Экс-прэм’ер-міністр Чыгір: Інвестыцыі трэба шукаць не ў Судане, а ў Давосе

У швейцарскім Давосе з 17 па 20 студзеня праходзіць 47-ы Сусветны эканамічны форум. Сёлета ў працы форума ўдзельнічае звыш трох тысяч гасцей, з якіх пяцьдзясят ― сусветныя лідары. Карацей, у Давосе ў чарговы раз сабраліся не толькі прэзідэнты, прэм’еры ды розныя міністры фінансаў, але і шмат розных бізнесменаў ды прадпрымальнікаў. А калі казаць прасцей, патэнцыйных інвестараў. Ці не іх наша краіна цяпер актыўна шукае па ўсім свеце?

У прэс-службе Савета Міністраў на пытанне, чаму прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў не бярэ ўдзел у давоскім форуме, адказаць не могуць. Як і сказаць, ці абмяркоўвалася магчымасць такога ўдзелу.

“Такой інфармацыяй я не валодаю, і, што праходзілі такія абмеркаванні (магчымасці ўдзелу прэм’ер-міністра ў працы Сусветнага эканамічнага форума. ― Еўрарадыё), таксама не ведаю”, ― адказваюць мне ў прэс-службе Саўміна.

Тое ж самае чую ў адказ на свае пытанні і ад начальніка аддзела сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі Віктара Еўтухова. Гэтак жа не могуць мне патлумачыць, чаму, да прыкладу, Германию, Францыю, Італію, Іспанію па форуме ў Давосе прадстаўляюць міністры фінансаў, а наш міністр Уладзімір Амарын туды не паехаў. Можа, паехаць у пошуках інвестыцый у Давос кіраўніцтву краіны раілі спецыялісты з Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі? “Нічога пра гэта не ведаю”, ― звыкла адказваюць мне ў прэс-службе і гэтага ведамства.

Што цікава, на гэтым форуме ў швейцарскім Давосе наша краіна пабывала толькі… адзін раз. Здарылася гэта ў 1995 годзе. Тады Беларусь сусветнай эканамічнай супольнасці прэзентаваў пр’ер-міністр Міхаіл Чыгір. І хоць былі мы там упершыню, але вярнулася беларуская дэлегацыя не з пустымі рукамі.

Міхаіл Чыгір: “Прайшлі перамовы з Аўстрыяй, якая прафінансавала будаўніцтва дзіцячага анкагематалагічнага цэнтра ў Беларусі. А вынікам перамоў з прэм’ер-міністрам Швейцарыі стала тое, што гэта краіна падорыць нам на мільёны долараў медыцынскага абсталявання для радзільняў”.

Былы прэм’ер-міністр шчыра здзіўляецца таму, што наша краіна ні разу пасля 1995 года не была прадстаўленая на форуме ў Давосе. Кажа, найперш міністры і ўрад павінны дамагацца ад кіраўніка краіны свайго ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.

Міхаіл Чыгір: “Павінны прыйсці і сказаць: “Аляксандр Рыгоравіч, нам трэба ехаць!" Ну, не ў Судане ж шукаць інвестыцыі! У Еўропе найперш за ўсё іх шукаць трэба ― там тэхналогіі, там грошы”.

Карацей, былы прэм’ер-мінтстр упэўнены: на афіцыйным узроўні браць удзел у Сусветным эканамічным форуме павінна кожная нармальная краіна. Асабліва з улікам таго, што для палітыкаў і прадстаўнікоў ураду ўдзел гэты ― бясплатны. Трэба толькі аплаціць сваёй дэлегацыі дарогу і пражыванне. Ну, і калі самастойна ладзіць нейкі прыём ці прэзентацыю, то за свае грошы.

Іншая справа ― з удзелам бізнесменаў. Ім толькі запрашэнне на форум абыходзіцца ў мінімальныя 71 тысячу долараў. На аднаго чалавека. З усімі астатнімі расходамі набягае да паўмільёна долараў. Але гэта бізнесменаў не спыняе. Замежных, а што з беларускімі? Калі не браць да ўвагі адзінкавыя выпадкі паездак на форум у Давос беларускіх бізнесменаў, якія яны не імкнуцца афішаваць, то беларусаў там практычна не бывае, кажа прадпрымальнік Павел Данэйка.

“А ўсё таму, што туды не ездзіць ніхто з ураду, ніхто не прэзентуе краіну на афіцыйным узроўні. І таму паездкі асобных прыватных асоб ― гэта несур’ёзна. Разумееце, калі няма гарантый з боку ўладаў краіны, то гэта (удзел у працы форума беларускіх бізнесменаў, ― Еўрарадыё) не зусім зразумела для астатняга бізнесу”, ― кажа Павел.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, адмова ўдзельнічаць у Сусветным эканамічным форуме прыводзіць да таго, што Беларусь “не інтэгруецца ў міжнародную эканоміку, вывальваецца з міжнародных фінансавых патокаў” і губляе дадатковыя інвестыцыі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 3