Бясплатны вецер «па талонах». Ці прынясе карысць першы на Гарадзеншчыне ветрапарк пад Навагрудкам?

Першы ў краіне дзяржаўны ветрапарк каля вёскі Грабнікі пад Навагрудкам мае магутнасць 9 МВт. Электраэнергія ад яго паступіла ў энергасістэму Гарадзеншчыны 16 чэрвеня – тады аб’ект прынялі ў эксплуатацыю. Навагрудак такім чынам стаў ці не самым «зялёным» горадам Беларусі. Але ці зможа навагрудскі вецер раскруціць беларускую альтэрнатыўную энергетыку – пытанне застаецца адкрытым.

Першы вятрак з’явіўся пад Навагрудкаў у 2011 годзе. Сёлета да яго дадалося яшчэ пяць. Зараз ветрапарк мае агульную магутнасць 9 МВт. Неўзабаве побач плануюць узвесці яшчэ адзін вятрак магутнасцю 2,5 МВт. Многа гэта ці мала? Як паглядзець. У тэленавінах падлічылі, што гэта параўнальна з той колькасцю электрычнасці, якую спажывае ўсё насельніцтва раёна. Мясцовыя спецыялісты кажуць, што з улікам прамысловасці гэта прыкладна чвэрць ад энергіі патрэбнай толькі Навагрудку.

У масштабах краіны 9МВт – гэта прыкладна 20% ад энергіі, атрыманай з дапамогай усіх ветрагененатараў. З другога боку – гэта  велічыня, што імкліва набліжаецца  да нуля ў параўнанні з агульным энергаспажываннем. Бо доля выпрацоўкі энергіі з выкарыстаннем ветру ў Беларусі складае ўсяго 0,003% - параўнальна з велічынёй пагрэшнасці разлікаў.

Увесь час ідуць размовы пра неабходнасць «пашыраць і ўзбуйняць» зялёную энергетыку. У Смаргонскім раёне з ветракоў ля Крэва да канца года плануюць атрымліваць 3,6 МВт,  вызначана і ўзгоднена яшчэ 25 участкаў для будаўніцтва ветраўстановак. Будуецца ветрапарк у Дзятлаўскім раёне, пляцоўка для ўзвядзення ветраўстаноўкі вызначана на Ашмяншчыне.

Згаданыя ўстаноўкі – дзяржаўныя, то бок працуюць у сістэме Мінэнерга. Тыя, што пад Навагрудкам – кітайскай вытворчасці, пабудаваныя кітайскімі спецыялістамі за кітайскія ж крэдыты. Будаўніцтва новага ветрака на 2,5 МВт і даследчага цэнтра пры ім будзе амаль цалкам фінансаваць Еўрасаюз у межах сумеснага з Міністэрствам прыродных рэсурсаў праекта.

Але ёсць у Навагрудскім раёне і прыватныя ветракі. Шэсць фірм, сярод якіх Леор Фіш, ЭннВетр ВетроВатт ды іншыя, таксама прадукуюць энергію з дапамогай ветру. Праўда, у асноўным - для ўласнага спажывання. Сумарная вытворчасць энергіі прыватнікамі Навагрудчыны ацэньваецца ў 5МВт.

Бясплатны вецер толькі ў галаве

Энергію ветру часта дзеля прыгожага слоўца называюць «бясплатнай», але гэта далёка не так. Каб вецер «надзьмуў» прыбытак, спачатку патрэбны немалыя капітальныя ўкладанні. Як правіла, мінэнергаўскія ветрасілавыя ўстаноўкі ў Беларусі пабудаваны альбо за кошт Еўрапейскіх грантаў па сумесных праектах, альбо за крэдыты. Першыя абышліся краіне лічы бясплатна, за другія грошы яшчэ трэба аддаваць. Колькі і на якіх умовах – не вельмі празрыста. Узгадваюць звычайна толькі пра добрае. Напрыклад, пра новы ветрапарк – «разліковая гадавая выпрацоўка новай ветраэлектрастанцый складае 22,07 млн кВт*г, што дазволіць беларускай энергасістэме, выкарыстоўваючы бясплатную энергію ветру, эканоміць штогод 4,516 млн м³ прыроднага газу на суму 935,8 тыс. долараў», - пісала Белта.

Між тым, пры разліках грошай варта гаварыць і пра час, каторы таксама – грошы. А падлічваючы прыбыткі, не забываць пра тэрміны эксплуатацыі і акупальнасці абсталявання. Ветраэнергетычныя ўстаноўкі могуць працаваць да капрэмонту каля 15 гадоў, пасля патрабуецца комплекснае абследванне, пры станоўчых выніках якога даецца дазвол на эксплуатацыю яшчэ на 5 гадоў. Па гэтым тэрміне – наступная дыягностыка з падаўжэннем эксплуатацыі на 3 гады, пасля тое самае трэба рабіць штогод.

Колькі будзе каштаваць працэдура дыягностыкі, колькі раз варта яе паўтараць і хто будзе гэта рабіць – пакуль можна аднесці да пытанняў з разраду «я падумаю пра гэта заўтра» – бо сёння ні ўласных методык, ні падрыхтаваных спецыялістаў у Беларусі няма.

Што да тэрмінаў акупальнасці ветраўстановак, то яны наўпрост залежыць ад цаны таго самага газу, які дазваляюць эканоміць. Таму на этапе праектавання, калі газ быў яшчэ дарагі, разліковы тэрмін акупальнасці складаў каля 10 гадоў. Зараз у сувязі з крызісам кошты на газ значна знізіліся, тэрмін акупаемасці суадносна расцягнуўся прыкладна да тых самых 15 гадоў дазволенай эксплуатацыі. Так што «бясплатнай» энергіі можам увогуле на сваім веку не дачакацца.

Ды і з тым, што паводле паведамлення Белта «па стане на 17 чэрвеня магутнасць станцыі, якую яна аддае ў сетку энергасістэмы, з улікам хуткасці ветру складала 8,5 МВт, што перавышала сумарную генераваную на гэты момант магутнасць малых ЦЭЦ Гродзенскай энергасістэмы» — не зусім поўная інфармацыя. Бо з досведу эксплуатацыі першага ветрака вядома - каэфіцыент выкарыстання ўсталяванай магутнасці складае толькі 28% (у сярэднім па Еўропе - 24%). То бок, рэальна за года у сетку патрапіць не больш траціны ад заяўленай магутнасці ветрапарка. Яно і зразумела – мы ж не можам загадваць ветру дзьмуць увесь час, таму і чакаць максімальнай аддачы не варта.

Але не толькі дзеля грошай ва ўсім свеце развіваюць ветраэнергетыку – гэта праца на перспектыву – захаванне баланса ў экасістэме, зберажэнне карысных выкапняў, змяншэнне выкідаў парніковых газаў, развіццё «зялёных» тэхналогій і, урэшце, зніжэнне іх коштаў. Прыклад эфектыўнага развіцця тэхналогій можна наўпрост назіраць нават на Навагрудскім ветрапарку. Усталяваныя сёлета ветракі фірмы HEAG розняцца ад першага той самай вытворчасці, але усталяванага ў 2011 годзе «углом атакі» лопасці. Новыя ветракі выходзяць на намінальную магутнасць пры хуткасці ветра 9-10 м/с, старэйшаму для гэтага патрэбна 11 м/с. Розніца нязначная толькі на першы погляд. Насамрэч, праз гэта эканомія можа сягаць за суткі да 1000 долараў.

Па выніках працы першай ветраўстаноўкі ў Грабніках зрабілі высновы і аб змяншэнні выкідаў парніковых газаў. Яно складала больш за 2000 тон у год, а значыць зараз, з увядзеннем у строй новых ветракоў, панізіцца яшчэ ў пяць разоў. Кошт электраэнэргіі з гэтай ветраўстаноўкі складаў 4,5-6 центаў за 1 кВт*г, што ўжо параўнальна з коштам энергіі, атрыманай на традыцыйных ТЭЦ.

Дзяржава ў ролі Дон Кіхота

Пазітыўныя наступствы ад зялёнай энергетыкі такім чынам ніхто не адмаўляе, як і магчымасці пахваліцца дасягненнямі ў гэтай галіне. Аднак жа і развіваць ветраэнергетыку асаблівага імкнення ў дзяржаве няма. Можна нават сказаць, што яна, падобна Дон Кіхоту, вышла на барацьбу з гэтымі самымі ветракамі, прыняўшы летась адразу два Указы – № 209 «Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі», які зафіксаваў (паніжаныя ў 2014 годзе) тарыфы выкупа электраэнергіі ў бізнеса і №662 «Аб устанаўленні і размеркаванні квот на стварэнне ўстановак па выкарыстанню аднаўляльных крыніц энергіі».

Як лічыць намеснік генеральнага дырэктара ДПО «Белэнэрга» Сяргей Шабека «з’яўленне новых аб’ектаў аднаўляльнай энергетыкі нявыгадна насельніцтву, бо прывядзе да росту тарыфаў у рэспубліцы». Квоты на новыя генеруючыя магутнасці закліканы абараніць і інтарэсы дзяржавы – скараціць увоз у краіну дарагіх энергаўстановак, паменшыць імпарт і  адмоўнае сальда гандлёвага балансу, мяркуюць у Белэнерга.

 У спробе апраўдаць фактычна блакаванне развіцця аднаўляльнай энергетыкі Уладзімір Патупчык спасылаецца на досвед Германіі, каторая, маўляў, таксама ўводзіць паціху аналагічныя меры. Праўда, чамусці ніхто не згадаў, што Германія на канец 2014 года мела 14% ад сусветных магутнасцяў ветраэнергетычных установак, а ў галіне вытворчасці ветраэнергіі займала трэцяе месца пасля Кітая і ЗША. Што ж да энергабалансу краіны, то доля энергіі, здабытай з аднаўляльных крыніц, складае там 25%.

Яшчэ адзін аргумент, што можа стаць на шляху развіцця ветраэнергетыкі, гэта патрабаванні вайскоўцаў. Напрыклад, недалёка ад Навагрудскага ветрапарку месціцца ваенны аэрадром (каля вёскі Навіны), і размясціць ветракі на найвышэйшых кропках не атрымалася. Гэтыя пункты аказаліся «стратэгічнымі вяршынямі» ці былі заблізкімі да «паветраных калідораў» палётаў. Вецер, маўляў – ветрам, але першай справай - самалёты.

Прыватнікі - за, але квоты не гумовыя

У сітуацыі дзяржаўнай манаполіі на вытворчасць электраэнергіі, калі зацікаўленасць набываць зялёныя кілаваты па стымулюючых коштах не надта і ёсць, развіццё ветраэнергетыкі застаецца на водкуп бізнесу. Тут выгадна прадукаваць энергію на ўласныя вытворчыя патрэбы. У агульную сетку прадаюць толькі тое, што застаецца «лішнім». Гэтыя лішкі Белэнерга абавязана набываць без аніякіх квот і па стымулюючых тарыфах. Такое супрацоўніцтва для бізнеса выгаднае.

Аднак жа і з гэтага боку дачакацца выбуховага развіцця ветраэнергетыкі таксама не атрымаецца. Зацікаўленасць у інвестараў, нават замежных, ёсць, а вось магчымасці для рэалізацыі праектаў – не вельмі. Запланаванае на бліжэйшы час будаўніцтва ветраўстаноўкі на 2,5 МВт «закрые» практычна цалкам усе «квоты на вецер», што выдзяляліся Гарадзеншчыне да канца 2016 года. А на наступныя два гады квота на вецер для ўсёй краіны складзе толькі 11 МВт - не надта тут разгонішся з інвестыцыямі.

Шчаслівым дадаткам да гэтага выглядае толькі дазвол на рэалізацыю ініцыятыў па праекце «Ліквідацыя бар’ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Праграмай Развіцця ААН і Фондам па навакольным асяроддзі. Гэты праект мае ўласную квоту на 25 МВт.+

Так што пакуль вецер застаецца для нас з большага толькі з’явай прыроды - лятае, а не птушка, спявае, а не салавей, без рук без ног дзверы адчыняе. Ці здужае ён адчыніць і дзверы ў беларускую энергетыку, можна толькі здагадвацца. Ці - гадаць на рамонках.

Матэрыял падрыхатваны для Школы аналітычнай журналістыкі Прэс-клуба (чэрвень 2016 – сакавік 2017). У школе прымаюць удзел журналісты беларускіх СМІ, якія ўдасканальваюць свае навыкі напісання аналітычных матэрыялаў.


  • Оцени статью: