Чык-чык, я ў доміку

Лес – наша багацце. Першапачаткова 48-павярховы хмарачос 4 Times Square не абяцаў ньюйоркцам нічога эксклюзіўнага. Стаяў бы сабе на скрыжаванні Брадвея з 42 вуліцай, блыталіся б у яго на даху хмаркі і аблокі – усё як заўсёды. Але пасля таго як эксплуатацыйныя выдаткі хмарачоса коштам у 500 мільёнаў долараў, насуперак традыцыі, удалося зменшыць на 15%, будаўнікі і эканамісты звярнулі на будынак пільную ўвагу. Што з ім не так, як архітэктарам удалося зменшыць выдаткі на эксплуатацыю будынка?

Прычна эканамічнага поспеху 4 Times Square была простая: ён быў пабудаваны па ecofriendly тэхналогіях, то бок архітэктурна і дызайн-карэктна з пункту гледжання экалогіі і навакольнага асяроддзя. Пасля з’яўлення 4 Times Square усе загаварылі пра феномен біяархітэктуры ..

Мама мыла раму

Нядаўна Міністэрства энергетыкі ЗША апублікавала даследаванні па праблеме спажывання амерыканцамі электраэнергіі ў наступныя 20 год. Атрымлівалася нявесела: на 45% мусіла павялічыцца спажыванне электрычнасці, на 62% -- прыроднага газу, на 33% -- нафты. Тыя даследаванні прымусілі амерыканскі ўрад моцна задумацца над перспектывамі. А з іншага боку далі штуршок да распрацоўкі тэхналогій, якія ў выніку дазволілі сэканоміць спажыванне энергіі у некалькі разоў. Так, напрыклад, з’яівліся “разумныя вокны” (smart windows), зробленыя з непразрыстага шкла. Дзякуючы ім кантралюецца колькасць святла ў памяшканні, эканомяцца мільёны долараў на ацяпленне, ахалоджванне і электрычнасць.

Распрацоўкай падобных новаўвядзенняў займаецца біяархітэктура – як для нас, надзвычай новая і актуальная сфера інтэлектуальнай дзейнасці чалавецтва.

Для біяархітэктараў аксіёма: любы будынак – частка навакольнай экасістэмы. Таму праектаваць, будаваць і жыць у любым будынку трэба з улікам навакольнага асяроддзя і свайму здароўю на карысць. То бок карыстацца толькі альтэрнатыўнымі – вецер і сонца – крыніцамі энергіі; пры будаванні выкарыстоўваць звычайныя прыродныя рэсурсы: зямлю, драўніну, раслінныя валокны ці сельскагаспадарчыя адходы. У выніку атрымліваецца эстэтычна, а галоўнае – “танна і практычна” ..

Галоўны мэсэдж біяархітэктараў – кожны жывы арганізм уяўляе сабой сістэму, якая ў выніку эвалюцыі прыстасаваная да навакольных умоў і дасканала функцыянуе. Карацей паглядзі, як гэта робіцца ў прыродзе, -- і зрабі гэтак жа. Хрыстаматыйны прыклад – павуцінне, якое падказала біяархітэктарам схему эканамічнай і лёгкай пабудовы. А дасканалы прынцып унутранай архітэктуры мурашніка лёг у аснову ўнутранай арганізацыі многіх будынкаў у ЗША і па ўсім свеце. Ці клеткавая мембрана, дакладней, двайны слой ліпідных малекул, які пакрывае жывую клетку, падштурхнула да зараджэння так званай мікраархітэктуры.

Фільтруй базар

“У будучыні ўся архітэктура будзе бія, -- упэўнены Эрык Коры Фрыд, біяархітэктар, які “імкнецца рэфармаваць індустрыю, што сёння расходуе 40% сусветных рэсурсаў”. – Зараз свет знаходзіцца ў дзіўным стане юнацтва – паміж дзяцінствам індустрыйнай рэвалюцыі і сталасцю адказнасці. Я спрабую скіраваць усе свае намаганні на тое, каб зрабіць людзей дарослымі ў іх адказнасці”.

Некалькі год таму спадар Фрыд заснаваў уласную архітэктурную фірму Organic Architect, якая зараз паспяхова займаецца біяархітэктурнымі праектамі. Хаця пачынаўся яго бізнес з эксперыменту.

“Калі я пачынаў свой першы праект, мне давялося ўгаворваць кліента нават прапаноўваць яму эксперымент: я вам будую біякватэру і даказваю, што яна лепшая, таннейшая і вельмі карысная. Атрымалася. Сёння я займаюся выключна біябудаваннем, іншыя замовы нават не разглядаю”.

У 1997 Фрыд пераехаў у Bay Area, які знаходзіцца недалёка ад Стэнфардскага універа і Сіліконавай даліны, і пачаў будаваць біядамы спачатку для сваіх сяброў. Праз колькі год фірма стала вядомай і ў хуткім часе Эрык і яго кантора ўзначалілі спіс самых багатых і перспектыўных біяархітэктурных агенцтваў ЗША.

“Для мяне вельмі важна выконваць кожны праект так, каб ён быў унікальным, -- кажа Эрык, -- і адначасова бяспечным. Як для навакольнага асяроддзя, так і для самога чалавека”.

Каму незнаёмая сітуацыя, калі ў пакоі дыхаць немагчыма, а адчыніўшы фортку, можна захлынуцца халодным паветрам і захварэць. Гэта называецца “сіндромам хворага будынка”, які ўласцівы не толькі мінскім “хрушчоўкам”. Але, у адрозненні ад нашых архітэктараў і будаўнікоў, Эрык Фрыд ведае, што прычына сіндрома – у герметычнасці саміх будынкаў. Яна хоць і дазваляе зменшыць эксплуатацыйныя выдаткі, але істотна пагаршае рух паветра ў памяшканні, а дапаведна і яго якасць. Таму калегі сп. Фрыда вынайшлі біяфільтр паветра, які праз адзін ставяць у офісах кампаній, чые дырэктары клапоцяцца пра здароўе падначаленых. Выглядае “прыбор” як порыстая сцяна – заўсёды вільготная і пакрытая раслінамі. Калі паветра са шкоднымі рэчывамі рухаецца ў напрамку сцяны, уся брыдота асядае на ёй, мікробы распадаюцца і змываюцца вадой. У выніку паветра ў офісе заўсёды чыстае, супрацоўнікі – здаровыя, а дырэктар, які не сэканоміў на фільтрах, эканоміць на бальнічных лістах падначаленых. Біяархітэктура на практыцы, блін!

Be, was, were

Біяархітэктура як курс ці асобны прадмет існуе амаль ва ўсіх вядучых архітэктурных універсітэтах. Адно што назва можа вар’іравацца: “зялёная архітэктура” (green architecture), “экалагічны дызайн” (ecological design), “зялёны дызайн” (green design), “прыродная архітэктура” (environmental architecture). Адразу звяртайце ўвагу на тое, што біяархітэктура – гэта спецыяльнасць: астатнія пералічаныя можна праслухаць проста як курс ці атрымаць дадатковую спецыялізацыю.

У спісе прадметаў на спецыяльнасці “біяархітэктура” сярод ландшафтнай экалогіі, канцэптуальнага дызайну і біяархітэктурных прынцыпаў у дызайне варта вылучыць такія дысцыпліны, як рацыянальнае развіццё і планаванне гарадоў, экалогія формы і мадэлі ў прыродзе, экалагічныя прынцыпы планавання.

Адным з найлепшых зарэкамендаваў сябе факультэт экалагічнага дызайну Універсітэта Вермонт (The University of Vermont). Год навучання, праўда, тут каштуе амаль 24 тысячы долараў, але ёсць і стыпендыі.

На дзесятку танней без стратаў якасці вучаць студэнтаў універсітэта Джорджыя (University of Georgia), Каледжа навакольнага асяроддзя і дызайну (College of Environment and Design). І ў тым, і ў тым навучэнцам прапануюць стыпухі.

Асабліва прывабны ў плане навучання для замежнага студэнта Інстытут архітэктуры ў Сан-Францыска (San Francisco Institute of Architecture). Па-першае, атрымаць спецыльянасць “экалагічны дызайн” тут можна дыстанцыйна, седзячы за родным кампом. Па-другое, кошт сертыфіката, які па сканчэнні дазваляе працаваць у салідных кампаніях, складзе 3600 долараў, дыплом бакалаўра – 5400 долараў, а магістра – 7500 долараў. Кошт аднаго курса (прадмета) – 300 баксаў. Вось і лічыце, колькі чаго і з якой мэтай можна вывучаць. Сертыфікат таксама можна атрымаць пры адной з самых вядомых у галіне біяархітэктуры школ Ecosa Institute. Штогод адбіраюцца толькі 15 чалавек, якія на працягу 16 тыдняў у інтэнсіўным рэжыме вучацца біяархітэктуры і экалагічнаму дызайну. Кошт курса (прадмета) – 3900 долараў.

Што да брытанскай адукацыі, то вельмі прыстойным выглядае Універсітэт Нотынгем (University of Nottingham). На факу прыроднага будаўніцтва (Built Environment), які, дарэчы, аб’яднаў у сабе аддзяленні архітэктуры, будаўнічых тэхналогій, гарадскога планавання, можна атрымаць прафесію за 9210 фунтаў у год. Пры наяўнасці шматлікіх стыпендый для замежнікаў – што прыемна!..

WEB: ведай больш

Пра апошнія распрацоўкі і навінкі біяархітэктурнай галіны можна даведацца на www.advancebuildings.org. Сайт вельмі зручны ў карыстанні, бо інфа падаецца па тэматычных раздзелах: распрацоўка тэхналогій ацяплення, вентыляцыі будынкаў, абсталявання і г.д.

Агульнае, але вельмі шырокае і досыць поўнае ўяўленне пра экадызайн, праекты, гранты і інстытут экадызайну наогул можна атрымаць на www.ecodesign.org.

“Пляцоўка нуль” – месца ў Нью-Йорку, дзе раней стаялі вежы-блізняты, -- зараз ператвараецца ў наватарскі праект. Інтэрв’ю з вядучым архітэктарам “пляцоўкі нуль” можна прачытаць на сайце www.floornature.com. Тут увогуле сабрана інфа пра знакамітых вядучых архітэктараў свету і іх прадукт, а таксама ёсць асобны раздзел па біяархітэктуры.

Пра ўсе галіны, да якіх дадаецца прыстаўка бія- (біяархітэктура, біясацыялогія, біяадукацыя), можна даведацца на сайце міжнароднай арганізацыі www.biopolitics.gr. Кантора вядомая тым, што аднойчы прапанавала даваць узнагароду алімпіцам, якія актыўна прапагандуюць ідэі аховы навакольнага асяроддзя. Зараз гэтая ўзнагарода афіцыйна даецца падчас Алімпійскіх гульняў. Зазірніце: можа, там яшчэ якая халява ёсць…

http://knihi.net/index.php?productID=425 .

  • Оцени статью: