго, як гэта спрацоўвае, — гучныя і яўныя выпадкі перавышэння паўнамоцтваў людзьмі ў пагонах, за якія ім не было анічога. Уся краіна разабраная на тых, хто мусіць дбаць пра Крымінальны кодэкс, і тых, хто можа на яго забыцца: у выпадку правіны вінаватай усё роўна прызнаюць ахвяру.

У грамадстве, дзе частка людзей грашыць, а другая частка выконвае ролю ахвярных бараноў за заганы першых, нехта абавязкова пачне павольна бурэць. Што, уласна, ужо бачна. І чым болей будуць бурэць адны, тым мацней мусяць баяцца астатнія.

Пра трансфармацыю паняцця «злачынства» я ўжо напісаў. Але і «пакаранне» ў нас вельмі своеасаблівае. Па-першае, знікае яго непасрэдная датычнасць да прычыны. «Караюць» па тым прынцыпе, па якім Выхухалеў прасаваў Кабана ў рамане «Сфагнум»: некаму ж трэба адказваць! А хаця б каму!

Функцыянальна гэта прынцып антычнай драмы, deus ex machina. Калі Эўрыпід не ведаў, як прывесці героя да перамогі, ён уздымаў на схену багоў, якія дапамагалі заваліць ворагаў. Беларускае «пакаранне» — гэта менавіта deus ex machina.

Напрыклад, ёсць вуліца, на якой робяць грошыкі свае, добрыя, хлопцы. І на гэную вуліцу можа тэарэтычна зайсці любы дурны з мільёнам даляраў. Асабліва ў абстаноўцы сімуляцыі стымуляцыі дзелавой актыўнасці. І вось ён топчацца, інвестыцыйны піянер без «даху» і сувязяў (такія ёсць), можа, нават і з-за мяжы. Хоча адкрыць кавярню, бачыш ты! І калі ўсё ў яго бездакорна: і паперы, і грошы, і падаткі, і звычкі, і адносіны ў сям’і — на схену ўздымуць багоў спецыфічнага беларускага гатунку. Якія хуценька знойдуць у інвестара цвілы хлеб і дзіравы гарох у супе, на падставе чаго піянера пакараюць у найлепшым выпадку адцісканнем кавярні (у найгоршым — тым самым + канфіскацыя ўсяго + 5 гадоў зняволення).

Іншаземцу будзе вельмі цяжка патлумачыць, у чым ён вінаваты. Бо, уласна, калі без тарабаршчыны актаў праверак, не вінаваты ён проста ні ў чым. Але ж мы з вамі прызвычаіліся да адчування ўвесь час сціснутых сківіц. Да думкі пра ўласную перманентную заганнасць. Якая пайшла з чытання крымінальных навін на штодзённых сайтах.

Калі згадваць пра літаратара, логіка якога трапна апісвае беларускі арышт, дык, відавочна, гэта будзе не Салжаніцын. Бо ў «ГУЛАГу» мы хаця бачым следства, абвінавачванне, нейкія доказы, хай сабе і здабытыя праз катаванне сцюдзёным карцарам. У нас следству проста няма чаго рабіць, бо — зноўку ж — сувязь паміж заганай ды расплатай адсутнічае. Падследны (калі ён разумны ды бывалы чалавек) не здзіўляецца, калі яго бяруць, і тым больш не імкнецца даказаць сваю невінаватасць. Вінаватыя ўсе, проста гэтым разам багі на схену прыйшлі менавіта па яго.

Гэты тып адносін паміж следчымі і грамадзянамі можа знайсці у Кафкі. Менавіта тут чалавека могуць затрымаць і прапанаваць самому прыдумаць, за што яго затрымалі. Кафка, Ёнэску, Мрожак, агрэсіўны абсурд, адрынанне логікі — і так, гэта сапраўды не таталітарызм, бо апошні прадугледжвае хоць які парадак.

Любы беларус з лёгкасцю пералічыць найбольш чутныя нагоды для затрыманняў:

    узялі, каб выціснуць грошай (варыянт — канфіскаваць бізнес);

    узялі, бо лез у палітыку;

    узялі, каб запужаць таго, каго ўзялі;

    узялі, каб запужаць усіх астатніх.

Так год за годам нас выхоўваюць на чужым болі, страху ды несвабодзе. Чаму нас імкнуцца навучыць?

Таму, што дабра і зла не існуе, усё адносна, а пад схенай быцця ўвесь час сядзіць табар антычных помслівых бажкоў, якія ў любы момант будуць гатовыя сцягнуць цябе ў пекла, калі па-іншаму іхны калдырскі герой не пераможа.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3