Чалы: Улады пераацанілі ступень зайздрасьці беларусаў і недаацанілі ступень іх салідарнасьці

12 студзеня Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Чаму ўвогуле зьявіўся гэты дзіўны праект і як можна ацаніць зьмены, унесеныя ў першапачатковы дэкрэт — пра гэта дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык і эканаміст Сяргей Чалы.

Чаму ўвогуле зьявіўся гэты дзіўны праект?

Валер Карбалевіч: «Скандальны прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» быў прыняты 2 красавіка 2015 году. Ён адразу выклікаў шмат пытаньняў. І з прававога гледзішча, бо ён фактычна, хоць і трохі завуалявана, азначае прымус да працы, што супярэчыць і Канстытуцыі, і міжнародным абавязаньням Беларусі. І, галоўнае, з эканамічнага гледзішча. На мой погляд, ён супярэчыць самаму сэнсу і лёгіцы функцыянаваньня рынкавай эканомікі. Тым больш недарэчным стаў гэты дэкрэт ва ўмовах эканамічнага крызісу і росту беспрацоўя. Шмат людзей ня могуць знайсьці працу, грашовая дапамога па беспрацоўі мізэрная, і тут зьяўляецца падатковая інспэкцыя і патрабуе заплаціць падатак. Чаму гэты дэкрэт усё ж зьявіўся?»

Аляксандар Чубрык: «Для ўладаў гэта быў такі зручны палітычны крок. Нічога ня трэба рабіць, а атрымаць піяраўскія дывідэнды. Афіцыйныя асобы кажуць, што ёсьць людзі, якія карыстаюцца сацыяльнымі дабротамі, якія атрымліваюцца з грошай добрасумленных падаткаплатнікаў, а самі не працуюць, ня ўносяць свой уклад у дзяржаўную казну. Таму трэба іх абавязаць плаціць. І напачатку гэтая ідэя атрымала папулярнасьць у грамадзтве. Плюс яшчэ разьлічвалі нейкія грошы сабраць з гэтых дармаедаў.

Але праблема ў тым, што той момант, калі гэты дэкрэт прынялі, у грамадзтве была зусім іншая сытуацыя, у эканоміцы пачалася рэцэсія. Таму настрой грамадзтва радыкальна зьмяніўся».

Карбалевіч: «Вось сп. Чубрык абгрунтаваў палітычныя чыньнікі зьяўленьня гэтага дэкрэту. То бок улады аргумэнтавалі яго неабходнасьцю ўсталяваць сацыяльную справядлівасьць. А ці быў там эканамічны чыньнік? Напрыклад, ліквідаваць ці зьменшыць шэры або ценявы сэктар эканомікі».

Сяргей Чалы: «Мне здаецца, што ногі растуць з дэкрэту Лукашэнкі аб «прыгонным праве» ў дрэваапрацоўчай галіне. Лукашэнка езьдзіў па дрэваапрацоўчых заводах, якія ажыцьцяўлялі так званую «мадэрнізацыю». І сваім дэкрэтам ён забараніў звальняцца работнікам з гэтых прадпрыемстваў да заканчэньня мадэрнізацыі. У той час вакансіяў было больш, чым кандыдатаў на іх. І здавалася, што наперадзе нас чакаюць вялізныя пэрспэктывы разьвіцьця вытворчасьці і збыту. І гэты дэкрэт павінен быў стаць бізуном, з дапамогай якога 400 тысяч чалавек, якія не працуюць у афіцыйнай эканоміцы, дапамогуць мадэрнізацыі.

Але, як ужо слушна адзначыў Аляксандар, якраз у момант прыняцьця гэтага дэкрэту пачаўся крызіс, колькасьць звольненых работнікаў стала перавышаць колькасьць прынятых на працу. То бок дэкрэт аказаўся вельмі несвоечасовым.

А апэляцыя да людзей, якія працуюць, да «рабацяг» зьявілася пазьней. То бок гэта была спроба перавесьці незадаволеньне людзей сваім сацыяльна-эканамічным становішчам з улады на «дармаедаў».

Карбалевіч: «Як на мой погляд, дык гэты дэкрэт цалкам вынікае зь лёгікі патэрналісцкай дзяржавы, якая абвясьціла сябе сацыяльнай. То бок дзяржава спачатку ад усіх забірае, а потым дзеліць. І калі зьяўляецца слой грамадзтва, які выпадае з гэтай лёгікі, то гэта нонсэнс, з гэтым трэба нешта рабіць».

 «Улады пераацанілі ступень зайздрасьці беларусаў і недаацанілі ступень іх салідарнасьці»

Карбалевіч: «Што маем сёньня ў выніку выкананьня гэтага дэкрэту? Улады зыходзілі з таго, што ў Беларусі каля 400–500 тысяч дармаедаў і што паступленьні ў бюджэт складуць каля 100 мільёнаў даляраў. Падатковая даслала да гэтага часу 250 000 лістоў так званым дармаедам, а 15 000 зь іх ужо гэты падатак заплацілі — гэта каля 5 мільёнаў даляраў. Эканамічныя вынікі невялікія. Незразумела, ці пакрываюць яны выдаткі на адміністраваньне гэтага працэсу. Плюс нэгатыўнае стаўленьне грамадзтва да гэтага дэкрэту, што не дадае папулярнасьці ўладам. Можа, варта было б адмяніць яго? Чаму гэта ня зроблена?»

Чубрык: «Гэтае пытаньне стала ўжо псыхалягічным. Бо цяжка адмовіцца ад таго, што сам прыдумаў. Тут дзейнічае сіла інэрцыі. Трэба ж, каб хтосьці гэта ініцыяваў. Адной Канапацкай для гэтага мала. Былі выпадкі, калі прэзыдэнт адмяняў няправільныя рашэньні. Але цяпер праблема ў тым, што ён сам ініцыяваў гэты дэкрэт. Аднак спробы палепшыць гэты дакумэнт толькі падкрэсьліваюць яго бессэнсоўнасьць.

Афіцыйныя асобы кажуць, што дэкрэт скіраваны супраць тых грамадзян, якія ня плацяць падаткі. Але ўсе людзі плацяць падаткі, бо гэтыя падаткі закладзеныя ў цэны на тавары. Ёсьць сапраўды праблема, што значная частка людзей ня плаціць падаходнага падатку. Але змагацца з гэтым трэба іншымі спосабамі. Думаю, прыйшоў час прызнаць гэты дэкрэт памылкай і адмяніць».

Чалы: «6 сьнежня 2016 году была нарада ў Лукашэнкі на гэтую тэму. І кіраўнік дзяржавы там заявіў, што запусьцілі гэты дэкрэт у тэставай вэрсіі, паглядзім на рэакцыю, а калі нешта будзе ня так, то мы, у прынцыпе, можам яго і адмяніць. Але потым паважаныя людзі, якія на той нарадзе прысутнічалі, упэўнілі Лукашэнку, што ўсё нядрэнна, трэба толькі крыху падправіць гэты дакумэнт.

Цяпер бачна, што ўлады пераацанілі ступень зайздрасьці беларусаў і недаацанілі ступень іх салідарнасьці. Увогуле пры адсутнасьці парлямэнту ўсё заканадаўства працуе ў такім рэжыме, як кажуць айцішнікі (я ў больш цэнзурным выглядзе гэта скажу): „цяп-ляп, і ў прадакшн“. Запускаем заканадаўчы акт, глядзім на рэакцыю, і калі яна моцная, то ўносім зьмены. Бо рэальна ніякага абмеркаваньня важных дакумэнтаў не адбываецца».

«Фэадальны падушны падатак на рэзыдэнцтва»

Карбалевіч: «Сам факт таго, што 12 студзеня Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў дэкрэт „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“, сьведчыць пра тое, што ўлады прызналі: ад самага пачатку гэты дакумэнт быў не зусім дасканалы. Як вы пракамэнтуеце гэтыя зьмены? Каго вызваляюць ад неабходнасьці плаціць падатак на дармаедзтва?»

Чубрык: «Гэта ж ня першыя зьмены, якія ўносяцца ў гэты дэкрэт. Там ёсьць правільныя рэчы. Напрыклад, праверка чалавека, якога прызналі дармаедам, ці ён сапраўды бедны. Мясцовым уладам далі права вызваляць ад гэтага падатку тых людзей, якія знаходзяцца ў „складанай жыцьцёвай сытуацыі“.

У выніку атрымліваецца дзіўная сытуацыя. Падатковыя органы рассылаюць процьму лістоў дармаедам. І людзі, якія іх атрымалі, прыходзяць у выканкамы і даказваюць, што яны засталіся бяз працы, няма чым карміць дзяцей, а тут яшчэ прымушаюць плаціць гэты падатак. Там зьяўляюцца чэргі. І выканкамы вымушаныя разглядаць сытуацыю з кожным чалавекам, што адымае час у мясцовых уладаў.

Але ёсьць і няправільныя моманты. Я б назваў гэта антычалавечымі захадамі. Маю на ўвазе палажэньне, паводле якога жанчыны, якія даглядаюць дзяцей, а дзеці ходзяць у садок, лічацца дармаедамі. Але ж вядома, што дзеці хварэюць, тыдзень ходзяць у садок, два тыдні дома.

Увогуле бясконцае паляпшэньне дакумэнта вядзе да таго, што ён выраджаецца цалкам. Яго лёгка адмяніць. Спадзяюся, што гэтым усё і скончыцца».

Чалы: «Я нічога добрага ня бачу ў гэтых зьменах. Эканамічны сэнс гэтага дэкрэта зусім ня той, які мы цяпер стараемся яму надаць. Ён скіраваны не на тых, хто ня плоціць падаткі.

Паводле свайго палітэканамічнага сэнсу гэта такі фэадальны падушны падатак, прычым нават не на грамадзянства, а на рэзыдэнцтва. Бо нават іншаземцы, якія пражылі звыш паўгода ў Беларусі, павінны плаціць такі падатак. То бок сам факт пражываньня ў Беларусі вымагае аўтаматычна плаціць гэты падатак. А вось вызваленьне ад выплаты адбываецца паводле меркаваньня мясцовых уладаў. Бачыце, якая цікавая асымэтрыя ўзьнікае. Плаціш падатак на дармаедзтва па факце жыцьця тут, а вызваліць ад гэтага можна толькі па хадайніцтве».

Карбалевіч: «То бок увесь народ — «цяглавае саслоўе».

Чалы: «Так. Абсалютна фэадальная сыстэма».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 5