Ляцяць з Амэрыкі і Далёкага Ўсходу. Як Беларусь зарабляе на мэдычным турызьме

Штогод у Беларусь прыяжджаюць больш за 50 тысяч «мэдычных турыстаў». Замежнікі з усяго сьвету едуць да нас, каб зрабіць плястычныя апэрацыі, палячыць зубы, перасадзіць органы і вылечыць анкалягічныя захворваньні. Чаму за мяжой шануюць мэдыцыну, на якую так часта скардзяцца беларусы, высьвятляла Свабода.

Амэрыканцу, каб зрабіць тамаграму, таньней прыляцець у Беларусь

Уладзіславу Андросаву 28 год. Гэты малады прадпрымальнік — дырэктар беларускай кампаніі, якая спэцыялізуецца на мэдычным турызьме. Адвучыўшыся ў ЭГУ, а потым у Інстытуце турызму (пры Белдзяржунівэрсытэце фізычнай культуры), у 2010 годзе ён заснаваў кампанію Med Travel Belarus.

На той час мэдычны турызм ужо быў звычайнай справай для Паўночнай Амэрыкі. Жыхары ЗША і Канады выпраўляліся на Кубу і ў Коста-Рыку, каб зэканоміць на лячэньні.

«Я зразумеў, што мы ня горшыя за тую ж Коста-Рыку, — сказаў Андросаў Свабодзе. — Навокал Эўропа, дзе ўсё нашмат даражэйшае, чым у нас. Мы ўзважылі ўсё і вырашылі прасоўваць мэдычны турызм у Беларусь. Стаўка аказалася правільнай».

За шэсьць год на рынку мэдтурызму попыт амаль не зьмяніўся, кажа Андросаў. Ён такі самы, як і ва ўсім сьвеце. Звычайна за мяжу едуць па самыя дарагія мэдычныя паслугі: стаматалёгія і плястычная хірургія.

Найпапулярнейшая паслуга — гэта стаматалёгія. Андросаў расказвае пра цяперашніх кліентаў з ЗША. Каб вызначыць дыягназ, лекар папрасіў даслаць з ЗША тамаграфію сківіцы. У Штатах яна каштуе 1600 даляраў, у Беларусі — 25. То бок чалавеку таньней будзе прыляцець сюды, зрабіць тут тамаграфію і паляцець назад.

«У нас сапраўды вельмі сур’ёзныя лекары, — кажа Андросаў. — Нашы хірургі, імплянтолягі вельмі цікавяцца новымі сусьветнымі павевамі».

Каб палячыць зубы ў Беларусі, 35-гадовы Антон Дранічкін перасякае паўсьвету. Апошнія сем год ён жыве ў Тайляндзе. Раз на год прылятае адведаць сваякоў у Санкт-Пецярбургу і плянуе візыт да стаматоляга. Аднак ідзе не да піцерскіх лекараў, а едзе ў Слуцак.

«Тут усё таньнейшае, і пры гэтым добрая якасьць», — кажа Свабодзе Антон.

Прафэсійны падарожнік, Антон дабіраецца зь Піцера да Слуцку аўтаспынам. За дзень даяжджае да Менску, начуе тут у знаёмых і назаўтра рушыць у Слуцак. 100 кілямэтраў да Слуцку праяжджае максымум за гадзіну.

Стаматоляга ў Слуцку яму параілі сябры яшчэ летась. Некалькі разоў ён прыяжджаў у Слуцак у 2015-м, і вось чарговым разам — у лістападзе 2016-га.

На вандроўцы ў Беларусь Антон добра эканоміць. Тут яму аднавілі паўзуба і зрабілі чыстку. За гэта ён аддаў 130 беларускіх рублёў. У Піцеры, кажа, было б разы ў тры даражэй. А яшчэ і марудней.

«Можна было б і ў дзяржпаліклініку схадзіць, — кажа Антон. — Але яны цябе запішуць на прыём толькі праз тыдзень».

Беларусы дзівяцца, што замежнікі прыяжджаюць сюды лячыцца

Беларускія клінікі папулярныя сярод расейскіх аўтаспыншчыкаў. Шмат хто з Антонавых сяброў езьдзіць да гомельскіх стаматолягаў. Каму куды бліжэй.

«Але самі беларусы дзівяцца, што я сюды прыяжджаю, — кажа хлопец. — А чаму сюды? Бо ў Літве ці Польшчы кошты завоблачныя».

Пасьля першага візыту да стаматоляга ў Слуцку Антон прыяжджаў да яго з братам. Таксама ў Беларусь сёлета прыедзе ягоная бабуля. Яна будзе лячыць тазасьцегнавы сустаў. Яшчэ раней у беларускія санаторыі езьдзілі ягоныя дзядзька зь цёткай.

Жывучы ў Тайляндзе, Антон мог бы лекавацца і там. Але паслугі ў тайскіх клініках, па ягоных словах, каштуюць даражэй, чым у Маскве. У крайнім выпадку расейскамоўныя экспаты езьдзяць у суседні Віетнам. Але яму зручней прыехаць зь Піцера ў Слуцак.

Расейскія турысты і шэсьць год таму, і сёньня складаюць большасьць кліентаў беларускіх клінік. Але быў час, калі зь Піцера і Масквы амаль ніхто не прыяжджаў. Пасьля рэзкага падзеньня расейскага рубля ў 2013 годзе вельмі многія адмовіліся ад лекаваньня ў Беларусі, бо розьніца ў цане паміж дзьвюма краінамі амаль зьнікла.

«Была небясьпека, што гэты рынак увогуле зьнікне для нас, — кажа Андросаў. — Але яшчэ раней мы сталі пераходзіць ад стэрэатыпу «таннай» мэдыцыны да «якаснай». І гэта спрацавала».

Хоць розьніца коштаў на шмат якія паслугі паміж Беларусьсю і Расеяй ужо не такая крытычная, як калісьці, расейцы ўсё адно едуць сюды. Найперш таму, што лічаць беларускую мэдыцыну якаснай. У Менск прыяжджаюць ня толькі з сумежных абласьцей — прылятаюць і з Ханты-Мансійску, і з Уладзівастоку.

«У іх няма даверу да сваёй мэдыцыны, — кажа Андросаў. — Тое самае з Казахстанам і Ўкраінай. Розьніцы ў коштах часта няма. Але людзі гатовыя траціць грошы, каб трапіць да лекараў, якія ўсё шчыра скажуць і будуць адказваць за сваю працу».

Не знайшоўшы лекараў для свайго сына ва Ўкраіне, Алёна Семіліт прыехала ў Беларусь. Год таму яе сына Андрэя прынялі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека ў Гомелі. Маці арганізавала ўдалую кампанію па зборы грошай на лекаваньне сына. Пасьля курсу хіміятэрапіі ўвесну ў яго пачалася рэмісія.

«Лекаваньне ва Ўкраіне не дало выніку, — казала Алёна Свабодзе. — У Чаркаскім анкашпіталі нас угаворвалі застацца, казалі, што ў Кіеве яшчэ можна пазмагацца».

Але, прачытаўшы водгукі пра гомельскі цэнтар, сям’я прыехала на лекаваньне сюды. І хоць потым ім прапаноўвалі перавод у клінікі Гішпаніі і Нямеччыны, Семіліты вырашылі застацца ў Гомелі.

У бязьвізавай Горадні павінны зараз укладаць у разьвіцьцё мэдыцыны

А вось з Цэнтральнай і Заходняй Эўропы ў Беларусь едуць выключна дзеля нізкага кошту. У масавай сьвядомасьці там не сфармаваны стэрэатып пра якасны мэдычны сэрвіс у Беларусі. Ён існуе толькі ў расейскамоўнай публікі — у жыхароў былых савецкіх краінаў, а таксама ў эмігрантаў адгэтуль.

«У тую ж Літву і Латвію едуць пацыенты са скандынаўскіх краінаў, — кажа Андросаў. — А літоўцы і латвійцы ўжо прыяжджаюць да нас».

У беларускіх клініках, лічыць Андросаў, гатовыя прымаць і нерасейскамоўных пацыентаў, таму што многія лекары сёньня валодаюць ангельскай мовай.

«Пра нас проста мала ведаюць, — кажа ён. — Але тыя, хто даяжджае, застаюцца задаволеныя. Яны кажуць, што чакалі тут белых мядзьведзяў і гарэлку, а тут усё па-іншаму».

Перашкаджае нямецкім і амэрыканскім мэдтурыстам, у прыватнасьці, візавы бар’ер. Гэта асобная праца, якой даводзіцца займацца мэдапэратарам.

«Ня буду адмаўляць, што бязь візаў было б прасьцей. Вось для Гародні зараз адмянілі візы. Гэта вельмі крута. Мы хочам, каб і для Менску далі пяць дзён!»

Андросаў лічыць, што цяпер у Горадні павінны зарабляць на мэдычных турыстах. Але разьлічваць трэба не на дзяржаўныя клінікі, а на прыватнікаў. Напрыклад, дагэтуль у горадзе ў ніводнай стаматалягічнай клініцы няма тамографу.

«Ён каштуе каля 100 тысяч даляраў. Але ва ўмовах бязьвізавай зоны іх трэба ставіць і ставіць. Калі нехта зразумее, то зможа добра на гэтым зарабіць».

Платная мэдыцына падабаецца і беларусам

Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у 2013 годзе ў Беларусь прыехала 158 тысяч мэдычных турыстаў. Траціна іх — пацыенты прыватных клінік і шпіталяў (большасьць усё ж прыяжджае на аздараўленьне ў санаторыі).

Але калі зайсьці ў шараговую паліклініку, мала хто з пацыентаў будзе з гонарам распавядаць пра дасягненьні беларускай мэдыцыны. Людзі ў паліклінічных чэргах наракаюць на бюракратыю, адсутнасьць кваліфікаваных спэцыялістаў, чэрствае стаўленьне да пацыентаў. Чаму такая розьніца ва ўспрыманьні мэдычных паслуг у беларусаў і замежнікаў?

Уся справа ў тым, што замежнікі прыяжджаюць сюды карыстацца платнымі паслугамі, расказала Свабодзе лекарка зь менскага дзяржаўнага шпіталя Ірына. Калі грамадзяне Беларусі зьвяртаюцца па платную паслугу, ім таксама ўсё робяць хутка, на прыём адводзяць ня пяць хвілін, як звычайна, а паўгадзіны.

«У першую чаргу прымаюць тых, хто нясе грошы, — кажа Ірына. — Ім зялёнае сьвятло. Усе апэрацыі робяцца на аднолькавым абсталяваньні і з той жа якасьцю. А каб паскорыць працэс, трэба заплаціць».

Таму тыя, хто карыстаецца платным сэрвісам у беларускіх шпіталях, нашмат лепш ставяцца да беларускіх лекараў. Такая розьніца паміж платнай і бясплатнай мэдыцынай існуе ня толькі ў Беларусі. Напрыклад, каб трапіць на прыём у дзяржаўную паліклініку ў Вялікай Брытаніі, таксама трэба загадзя запісвацца. Да некаторых лекараў — за некалькі месяцаў.

У брытанскай паліклініцы раяць ехаць лячыцца ў Беларусь

Беларуска Вольга Капачэня пражыла ў Вялікай Брытаніі два гады. На яе думку, шмат у якіх галінах беларуская мэдыцына лепшая за брытанскую.

«У дзяржаўных стаматалёгіях тут дагэтуль часта ставяць чорныя мэталічныя плёмбы, — кажа Вольга. — Таксама ў Беларусі лепшае ўсё, што зьвязана з гінэкалёгіяй».

Стаматалёгія — адзіная платная паслуга ў брытанскай дзяржаўнай мэдыцыне. Але ў тутэйшых паліклініках такога натоўпу, як у Беларусі, не пабачыш. Вольга кажа, што брытанцы проста не прызвычаеныя хадзіць да лекара бяз дай прычыны. Таксама тут няпроста трапіць на прыём да спэцыяліста. Нельга адразу атрымаць накіраваньне да хірурга ці гастраэнтэроляга: у абавязковым парадку першы прыём — у тэрапэўта.

А такую паслугу, як МРТ ці УЗІ, увогуле вельмі складана прайсьці бясплатна. Будуць патрабаваць сур’ёзнае абгрунтаваньне. Таму замежнікам лекары раяць праходзіць гэтыя паслугі ў сябе дома — платныя мэдпаслугі ў Брытаніі шалёна дарагія.

«Брытанскі лекар, да якога я хадзіла на прыём, расказаў, як сам езьдзіў за мяжу рабіць МРТ, — расказвае Вольга. — Ён меў праблемы са сьпінай і паехаў у Польшчу. Таму што гэта таньней, чым рабіць платна ў Брытаніі».

Цяпер свой кожны візыт на радзіму Вольга спалучае з паходам да лекараў. Беларуская мэдыцына, яна ў гэтым яшчэ больш упэўнілася, мае шмат перавагаў.

«Тут проста іншая сыстэма, — кажа яна. — Брытанцам падабаецца, што можна лекавацца бясплатна. А беларуская сыстэма мне падабаецца таму, што ў нас можна ў любы час зьвярнуцца ў прыватную клініку і пры гэтым не патраціць шмат грошай».

Наступным разам, калі Вольга прыедзе ў Беларусь са сваім мужам-брытанцам, яна хоча завесьці да лекараў і яго. Не таму, што ў яго нешта баліць, а проста дзеля прафіляктыкі, якую ў Брытаніі складана прайсьці.

«Раз магчымасьць ёсьць, трэба ёй скарыстацца», — кажа Вольга.

Дзякуючы такім выпадкам, па словах Уладзіслава Андросава, і пашыраецца геаграфія мэдычных турыстаў. Нерасейскамоўных замежнікаў у Беларусь часьцей за ўсё прывозяць беларускія мужы, жонкі і сябры. Пакуль іхняя доля не перавышае 10% сярод усіх мэдычных турыстаў. Але раней нават такой колькасьці не было.

«Нас сапраўды мала ведаюць там, — кажа Андросаў. — Але сытуацыя паляпшаецца. У нас шмат зроблена, каб замежнікі да нас ехалі».

  • Оцени статью: