«Мы гатовыя прапанаваць вам пасільную дапамогу». Ці будзе Лукашэнка прадаваць Эгіпту «палянэзы»?

Падчас візыту ў Эгіпет Аляксандар Лукашэнка асабліва адзначыў зацікаўленасьць беларускага боку ў разьвіцьці супрацоўніцтва дзьвюх краін у вайсковай сфэры. Экспэрты ў сваю чаргу лічаць, што эгіпецкі рынак для беларускага вайскова-прамысловага комплексу можа быць вельмі пэрспэктыўным.

«Мы вам пакажам нашы магчымасьці»

Пасьля ўчорашніх перамоваў у Каіры прэзыдэнта Эгіпту Абдэль Фатах аль-Сісі і Аляксандра Лукашэнкі было падпісана дзесяць дакумэнтаў аб разьвіцьці супрацоўніцтва ў розных сфэрах. У прыватнасьці, Беларусь і Эгіпет пагадзіліся сумесна працаваць над заключэньнем пагадненьня аб свабодным гандлі паміж Эўразійскім эканамічным саюзам і Эгіптам, а таксама займацца «прасоўваньнем зьнешнегандлёвых інтарэсаў адно аднаго».

Пра падпісаньне дакумэнтаў у вайсковай сфэры не паведамляецца. Але вядома, што Аляксандар Лукашэнка асабіста сустрэўся зь міністрам абароны і вайсковай прамысловасьці Эгіпту Седкі Сабхі і выказаў спадзеў, што той наведае Беларусь.

«Мы вам пакажам нашы магчымасьці. Калі вам тыя тэхналёгіі, якія ў нас ёсьць, прымальныя, будзем разам працаваць. Думаю, мы знойдзем шмат тэмаў для супрацоўніцтва», — адзначыў Лукашэнка падчас асабістай сустрэчы зь міністрам.

Лукашэнка прапанаваў Сабхі «пасільную дапамогу і падтрымку», калі яны будуць у гэтым зацікаўленыя.

«Паланэз» будзе карысны для эгіпецкай арміі»

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што Беларусь мае добрыя пэрспэктывы ў плане супрацоўніцтва з Эгіптам ў вайскова-прамысловай галіне.

«Беларусь даўно працуе ў Эгіпце. Прычым, як гэта не парадаксальна, прыватныя прадпрыемствы абсталяваліся нават раней, чым дзяржаўныя. Напрыклад, прадпрыемства „Мінатор-сэрвіс“ выйграла некалькі тэндэраў на рамонт бронетранспартэраў эгіпецкай арміі (гэтыя бронетранспартэры яшчэ 1950-х гадоў былі, і там адбываліся перастаноўка рухавікоў ды іншых прылад) — гэта быў кантракт на сотні мільёнаў даляраў. Акрамя таго, разам з расейскімі абароннымі прадпрыемствамі ў рамках фінансава-прамысловай групы «Абараняльныя сыстэмы» была праведзена мадэрнізацыя зэнітна-ракетных комплексаў С-125 «Пячора». То бок мы там працуем даўно, і думаю, што супрацоўніцтва можа працягнуцца менавіта ў сфэры зэнітна-ракетных узбраеньняў і радыёлякацыйных станцыяў. Акрамя таго, Беларусь можа падзяліцца сваім досьведам вытворчасьці бесьпілётных авіяцыйных апаратаў — прычым там ёсьць перадавыя распрацоўкі, патрульныя ўдарныя бесьпілётныя апараты тыпу «камікадзэ», якія распрацоўвае наш фізыка-тэхнічны інстытут пры Акадэміі навук. Нашы прадпрыемствы маюць праграмы мадэрнізацыі ня толькі бронетранспартэраў, але і іншых відаў бранятэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраеньні Эгіпту, а таксама авіяцыйнай тэхнікі. У пэрспэктыве, думаю, магчымае і наладжваньне зборкі аўтамабіляў вайсковага ўзору — як МАЗу, так і Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) непасрэдна ў Эгіпце. Ну і яшчэ адзін вялікі пласт супрацоўніцтва — магчымая падрыхтоўка пэрсаналу ў рамках нашай вайсковай акадэміі.

Таму гэты рынак нам знаёмы, і я думаю, што нашы прадпрыемствы ня толькі дзяржаўнага, але і прыватнага сэктару змогуць там пасьпяхова супрацоўнічаць з эгіпцянамі», — кажа вайсковы экспэрт.

Алесін лічыць, што Беларусь можа наладзіць продаж Эгіпту новай ракетнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз», прынятай на ўзбраеньне беларускага войска ў 2016 годзе. Тым больш што міністар абароны Андрэй Раўкоў раней ужо заяўляў пра тое, што «палянэзы» могуць ісьці ў тым ліку і на экспарт.

«Безумоўна, рэактыўная сыстэма залпавага агню „Палянэз“ будзе карысная для эгіпецкай арміі. Я ведаю, што эгіпцяне праяўляюць вялікую цікавасьць да мадэрнізацыі менавіта ракетна-артылерыйскіх сыстэм, і я думаю, што гэтая сыстэма мае рынкавыя пэрспэктывы ў Эгіпце», — кажа ён.

Прычым Алесін лічыць, што Менск хутчэй захоча прадаваць эгіпцянам не тэхналёгіі, а менавіта гатовыя комплексы «Палянэз».

«Я думаю, што больш выгадна будзе прадаваць гатовыя вырабы, гатовыя „палянэзы“. Наўрад ці эгіпцяне будуць у стане наладзіць вытворчасьць саміх ракет, бо мы толькі нядаўна асвоілі гэтую вытворчасьць ракет на Дзяржынскім электрамэханічным заводзе. Таму я думаю, што будуць гатовыя сыстэмы. Гэта больш выгадна, бо апошні прадавец атрымлівае ўвесь прыбытак», — тлумачыць ён.

«За Судан Беларусь неаднойчы дакаралі»

Пасьля візыту ў Эгіпет Лукашэнка накіруецца ў Судан — з гэтай краінай Беларусь гандлюе вайсковай тэхнікай зь 90-х гадоў.

У 2000-х вайсковае супрацоўніцтва дзьвюх краін набыло скандальную афарбоўку. На сайце WikiLeaks, у справаздачах міжнародных праваабарончых арганізацыяў, а таксама ў розных заходніх СМІ неаднойчы зьяўляліся паведамленьні пра тое, што Беларусь прадала Судану вайсковую тэхніку ў абход рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН ад 2004 і 2005 гадоў, якія забараняюць пастаўкі зброі ў сувязі з грамадзянскай вайной у краіне.

Афіцыйны Менск не адмаўляў пастаўкі вайсковай тэхнікі ў Судан, але настойваў на тым, што рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН не парушаліся — зброя ў ахопленую вайной правінцыю Дарфур не трапляла.

Канфлікт у Дарфуры, што трывае з 2003 году, паводле ацэнак ААН, забраў жыцьці 300 тысяч чалавек. ЗША і шэраг міжнародных арганізацыяў прызналі дзеяньні суданскіх уладаў у Дарфуры генацыдам.

«За Судан Беларусь неаднойчы дакаралі, але нічога даказана не было. Казалі, што мы пастаўлялі туды авіяцыйную тэхніку, якую здымалі ў сябе з узбраеньня — гаворка ішла і пра штурмавікі Су-25, і пра бамбавікі Су-24. Нашы спэцыялісты ўдзельнічалі там у абслугоўваньні гэтай тэхнікі. Былі зьвесткі, што па прыватных кантрактах разам зь пілётамі іншых краін СНД беларускія пілёты ўдзельнічалі там у ваенных дзеяньнях. Былі зьвесткі таксама, што прадаваліся ў Судан боепрыпасы. Гэта значыць, супрацоўніцтва было, але гэта ў асноўным быў гандаль узбраеньнем з арсэналаў былой Беларускай вайсковай акругі. Цяпер, думаю, ёсьць пэрспэктывы ў рамонце і мадэрнізацыі той тэхнікі, якая пастаўлялася ў Судан ня толькі Беларусьсю, але і Ўкраінай, і Расеяй. Ну і маюць рынкавую пэрспэктыву нашы сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы і зэнітна-ракетныя ўзбраеньні», — сказаў вайсковы аглядальнік.

  • Оцени статью: