«Гэта спробы Масквы «ўшчыпнуць» Беларусь»

Чаму Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны назваць заявы расейскага боку «стогнам і лямантам» — аналітыкі Паўлюк Быкоўскі і Андрэй Паротнікаў ацанілі стан адносінаў паміж Менскам і Масквой.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка заявіў пра адсутнасьць рызыкаў для Беларусі і суседніх краінаў ад увядзеньня Беларусьсю бязьвізавага ўезду на тэрмін да пяці сутак для грамадзянаў 80 дзяржаваў. Ён даволі рэзка выказаўся пра некаторыя рэакцыі ў Расеі з нагоды гэтага кроку афіцыйнага Менску, назваўшы іх «стогнам і лямантам». Чаму кіраўніку Беларусі давялося настолькі рэзка рэагаваць? Ці сапраўды гэтыя 2 тэмы — бязьвізавы ўезд і міграцыйныя цэнтры — могуць стаць кропкамі сутыкненьня ў адносінах Менску і Масквы?

Паротнікаў: Я лічу, што гэтыя тэмы стануць кропкамі інфармацыйнай вайны. Што тычыцца міграцыйных цэнтраў, то варта ўзгадаць, што першы зь іх быў пабудаваны колькі гадоў таму ў Берасьці, — і тады ніякіх праблемаў і пытаньняў у Расеі гэта ня выклікала.

Гэтыя выказваньні Лукашэнкі, безумоўна, эмацыйныя і яны сьведчаць пра тое, што ўзровень беларуска-расейскага палітычнага дыялёгу цяпер настолькі нізкі, што не праглядаецца нават магчымасьць ягонага паляпшэньня. Адпаведна Лукашэнка вырашыў не падбіраць словы і сказаў, што называецца, «ад сэрца і ад душы».

Цыганкоў: Так, можна тут прывесьці наступныя словы Лукашэнкі — «Усё, пра што мы дамаўляліся, мы сьвята выконваем. Калі Расея заклапацілася, то я заўсёды кажу: дай Бог вам несьці на мяжы службу так якасна, як гэта арганізавана ў беларускіх памежных войсках. Ім яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню кантролю на межах, які мае Беларусь». Паўлюк, ці маюць прэтэнзіі Расеі чыста ідэалягічны грунт, ці зачэпкі маюць нейкія фармальна-юрыдычныя падставы?

Быкоўскі: Гэта проста выкарыстоўваецца як адзін з аргумэнтаў у палітыцы, прычым сутнасьць аргумэнту нікога не цікавіць, бо гэта проста такія «ўпаковачкі», якія кормяць публіку. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык даволі дасьціпна адказаў на выказваньне расейскага міністра замежных спраў Лаўрова наконт праектаў пабудовы цэнтру для мігрантаў. Мірончык зьвярнуў увагу, што Расея сама такія цэнтры пабудавала і значна раней. І што Расея мае дамову з Эўразьвязам па рэадмісіі, якой пакуль ня мае Беларусь. Усё гэта разам ня выклікала пярэчаньняў у Беларусі. Чаму ж тады расейскі бок выказвае пярэчаньні да Менску, калі той робіць усё паводле прыкладу свайго партнэра?

Гэта ўсё спробы «ўшчыпнуць» Беларусь, прычым гэта робіцца на той хвалі, якая ўжо назіраецца досыць працяглы час. Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, які спрабуе падлічыць, як зь якімі краінамі ў нас будуюцца адносіны, упершыню паставіў «мінус 1» дынаміцы адносінаў з Расеяй. І пакуль гэты вэктар ня зьменіцца, хутчэй за ўсё, такія спробы «ўшчыпнуць» будуць працягвацца.

Цыганкоў: І калі з Расеяй растуць «мінусы», то з Эўропай растуць «плюсікі».

Быкоўскі: Так, гэта сьведчыць пра дынаміку. Але, натуральна, гэта не азначае, што адносіны з Эўропай у Менску лепшыя за адносіны з Расеяй.

Цыганкоў: Міграцыйныя цэнтры, пра якія вы казалі, — гэта адно. Аднак, магчыма, бязьвізавы ўезд замежнікаў — гэта іншая тэма. Магчыма, тут у Масквы ёсьць фармальныя прэтэнзіі: маўляў, замежныя грамадзяне ўедуць у Беларусь бязь візаў і потым могуць незаконна ўехаць у Расею, бо паміж краінамі няма памежнага кантролю.

Быкоўскі: Расея таксама дазваляе камусьці бязьвізавы ўезд на сваю тэрыторыю. Ёсьць дамоўленасьці ў межах розных інтэграцыйных структураў, паводле якіх Беларусь частку свайго сувэрэнітэту аддала наднацыянальным органам. Сярод іншага — гэта агульная зьнешняя мяжа.

Напрыклад, даваўся бязьвізавы ўезд на пэўныя спартовыя мерапрыемствы, ці працуе дамова аб малым памежным руху з Латвіяй — гэта ні ў каго не выклікала ніякіх пярэчаньняў. Я думаю, што і гісторыя з аэрапортамі, дзе пачалі ажыцьцяўляць пашпартны кантроль на беларускіх рэйсах у Маскве — гэта спробы ўзьняць узровень канфлікту.

Цыганкоў: Ці апошнія крокі афіцыйнага Менску аб’ектыўна злуюць Маскву? Ці проста адносіны цяпер на такім узроўні, што Крэмль дачэпіцца да самых нявінных крокаў Менску?

Паротнікаў: Я думаю, менавіта другое. Пытаньне ня ў нейкім геапалітычным развароце ці пабудове Менскам адносінаў з Эўразьвязам. Тым больш, што гэтыя адносіны знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні — значна ніжэйшым, чым, напрыклад, мае з Эўропай Расея, Армэнія ці Казахстан.

Проста зараз Масква спрабуе, карыстаючыся эканамічнай слабасьцю Менску, націснуць на яго па палітычных і ваенна-стратэгічных пытаньнях. А тэма — толькі зачэпка.

Цыганкоў: Націснуць дзеля чаго? Дзеля дасягненьня якіх мэтаў?

Паротнікаў: Давайце ўзгадаем, што Аляксандар Лукашэнка дагэтуль застаецца найбольш папулярным замежным палітыкам у Расеі. Гэтыя накаты маюць на мэце ў тым ліку і разьбіць гэтую папулярнасьць, каб потым мець магчымасьць і ўнутраную легітымнасьць перайсьці да больш жорсткага ціску на Лукашэнку.

Другі момант — ствараючы такія канфлікты на пустым месцы, Масква можа атрымаць псыхалягічную магчымасьць сьпіхнуць эканамічныя праблемы Беларусі на беларускае кіраўніцтва. Менск зараз павінен выплаціць каля 5 мільярдаў даляраў дзяржаўных пазыкаў. Такіх грошай у краіне няма.

Уступіўшы ў ЭўраЗЭС, беларускія ўлады мелі стратэгічную мэту атрымаць доступ на рынак прадукцыі, доступ да транспартнай і энэргетычнай інфраструктуры і да фінансавай падтрымкі з боку Масквы. Але цяпер у Крамлі могуць сказаць — «вы не ідзяце нам насустрач, чаму мы павінны вам дапамагаць?» І СМІ пачнуць даносіць да беларусаў думку, што эканамічныя праблемы ў Беларусі здарыліся менавіта таму, што Лукашэнка не дамовіўся з Пуціным, выступіў супраць Расеі.

Цыганкоў: Чаму Расея падвышае ўзровень канфліктнасьці ў адносінах зь Беларусьсю? Паўлюк, ваша вэрсія?

Быкоўскі: Адносіны перастаюць быць эксклюзіўнымі, перастаюць быць сур’ёзнымі. Масква ўвесь час прапануе Менску — вы падпішыце гэтую дамову, і тады вы атрымаеце, што хацелі. Потым аказваецца, што беларускі бок альбо ня можа падпісаць гэтую дамову, альбо не атрымлівае абяцанае. Набіраецца груз канфліктаў.

Цяпер наклалася і тое, што Расея пачынае гандаль вуглевадародамі, абыходзячы Беларусь. Беларусь становіцца ўжо не такой неабходнай. Акрамя таго, Менск апошнім часам займае ня цалкам прарасейскую пазыцыю ў канфліктных сытуацыях, і гэта натуральна злуе расейскіх палітыкаў. І гэта сытуацыя нарастае цягам апошніх 10 гадоў.

Звычайна ў год прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі беларуска-расейскія адносіны станавіліся лепшымі. Зараз, напэўна, будуць першыя выбары ў Расеі, калі гэтыя адносіны будуць пагаршацца, і магчыма, стануць вельмі кепскімі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3