Што зьмяніў бы прыезд Папы Рымскага ў Беларусь

«Ватыкан не дазволіць нікому выкарыстаць Папу для вырашэньня ўласных палітычных праблемаў».

Гурневіч: Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр назваў прыярытэтнай задачай арганізацыю візыту Папы Рымскага ў Беларусь. Пра гэта ён сказаў у аўторак, адказваючы на пытаньні журналістаў перад цырымоніяй уручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку.

«Для мяне гэта прыярытэтная задача. Мы будзем працаваць над арганізацыяй візыту Папы Рымскага ў Беларусь, але пакуль не магу сказаць адносна тэрмінаў і праграмы», — адзначыў каталіцкі герарх.

Пра магчымасьць візыту рымскага пантыфіка гаворыцца ўжо 7 гадоў.

У 2008 годзе Менск упершыню наведаў дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Тады ў часе сустрэчы беларускі кіраўнік афіцыйна перадаў папу Бэнэдыкту XVІ запрашэньне наведаць Беларусь у любы «зручны для яго час».

Праз год Лукашэнка наведаў Ватыкан і сустрэўся з Бэнэдыктам XVI. Многія камэнтатары ўспрынялі гэта як знак магчымага візыту папы ў Беларусь. Але тут ёсьць такая дэталь. Паводле традыцыі, Папа Рымскі сам да сябе на аўдыенцыю не запрашае. Звычайна пра гэта праз амбасаду просяць папу дзяржаўныя кіраўнікі, якія зьбіраюцца зь візытам у Італію. Так было і гэтым разам, калі Лукашэнку прыняў папа Францішак. Тады кіраўнік Беларусі сустракаўся з італьянскі прэзыдэнтам, а Ватыкан наведаў пры нагодзе, бо гэта прэстыжна, калі з табою сустракаецца галава адной з найбуйнейшых канфэсій сьвету. Папа сустракаецца з усімі і прымае ўсіх. На Кубе Яна Паўла ІІ сустракаў калісьці нябожчык Фідэль Кастра, які дзеля гэтага нават зьняў вайсковую форму і быў апрануты па-цывільнаму, што яму было так неўласьціва.

Візыт Папы Рымскага ў Беларусь стаў бы важнай падзеяй для каталікоў Беларусі. Гэта быў бы магутны імпульс для разьвіцьця каталіцызму, дадаў бы сілы вернікам і герархіі. Гэта была б важная іміджавая падзея і для ўлады. Гэта бы сьведчыла пра адкрытасьць краіны. І як раз тое, што гэты візыт дагэтуль не адбыўся — знак таго, што Беларусь закрытая. Супраць візыту выступае Расейская праваслаўная царква. Гэта больш, чым проста царква, як і ў Расеі, так і ў Беларусі. І калі папа Францішак наведае Беларусь, то гэта стане лякмусавай паперкай, наколькі РПЦ і Расея ўплываюць на дзяржаўныя працэсы ў краіне.

Цыганкоў: У траўні гэтага году Аляксандар Лукашэнка наведаў Рым, дзе сустрэўся з Папам Рымскім Францішкам, і нагадаю чаму: бо там было агучана запрашэньне Папы наведаць Беларусь. У форме, уласьцівай Аляксандру Лукашэнку. «Я выказаў думку, што пантыфіку час прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам (маецца на ўвазе праваслаўны) сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэты поціск рук не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы», — гаварыў тады Аляксандар Лукашэнка.

Прапанова сустрэцца на беларускай зямлі патрыярхам каталіцкай і праваслаўнай царквы, якая была зробленая Лукашэнкам, была палітычным заклікам, які больш быў для СМІ, піяру, чым канкрэтнай справай. Але год за годам мы абмяркоўваем магчымасьць прыезду Папы Рымскага ў Беларусь і кожны раз сустракаюцца нейкія цяжкасьці на гэтым шляху. Відавочная перашкода — гэта меркаваньне расейскай праваслаўнай царквы. Магчыма Аляксандар Лукашэнка сваёй травеньскай прапановай пра сустрэчу герархаў абодвух цэркваў хацеў зьняць гэтую перашкоду, хацеў падаць гэта ў такой форме, якая б задаволіла і каталікоў, і праваслаўных. Але з таго моманту нічога не зрушылася, прапанова прагучала на той момант дастаткова ярка, але не атрымала разьвіцьця. Бо ў такой форме гэта было падобна не на канкрэтную прапанову, а на заяву для СМІ. Усё роўна ясна, што па адпаведных каналах уладамі і адпаведнымі структурамі вядзецца пэўная праца па спробе запрасіць, арганізаваць сустрэчу Папы з патрыярхам, альбо проста прыезд Папы ў Беларусь.

Аляксандар Лукашэнка сваю традыцыйную палітыку лявіраваньня ня толькі ў замежнапалітычных справах, але нават у міжканфэсійных праводзіць і выбірае такую пазыцыю, каб можна было па магчымасьці задаволіць усіх. Ён з аднаго боку шукае такую форму, каб не выклікаць надта вялікае раздражненьне ў праваслаўнай царквы, зь іншага боку, ён разумее, што ён — кіраўнік дзяржавы, і зь яго разуменьня кіраўнік дзяржавы ў Беларусі павінен кіраваць усім — у тым ліку і міжканфэсійнымі рэлігійнымі пытаньнямі. У яго самога як у чалавека, можа быць, нават ёсьць нейкае незадавальненьне, што ў такім пытаньні ён вымушаны зьвяртаць увагу на праваслаўных герархаў, хоць, магчыма, яму хацелася б для свайго прэстыжу і апошнім часам іміджу пасярэдніка бачыць Папу Рымскага на беларускай зямлі. Цяпер гэтая тэма намнога больш рэалістычная, чым была яшчэ 5, 7, 10 гадоў таму.

Глод: Пра магчымы візыт у Беларусь Папы пачалі казаць у 2009 годзе. Тады гаворка ішла яшчэ пра сустрэчу на беларускай зямлі Патрыярха Кірыла і Папы Бэнэдыкта. І яшчэ зьвярну вашу ўвагу, калегі, на тое, што абодва пэрыяды адлігі ў адносінах Беларусі і Эўропы адзначаліся візытамі Лукашэнкі ў Ватыкан.

Мне падаецца, што такая ўвага да Ватыкану тлумачыцца, канешне ж, не рэлігійнымі перакананьнямі Лукашэнкі, а жаданьнем праз гэта палепшыць сваю рэпутацыю ў Эўропе і знайсьці пэўную падтрымку ў заходнім сьвеце. І пры гэтым не адказваць на непрыемныя пытаньні аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі. Таму можна казаць, што патэнцыйны візыт Папы Рымскага разглядаецца беларускімі ўладамі як вельмі карысны палітычны піяр, як сродак паляпшэньня іміджу беларускіх уладаў на міжнароднай арэне.

Але ж у Ватыкане ня хочуць, каб Папу Рымскага хтосьці выкарыстоўваў выключна як сродак вырашэньня ўласных палітычных праблемаў. Бо ўсім зразумела: адна справа — прыняць Лукашэнку ў Ватыкане, а іншая справа — ехаць у Беларусь асабіста. Гэта значна больш сур’ёзны крок, і на яго можна пайсьці толькі пры пэўных умовах.

Таму ў Ватыкане і кажуць: маўляў, мы ня супраць, але давайце пагаворым і пра тое, што цікавіць нас, пагаворым шчыра, і размова гэта ня будзе простай, бо ў Касьцёла ў Беларусі ёсьць свае інтарэсы. Калі вы зробіце крок нам насустрач — добра. Калі не — то і пра візыт Папы казаць няма чаго. Гэтая пазыцыя Ватыкана цалкам зразумела і выглядае яна цалкам абгрунтавана.

І яшчэ — міністар замежных справаў Уладзімер Макей заяўляў, што падрыхтоўка візыту Папы Францішка ў Беларусь вядзецца, але гэта не азначае, што візыт адбудзецца бліжэйшым часам. Таму выглядае, што бяз пэўных крокаў насустрач каталікам, рыхтаваць візыт спадару Макею давядзецца яшчэ вельмі доўга. А можа, нават і ягонаму пераемніку.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 4