Справа работніцы мэтро: як зьнікае страх грамадзкай адзіноты

«У кнізе гэтай (скаргаў і прапановаў — С.К.) рэальна шмат было запісаў падзякі, гэтыя вашы інтэрнэты і ў рэале няблага працуюць» — піша Zaza Gašek пра спантанную акцыю падтрымкі работніцы мэтро, на якую напісаў скаргу грамадзянін Расеі за тое, што спадарыня зьвярнулася да яго па-беларуску.

Расейцы не разумеюць моўную сытуацыю ў Беларусі, а таму гэты грамадзянін, які прыехаў у чужы манастыр са сваімі статутам, справакаваў адваротную рэакцыю. Людзі пачалі салідарызавацца, пішучы ў кнігу скаргаў і прапановаў словы падзякі работніцы.

Не зьдзіўлюся, калі большасьць тых, хто падтрымаў, расейскамоўныя ў жыцьці. Думаю, ня ўсе разумеюць, як такое можа быць: у жыцьці гаворыш па-расейску, але падтрымліваеш беларускую мову.

Памятаю, як калісьці ў Крыме ў кавярні расейскі турыст у грубай форме адгукнуўся пра ўкраінскую мову ў тэлевізары, і як атрымаў нечаканы для сябе адлуп ад іншых — украінскіх — турыстаў, якія між сабой гаварылі расейскай мовай.

Як і ва Ўкраіне, у Беларусі расейская мова мае тэхнічны статус. На расейскай мове ня створаны прыкметны пласт літаратуры, напрыклад. А беларуская літаратурная мова — гэта мова адукаваных актыўных людзей. Хай сабе на ўзроўні знакаў, а не тэхнічнай камунікацыі. «Мне ўжо ляніва нанова вучыцца, а вось дачку я аддаў у беларускамоўную школу», — кажа мне знаёмец.

Так, для большасьці людзей складана нанова вучыцца, многія камплексуюць з-за недасканаласьці веданьня, ня хочуць рабіць памылкі. Зноў жа, гаворка пра адукаваных актыўных людзей. Урэшце менавіта гэтая меншасьць у любым грамадзтве вядзе рэй.

«Для мяне беларуская мова ў рэкляме і на этыкетках — адзін з атрыбутаў цывілізаванай дзяржавы, якой мне, расейскамоўнай беларусцы, не хапае», — тлумачыць па-расейску адна мянчанка.

Пытаньне беларускай мовы ў Беларусі цывілізацыйнае. Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка адразу адмяніў нацыянальную сымболіку і беларусізацыю. Дэ-факта ўсё вярнуў на ўзровень БССР.

Я ўсё думаў, чаму не пайшоў далей? Ён жа тады на хвалі эўфарыі свайго электарату мог рабіць што заўгодна, мог зусім беларускую мовы вывесьці з ужытку: указальнікі і шыльды перавесьці на расейскую, напрыклад.

Думаю, нават людзі з псыхалёгіяй «крэпкіх хазяйсьцьвеньнікаў», чужых «вот этай всёй вашай культуры», нават гэтыя людзі разумеюць, што пытаньне моваў, а тым больш у Беларусі — вельмі тонкая матэрыя, зь якой нельга рэзка абыходзіцца, бо яе складана вывучыць і прадбачыць вынікі сваіх дзеяньняў. Цяпер сеціва зьмяняе сытуацыю і з вывучэньнем моўнай матэрыі.

У гісторыі з работніцай мэтро мяне ўразіла, як спрацавала інфармацыя ў сацсетках. Жанчыне рэальна дапамаглі, ніякіх спагнаньняў зь яе ня будзе, бо ўнутры дзяржаўнай сыстэмы «кніга скаргаў» — рэальны інструмэнт уплыву на работнікаў.

Самы галоўны вынік — людзі ўбачылі, што ў выпадку чаго ім таксама дапамогуць. Так зьнікае страх самоты. Так атамізаванае грамадзтва паціху зьляпляецца ў малекулы і выбудоўвае новы арганізм.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 7
  • Балл: 3.9