Беларускі пратэст: «Палітычныя генэралы рыхтуюцца да мінулай вайны»

Ці магчымыя зараз у Беларусі масавыя акцыі пратэсту з палітычных ці эканамічных прычынаў — абмеркавалі  Ігар Ільяш, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Пратэст прадпрымальнікаў у цэнтры Менску 28 лютага 2016 году. Фото: Радыё Свабода

Ільяш: На мінулым тыдні было абвешчана адразу некалькі ініцыятываў правядзеньнвулічных акцыяў пратэсту супраць падатку на дармаедаў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, «Справядлівы сьвет» і яшчэ шэраг арганізацыяў плянуюць правесьці «марш дармаедаў» ў Менску 15 сакавіка, а таксама абмяркоўваюць магчымасьць правядзеньня мітынгаў у рэгіёнах у лютым. Мікалай Статкевіч у сваю чаргу заявіў аб намеры правесьці 17 лютага ў Менску «Маршу супраць незаконных пабораў уладаў з грамадзянаў Беларусі».

Ня вельмі хочацца засяроджвацца на абмеркаваньні менавіта гэтых акцыяў і пытаньня, чаму апазыцыя зьбіраецца ладзіць маршы дармаедаў паасобку. Проста канстатуем, што сэзон вулічных акцыяў пратэсту адкрыты. Але якія пэрспэктывы мае вулічны пратэст у Беларусі ў 2017 годзе?

У другой палове 2015 году і ў 2016 годзе пратэст у Беларусі існаваў у вельмі незвычайнай форме. Улады адмовіліся ад тактыкі татальнага разгону любых мітынгаў, у выніку чаго ў параўнаньні зь мінулымі гадамі ў Менску праходзіла дастаткова шмат вулічных акцыяў. Але, нягледзячы на такую мяккасьць сілавікоў, ніводнай акцыі пратэсту з прэтэнзіяй на масавасьць мы так і ня ўбачылі.

Мне здаецца, што, разважаючы над пытаньнем пэрспэктыў пратэсту мы павінныя згадаць сумную дату, якая адзначалася ўчора — 3 гады ад часу першых забойстваў на кіеўскім Эўрамайдане.

Менавіта кроў на Эўрамайдане стала паваротным пунктам у стаўленьні беларускага грамадзтва да ідэі вулічнага пратэсту.

Гэтыя падзеі зьмянілі нашыя ўяўленьні аб рэальнасьці, у якой мы існуем, прадэманстраваўшы, якімі могуць быць рэвалюцыі ў XXI стагодзьдзі. Стала выразна ясна, што, улічваючы характар Лукашэнкі, у Беларусі малаверагодная ня тое што «аксамітная рэвалюцыя», але нават украінскі варыянт: калі што, у нас тут ня снайпэры будуць страляць, а танкі. Усьлед за гэтым наступіла разуменьне таго, што беларускі Майдан (у тым ці іншым выглядзе) можа стаць падставай для ваеннай агрэсіі з боку Крамля, што яшчэ страшней. Да такіх высокіх ставак людзі відавочна аказаліся не гатовыя.

Пратэст апрыёры страціў сэнс ня толькі ў вачах масавага беларуса (якому Майдан і вайна на Данбасе нанесьлі глыбокую псыхалягічную траўму), але і актыўнай, дэмакратычна арыентаванай часткі грамадзтва: ісьці да канца (рызыкуючы паўтарыць кроў на Майдане і справакаваць агрэсію Крамля) ніхто не гатовы, а таптаньне на вуліцы проста так (каб, паводле выразу Статкевіча, «пашырыць прастору свабоды») выключае магчымасьць мабілізацыі незадаволеных.

У выніку, размовы пра канкрэтную Плошчу ўжо даўно зьмяніліся абстрактнымі размовамі аб сацыяльным выбуху, які нібыта аднойчы адбудзецца, калі эканоміка Беларусі дасягне дна. Хоць дзе гэтае дно і калі Беларусь яго дасягне, ніхто нават блізка не ведае.

Цыганкоў: Я думаю, Ігар удала прыгадаў Майдан, і я памятаю, што адразу тады, у 2014 годзе пасьля Майдану, наш калега Валер Карбалевіч напісаў блог пра тое, што Майдан зьняпраўдзіў, абясцэніў Плошчу, і гэта быў ці не самы чытаны блог году.

Паколькі сапраўды ёсьць мэнтальныя асаблівасьці беларусаў, у гэнэтычнай памяці якіх закладзены натуральны страх перад гвалтам, падзеі на Майдане ў значнай ступені проста адсунулі размовы пра Плошчу. Мы бачым, што выбары 2015 году адбыліся, можа быць, упершыню на такім фоне, калі ніхто з апазыцыйных лідэраў не заклікаў на Плошчу, разумеючы тыя асаблівасьці украінскага варыянту.

Ёсьць глыбінныя прычыны, чаму сёньня не выпадае гаварыць пра палітычную актыўнасьць ці нават сацыяльны выбух. Калі мы параўноўваем апошнія нешматлікія мітынгі з падзеямі ў 90-я і нулявыя гады, можна зразумець, наколькі зьмянілася ўся сытуацыя.

Тады, у 90-я, было ўнікальнае, непаўторнае спалучэньне многіх прычынаў, палітычных, сацыяльных, ідэйных, якія выводзілі людзей на вуліцу. Цяпер многіх зь іх проста няма, напрыклад, няма патрэбы змагацца за незалежнасьць — фармальна незалежнасьць у Беларусі ёсьць. Няма патрэбы змагацца за свабоду выезду, што для многіх у пачатку 90-х было вельмі актуальным.

Мы бачым, як некаторыя актывісты ажыцьцявілі якраз гэтую сваю свабоду і выехалі за мяжу. За мяжой, часам здаецца, палітычных актывістаў больш, чым у Беларусі.

Ну а сацыяльны выбух можна аддзяліць ад выбуху ўласна палітычнага. Тут, безумоўна, ёсьць некалькі чыньнікаў. Перш за ўсё людзі, якія патэнцыйна зьяўляюцца суб’ектамі сацыяльнага выбуху, занятыя трохі іншым — выжываньнем. У іх проста няма такой думкі, што іх выхад на Плошчу можа нешта зьмяніць у іх сацыяльна-эканамічным жыцьці. Яны больш думаюць, куды б паехаць на заробкі і г. д.

Людзі выходзяць на вуліцу, калі яны бачаць у гэтым нейкі сэнс. Прыгадаем 19 сьнежня 2010 года, калі ўсе сумняваліся, а раптам зьявілася як мінімум 50 тысячаў людзей на Кастрычніцкай і Плошчы Незалежнасьці ў Менску. Людзі разумелі, што гэта той момант, калі іх удзел можа нешта зьмяніць. Таму дзеяньні беларусаў у гэтым сэнсе дастаткова практычныя і рацыянальныя.

Дракахруст: Ёсьць такая прымаўка, што ўсе генэралы рыхтуюцца да мінулай вайны. Палітычныя генэралы таксама рыхтуюцца да мінулай вайны.

Нашае пытаньне, якое ў нас заўсёды ўзьнікае — а ці будзе ў нас чарговая Плошча? Вось было дзьве плошчы, ці будзе трэцяя? Плошча — гэта палітычная акцыя, прымеркаваная да нейкай важнай палітычнай падзеі і ў значнай ступені ініцыяваная, натхнёная арганізаванай палітычнай апазыцыяй. Я мяркую, што тыя аргумэнты, якія выклаў Ігар, кажуць, што гэта вельмі-вельмі малаімверны сюжэт у цяперашняй сытуацыі, хаця б з тае прычыны, што няма такой падзеі, няма прызначанай «гадзіны Ч» кшталту выбараў.

Але насамрэч і наша гісторыя найноўшая, і гісторыя шмат, шмат якіх краінаў вакол нас і падалей паказваюць, што існуюць зусім іншыя сюжэты, зусім іншыя сцэнары. Тыя ж беларускія красавіцкія страйкі 1991 году — так, тады было іншае грамадзтва, але гэта прыклад зусім іншага сцэнару разьвіцьця падзеяў.

Расейская Балотная, турэцкая плошча Таксім, арабскія рэвалюцыі ў 2011 годзе, армянская «электрычная» рэвалюцыя пару гадоў таму — ўсе яны разьвіваліся не па сцэнары беларускай Плошчы. Яны не былі ні да чаго прымеркаваныя, у іх элемэнт спантаннасьці быў значна большы, чым у беларускіх Плошчах. Гэта быў выкід народнага гневу, абурэньня.

Ва ўсіх гэтых падзеях апазыцыя прынамсі напачатку чухала патыліцу і думала, што ж ёй рабіць з такім падарункам лёсу, ніводная з гэтых падзеяў не была арганізаваная, скліканая апазыцыяй.

Я б сказаў асьцярожна, што імвернасьць такога сцэнару ў Беларусі хоць і невысокая, але вышэйшая, чым імавернасьць Плошчы.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 3.7