«Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі»

Чаму Аляксандар Лукашэнка звольніў кіраўніцтва сваёй адміністрацыі? Ці было гэта чаканым? Хто можа заняць гэтую пасаду? Аналітыкі пра адстаўку Косінца.

Аляксандр Косінец. Фота: Радыё Свабода

Аналітык Раман Якаўлеўскі мяркуе, што гэтая «чыстка выкліканая незадаволенасьцю працай адміністрацыі, а таксама неабходнасьцю ўзмацненьня вэртыкалі ўлады».

Раман Якаўлеўскі. Фота: Радыё Свабода

— Косінец, нягледзячы на свой аўтарытэт жорсткага кіраўніка, ня змог забясьпечыць гэтае ўзмацненьне вэртыкалі ўлады. Таксама я адзначу, што ніякіх кантактаў на ўзроўні кіраўнікоў крамлёўскай адміністрацыі мы ня бачылі. Было б лягічна, калі гэта саюзная дзяржава, каб сустракаліся ня толькі міністры, але і кіраўнікі адміністрацыяў, — мяркуе эксперт. — Адміністрацыя ж лічыцца галоўным штабам таго ці іншага прэзыдэнта. У Расеі абнавілася адміністрацыя, прыйшлі мадэрністы і нават былыя лібэралы. А тут пануе «савок». Па некаторых зьвестках, таксама вельмі відавочныя кадравыя зрухі на беларускім тэлебачаньні, якое зьяўляецца галоўным прапагандысцкім інструмэнтам. Кансалідацыя вэртыкалі ўлады неабходная, бо крызыіс у краіне не зьмяншаецца.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што кадравая палітыка Аляксандра Лукашэнкі абсалютна непрадказальная і ў ёй цяжка шукаць нейкай лёгікі.

Аляксандар Класкоўскі. Фота: Радыё Свабода

—Сёньня Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі па ўсіх азімутах. І з Масквы ён ні з чым вярнуўся, і нафтагазавае пытаньне ня вырашана, падае замежны гандаль. Гэтае раздражненьне магло проста выліцца на таго чалавека, які, відаць, штодня мазоліў вочы, — лічыць палітоляг. — Некалькі разоў такія сымптомы праяўляліся, калі былі публічныя справаздачы пра сустрэчы Косінца з Лукашэнкам. Лукашэнка прасіў кіраўніка адміністрацыі падаваць сьвежыя ідэі.

Але для мяне паказальнае гэтае слова — «нейкія» ідэі. То бок Лукашэнка спадзяецца, што ператасоўкай гэтай калоды ён нечага дасягне.

«Лояльность и подхалимаж стали главными качествами для попадания в обойму власти»

— Пабачым, каго ён прызначыць, — адзначае Аляксандр Класкоўскі. — Бо ня факт, што цяперашні выканаўца абавязкаў спадар Міцкевіч будзе зацьверджаны. Гэта зусім не публічная асоба, гэта вузка заточаны адмысловец, юрыст. А тут трэба вырашаць шырокі спэктар праблемаў.

Кіраўнікі адміністрацыяў заўжды актыўна курыравалі выбарчыя кампаніі. Але тут гаворка не пра тое, як тэхналягічна правесьці новы рэфэрэндум. Гэтыя вэрсіі мне сьмешныя. Лукашэнку ня трэба Міцкевіча прызначаць кіраўніком адміністрацыі, каб зладзіць рэфэрэндум. Сёньня найперш неабходныя эканамічныя рэформы. (Пра палітычныя тут ня варта і заікацца, бо бурыць сваю сыстэму Лукашэнка ня хоча.) Хаця б у рэчышчы МВФ крокі. І тады лягічна б было на пасадзе кіраўніка адміністрацыі ўбачыць асобу кшталту Кірыла Рудага. Але яго адправілі ў ганаровую ссылку ў Кітай. То бок рэфарматары раздражняюць Лукашэнку яшчэ больш, чым выканаўцы, ад якіх сёньня мала толку, бо сама сыстэма забуксавала, капітальна села на мель. І ад таго, што Лукашэнка цяпер нэрвова будзе мяняць у гэтай сыстэме нейкія вінцікі, нічога істотна ня зьменіцца.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч кажа, што звальненьне Косінца для яго было нечаканым. Ён ня стаў выказваць сваю вэрсію адстаўкі кіраўніцтва адміністрацыі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 8
  • Балл: 4.9