Памылка прыроды?

У 2003 годзе – на два гады хутчэй, чым планавалася – біяінфарматыка выканала сваю галоўную місію: быў цалкам расшыфраваны геном чалавека. Адолеўшы “галавакружэнне ад поспехаў”, навуковы свет нерашуча спрыніўся: і што з таго? Але тут жа радасна адказаў сам сабе: шмат чаго! Цяпер спецыяльна навучаныя людзі могуць не толькі “прачытаць” жывую істоту, але і “перапісаць яе”, выправіўшы памылкі прыроды. Да таго ж цяпер дзякуючы біяінфарматыцы асноўнае дасягненне геннай інжынерыі – кланаванне – як ніколі наблізілася да канвеернага рэжыму. Долі (1997-2003), самая знакамітая авечка ў свеце, памерла, але справа яе жыве.

Hello, Dolly!

Той, хто бачыў гэта на свае вочы, кажа: геном чалавека нагадвае зямлю з вышыні птушынага палёту. А тое, як паводзяць сябе гены на храмасомах – кампутарную гульню “Цывілізацыя”. Напрыклад, мужчынская полавая храмасома – гэта Візантыйская імперыя пасля заваявання туркамі: нармальныя гены там больш не тусуюцца. 19-я храмасома – гэта сталіца свету. Сюды сцягваюцца найздольнейшыя і найамбітнейшыя гены, тут у іх штаб. Адхіленні ў гэтай храмасоме заканчваюцца смерцю ў чэраве маці.

А яшчэ геном (набор генаў у ДНК) параўноўваюць з алфавітам: як літары лягуць, з тым табе і жыць. І, калі казаць пра сучасны этап, то монстры world bioinformatics – гэта дашкаляты, якія ўжо вывучылі ўсе літары і нават навучыліся чытаць па складах простыя словы. Праўда, сэнс тэксту пакуль не зусім даганяюць, але, што ні год, істотна паляпшаюць тэхніку чытання.

А пачалося ўсё ў 1960-я, калі Маршал У. Нірэнберг і яго калегі расшыфравалі генетычны код ДНК, за што ў 1968 годзе атрымалі Нобелеўскую прэмію. Ужо тады было ясна, што на дасягнутым ніхто спыняцца не збіраецца. У 1976 годзе была адкрыта магчымасць кланавання, а ў 1980-я біяінфарматыка аформілася ў самастойную дысцыпліну па вывучэнні перш за ўсё генаў. У нашыя дні “біяінфарматыка” модна пісаць на тых шыльдах, дзе раней экстрасэнсы змяшчалі лаканічнае “снимаю порчу”, але біяінфарматыка як навука – гэта калі задачы малекулярнай біялогіі вырашаюцца з дапамогай матэматычных метадаў. Яно і зразумела: ДНК – гэта такая завернутая спіралька з мільярдамі ўсяго-усяго ў ёй, ручкамі не палічыш.

Прышчэпка ад раку

Аналітыкі падлічылі, што ў 2006 г. аб’ём рынку біяінфарматыкі складзе 1,7 млрд долараў: ужо сёння яна шмат каму дапамагае эканоміць час і целарухі. Напрыклад, фармаколагам, якія цяпер могуць распрацоўваць таннейшыя старыя і ўвогуле новыя прэпараты. Медыцына – найпершая сфера, на якую працуе біяінфарматыка. Дыягназ “спадчынная хвароба” перастане быць выракам. Кажуць, ужо “намацаны” ген, які вінаваты ў стварэнні ракавых пухлін, а даследаванні стволавых клетак дапамогуць у будучыні спыніць эпідэмію астэахандрозу, якая скручвае літарай “зю” амаль кожнага чацвёртага на планеце. У 1990 годзе ў ЗША была праведзена першая аперацыя па перасадцы генаў – на самым агульным іх узроўні, вядома. Далей генная тэрапія плануе дакапацца і да дыябету, і да гемафіліі, і шмат да чаго іншага. Ну і, ясная справа, ад таго, як каўбасяцца храмасомы на дысплеях, выйграе сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць: варта згадаць тыя “генетычна мадыфікаваныя сасіскі”, якімі ў сербскай камедыі Jagoda u supermarketu тэрарыст кідаўся ў штурм-групу пад шчаслівыя енкі антыглабалістаў…

Яны сярод нас

У біялагічнай і медыцынскай адукацыі інфарматычны бум – ці не ўсе буйныя універы любой краіны, як ні вазьмі, маюць факультэты біяінфарматыкі ці міждысцыплінарныя цэнтры такога кшталту. У Еўропе: французскія ВНУ – 9 пазіцый, нямецкія – больш за 10, брытанскія – больш за 20, Польшча – Ягелонскі універсітэт у Кракаве. У многіх універсітэтах спецыяльнасці толькі-толькі ўводзяцца альбо анансуюцца на 2006-2007 навучальны год. У расійскім МГУ, напрыклад, першы набор зусім нядаўна адсвяткаваў медыум – факультэт біяінжэнерыі і юіяінфарматыкі быў створаны там у 2002 годзе. Усё гэта дае зразумець: цягнік баранаў, дыпламанавых толькі ў галіне біялогіі, медыцыны альбо прафесіяналаў толькі ў кампутарнай/вылічальнай тэхніцы, -- яшчэ на пероне.

Каб перакваліфікавацца ў спецыяліста па біяінфарматыцы, біёлагу альбо медыку патрэбныя тры кіты:

1. UNIX – варта авалодаць гэтай аперацыйкай, каб сэканоміць час і нервы сабе і патэнцыйным калегам;

2. Матэматыка: статыстыка, логіка, тэорыя мностваў – усё гэта дысцыплінуе вегетатыўныя мазгі біёлага;

3. Праграмаванне: варта вывучыць хоць якія мовы, саліднейшыя за стары-добры BASIC: падыйдуць Pascal, C(++), Java i Fortan.

А вось кампутарным геніям раяць вярнуцца ва ўлонне маці-прыроды і закапацца ў:

1. малекулярную біялогію;

2. пратэінавую (бія)хімію

3. эвалюцыйную біялогію (пачні з кнігі Рычырда Доўкінса “Ген-эгаіст” і памятай, што гэта метафара!).

Каб не заблытацца, варта памятаць, што bioehgineering (біяінжынерыя, генная інжынерыя) – гэта крыху іншая парафія, чым біяінфарматыка. Яна больш на слыху: пад шумок. Ці этычна кланаваць жывых істот, і музычную тэму з серыяла “КЛОН” тэхнічныя ВНУ абвяшчаюць уступныя іспыты. У Расіі, апроч МДУ, генных інжынераў з 1997 года рыхтуюць яшчэ ў Піцерскім палітэху, на факультэце медыцынскай фізікі і біяінжынерыі. Што да патрабаванняў на ўступных, скажам, у МДУ, то тут 4 пісьмовыя іспыты: матэматыка, хімія, фізіка/біялогія (на выбар), руская мова/літаратура (сачыненне).

WEB: ведай больш

http://bioinformatics.org/faq -- найсаліднейшы сеціўны рэсурс па біяінфарматыцы прапануе падрабязны лікбез па тэме. У раздзеле “Адукацыя” – пералік большасці ВНУ ЗША і Заходняй Еўропы, дзе вучаць біяінфарматыцы. Асартымент вялікі – зыходзячы з замежных моў, якімі валодаеш, а таксама са свайго ўзроўню падрыхтоўкі можаш шукаць тут як пяцігадовае дзённае навучанне, так і кароткатэрміновыя стажыроўкі для праграмістаў/біёлагаў, навучанне ў магістратуры ці дактарантуры.

www.ebi.ac.uk – сайт Еўрапейскага інстытута біяінфарматыкі – “19-й храмасомы” мікрабіялагічных доследаў ў Еўропе.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 4