Эксперт: Пакуль ідуць перамовы па нафце з Расіяй, думаць пра іншыя варыянты рана

Час сур'ёзна прапрацоўваць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты для Беларусі яшчэ не прыйшоў.

У гэтым упэўненая аглядальніца сайта belrynok.by, эксперт у нафтавай галіне Таццяна Манёнак:

—Усё гэта эканамічныя разлікі. А каб іх зрабіць, трэба ведаць, колькі [Беларусі] дадаткова патрэбна [нафты]. Магчыма, можна было б уключыць трубу «Адэса — Броды». Але пакуль што не вырашана, які аб'ём расійскай нафты Беларусь будзе мець у гэтым годзе.

Расійска-беларускія перамовы па нафце працягнуцца на наступным тыдні. Раней віцэ-прэзідэнт «Транснафты» Сяргей Андронаў заявіў, што за першы квартал 2017 года Расія мае намер паставіць у Беларусь толькі 4 млн тон нафты. Калі такія тэмпы паставак захаваюцца і далей, за год наша краіна атрымае толькі 16 млн тон «чорнага золата».

—А беларускім НПЗ, каб сёння на 100% загрузіць свае магутнасці, трэба перапрацоўваць 24 млн тон, — дадае Таццяна Манёнак.

20 студзеня Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду замясціць альтэрнатыўнымі варыянтамі нафту, якой не хапае з-за скарачэння паставак нафты з Расіі. «Мы некаторыя паспрабавалі, выпрабавалі на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна», — сказаў кіраўнік краіны.

Альтэрнатыўнымі крыніцамі паставак нафты маглі б стаць Азербайджан і Іран. Таццяна Манёнак нагадвае, што пілотны праект па дастаўцы азербайджанскай нафты ў Беларусь ужо рэалізаваны.

—Але гэта даволі дорага. Чыгуначныя пастаўкі заўсёды нятанныя ў параўнанні з трубаправодным транспартам, — мяркуе эксперт. — Магчыма, заява Аляксандра Лукашэнкі прадыктаваная жаданнем крыху прыспешыць перамовы, але складана сказаць, наколькі істотным гэты аргумент будзе для Расійскай Федэрацыі. Мы памятаем 2010-2011 гады, калі Беларусь узнавіла пастаўкі азербайджанскай і венесуэльскай нафты па трубе. Потым, калі перамовы завяршыліся, неабходнасці ў гэтых альтэрнатыўных пастаўках не было.

  • Оцени статью: