«Будаўніцтва будзе скарачацца — у краіне эканамічны крызіс», — экспэрт пра плян ураду на 2017 год

Аб’ёмы будаўніцтва жыльля ў Беларусі і яго дзяржаўнае фінансаваньне істотна скарачаюцца. Амбіцыйныя праекты ўлады разьвіваць арэнднае жыльлё і жыльлё ў гарадах-спадарожніках амаль забытыя.

Савет Міністраў Беларусі ў канцы 2016 году апублікаваў пастанову пра будаўніцтва жыльля і абʼёмы дзяржаўнага фінансаваньня ў гэтай галіне ў 2017 і 2018 гадах.

Абʼёмы будаўніцтва маюць скараціцца: і на 2017-ы, і на 2018 год заплянавана ўвесьці ў эксплюатацыю 3,5 млн м² жыльля. У 2015 годзе было ўведзена больш за 5 млн м², на 2016-ы было заплянавана 4 млн м².

Значна скароціцца дзяржаўнае фінансаваньне будаўніцтва жыльля. Калі ў 2015 годзе было ўведзена ў эксплюатацыю 1,6 млн м² жыльля, пабудаванага зь дзяржаўнай падтрымкай, а за студзень—лістапад 2016-га — 0,9 млн м², то на 2017 год плянуецца 0,375 млн м², а на 2018-ы — 0,186 млн м².

«Сёньня відавочна: калі дзірка ў бюджэце, калі падаюць даходы, няма з чаго фінансаваць. А больш за тое, няма і такой патрэбы: мы бачым, як „прасядае“ рынак нерухомасьці. Бурбалка, што надзьмулася за апошнія 10 гадоў, лопаецца, як гэта было ў іншых краінах. Невядома, колькі будзе каштаваць квадратны мэтар жыльля. Як улады кажуць, што мэтар квадратны будзе каштаваць як сярэдні заробак, дык у рэгіёнах такое ўжо ёсьць, па 350-400 даляраў. У гэтым кантэксьце 3,5 млн м² жыльля — гэта шмат. Я думаю, што нават на гэты ўзровень ня выйдуць», — камэнтаваў гэтую сытуацыю кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.

Кіраўнік асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў згодны з тым, што скарачэньне аб’ёмаў будаўніцтва жыльля зьвязана з недахопам грошаў у дзяржаве. Але экспэрт у сваю чаргу падкрэсьлівае, што на рынак жыльля гэта ніяк не паўплывае, бо для нерухомасьці, што пабудаваная пры дзяржаўнай падтрымцы, дзейнічаюць адмысловыя правілы адчужэньня: перапрадаваць кватэры нельга, пакуль уласьнікі выплачваюць крэдыты і пэўны час пасьля гэтага.

«Будаўніцтва будзе скарачацца — усё ж у краіне эканамічны крызіс. Але такое жыльлё нельга перапрадаваць усё роўна. Таму ў наступныя 50 гадоў на рынак жыльля гэта зьніжэньне будаўніцтва ніяк не паўплывае», — патлумачыў ён у інтэрвію Свабодзе.

Таксама Прасталупаў сумняваецца, што скарачэньне будаўніцтва жыльля стане моцным ударам па будаўнічых арганізацыях, бо ў агульных аб’ёмах будаўніцтва жыльлё складае ўсё ж меншасьць.

Другі год запар у будаўнічых плянах беларускіх уладаў няма гарадоў-спадарожнікаў Менску — ні Рудзенску, ні Фаніпалю, ні Смалявічаў. Пры гэтым яшчэ ў 2008 годзе перад урадам была пастаўлена задача разьвіцьця гарадоў-спадарожнікаў Менску, а ў 2010-м была зацьверджаная адпаведная дзяржаўная праграма, на нездавальняючае выкананьне якой пазьней наракаў Аляксандар Лукашэнка. Улады плянавалі актыўна разьвіваць у гарадах-спадарожніках Менску жыльлёвае будаўніцтва. Аднак у плянах на 2017 год ёсьць толькі спадарожнікі Берасьця і Горадні — Жабінка і Скідзель адпаведна.

Мікалай Прасталупаў тлумачыць адсутнасьць гарадоў-спадарожнікаў Менску ў пастанове ўраду проста: гэта нятанныя праекты, і таму на іх урад вырашыў зэканоміць.

«Будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках ня таннае. Там жа трэба рабіць усю інфраструктуру — сеткі, камунікацыі, кабэлі. А паколькі грошай няма, то гэтыя праекты адклалі да лепшых часоў», — кажа ён.

Таксама з пастановы Саўміну можна меркаваць, што амбіцыйныя пляны ўлады на разьвіцьцё арэнднага жыльля таксама пакуль не спраўджваюцца. У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка казаў, што з часам «арэнднае жыльлё будзе абсалютным прыярытэтам у будаўніцтве жыльля». Між тым у Менску ў параўнаньні з 2015 годам аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жыльля скароцяцца амаль у 21 раз, у Віцебская вобласьці — у 7 разоў, а ў Менскай — амаль у 5. Мяркуючы па лічбах, у сталіцы ў 2017 годзе будзе пабудаваны толькі адзін такі дом. Праўда, у 2016-м у Менску наогул не будавалі арэнднага жыльля.

Паводле плянаў ураду, будаўніцтва ў 2017 годзе будзе весьціся ў асноўным за кошт сродкаў насельніцтва: з 3 млрд 704 мільёнаў, якія плянуецца ўкласьці ў будаўніцтва, 2 млрд 859 млн — гэта менавіта сродкі насельніцтва.

Мікалай Прасталупаў кажа, што тэарэтычна ў насельніцтва такія грошы ёсьць, але ўсё залежыць ад таго, колькі будуць каштаваць кватэры:

«Калі глядзець па банкаўскіх дэпазытах і экспэртных ацэнках, колькі сродкаў знаходзіцца пад падушкамі ў грамадзян, гаворка ідзе пра мільярды. Таму грошы ў краіне ёсьць; іншая справа, што не ва ўсіх. Проста цана жыльля павінна быць адэкватнай даходам насельніцтва. Калі цэны будуць адэкватнымі, то і грошы знойдуцца».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4.4