Толькі на «лісты шчасця» для дармаедаў дзяржава выдаткуе каля 80 тысяч долараў

24 студзеня МПЗ адрапартавала, што падатак за дармаедства ўжо заплацілі 34100 беларусаў, у бюджэт паступіла 10,2 мільёна рублёў, а агулам беларускім дармаедам разаслана больш за 440 тысяч паведамленняў (усяго іх можа быць нават 500 тысяч). Лічбы немаленькія.

Паспрабуем падлічыць дзяржаўныя выдаткі, звязаныя са знакамітым Дэкрэтам №3.

«Цяпер працую толькі з гэтымі зваротамі»

Памер сярэдняга месячнага заробку беларускага чыноўніка за 11 месяцаў мінулага года склаў каля 830 рублёў. Калі раздзяліць на 20,5 працоўных дзён (так прыняло Мінпрацы) і 8-гадзінны працоўны дзень, то атрымаецца, што ў сярэднім гадзіна працы беларускага чыноўніка каштуе дзяржаўнаму бюджэту прыкладна пяць рублёў. Начальніца фінансавага аддзела Мазырскага райвыканкама ў размове з Еўрарадыё прызнаецца, што апошнім часам амаль цалкам займаецца запытамі «дармаедаў».

Вось у мяне і цяпер на стале ляжаць гэтыя дакументы, трымаю іх у руках. 140 чалавек ужо напісалі заявы з просьбай вызваліць іх ад выплаты збору. Кожную заяву мы разглядаем на камісіі. Туды ўваходзіць 4-5 чалавек з усіх зацікаўленых ведамстваў... Камісія збіраецца раз на тыдзень і абмяркоўвае, задаволіць, альбо не. Яшчэ абавязкова ездзім на месцы, я таксама выязджаю. Гэта такое пытанне, якое ў кабінеце не вырашыш», ― расказвае чыноўніца.

Падлічыць, колькі працоўных гадзін чыноўнікі трацяць на выяўленне дармаедаў, рассылку ім лістоў, а потым праверку ўмоваў, у якіх яны жывуць, амаль немагчыма. Але калі ўлічыць, што ў Беларусі 118 раёнаў і ў кожным з іх для працы з дармаедамі скліканая цэлая камісія, то затраты чыноўніцкіх чалавека-гадзінаў будуць немаленькімі. Тым больш, што дармаедаў чыноўнікам дапамагаюць выяўляць нават супрацоўнікі ДАІ (прабіваюць па сваіх базах інфармацыю пра зарэгістраваныя транспартныя сродкі) і памежнікі (паведамляюць органам улады аб перасячэнні мяжы патэнцыйнымі плацельшчыкамі збору).

Стварэнне базы дармаедаў

Еўрарадыё знайшло на сайце тэндэраў конкурс Міністэрства па падатках і зборах на распрацоўку «інфармацыйнай базы дадзеных аб прыбытках грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь». Згадкі аб датычнасці новай базы да Дэкрэта №3 у тэндэры няма, але сама фармулёўка ― адзін ў адзін адтуль. Кошт пытання ― 1 мільён 175 тысяч новых рублёў.

Скрыншот з тэндэрам на стварэнне новай інфармацыйнай базы для МНС.

Кошт «ліста шчасця» ― 36 капеек

24 студзеня Міністэрства па падатках і зборах паведаміла, што разаслала ўжо 440 тысяч «лістоў шчасця» з прапановай заплаціць дармаедскі збор. Выглядаюць лісты па-рознаму. На адных замест маркі хвалістая лінія, на іншых ― загадкавы надпіс «аплачана па дамове». Самай шчырай аказалася інспекцыя МПЗ па Маскоўскім раёне Брэста. На канвертах для дармаедаў яе работнікі паставілі штамп з коштам паштовай паслугі ― 36 капеек. Калі памножыць гэтую суму на 440 тысяч, атрымаем амаль 160 тысяч рублёў. І гэта без кошту канвертаў.

Колькі плануюць зарабіць?

Адназначна сказаць цяжка. Не ўсім выяўленым дармаедам выстаўляецца збор, роўны 360 рублям. Нехта здолеў даказаць, што дармаедам не з'яўляецца. Нават канчатковая колькасць дармаедаў пакуль не вядомая, іх можа быць і 500 тысяч. Але нават калі ўзяць лічбу 400 тысяч і памножыць яе на 360, то атрымаем 144 мільёны. Гэтыя грошы лёгка перакрываюць усе выдаткі ― і на «лісты шчасця», і на інфармацыйную базу, і нават на аплату працы чыноўнікаў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5