І цябе вылечаць

Дарыюс быў вельмі агрэсіўным хлопчыкам. Гэтае праблемнае дзевяцігадовае дзіцё амаль не размаўляла з людзьмі. Затое ён не мог утрымацца, каб не запусціць крэслам у каго-небудзь, хто падыходзіў занадта блізка. Ён зусім не разумеў матэматыку і амаль што не ўмеў чытаць.

Ну ты артыст!

“Маці Дарыюса адбывае пажыццёвы тэрмін у турме, -- распавядае арт-тэрапеўт Гвен Уолдмэн. – Таму гэты хлопец не мог сканцэнтравацца ні на чым, апроч сваёй злосці. Падчас апошняга прыпадку ён ледзь не разбіў свой кулак аб сцяну. Мяне папрасілі папрацаваць з ім у рамках праграмы Art Therapy Connection, якую мы праводзім у сярэдняй школе ў Чыкага. Калі ўпершыню я паклала прад ім паперу і папрасіла намялваць што-небудзь, то ён з бачным задавальненнем выдаў цэлы шэраг нейкіх жорсткіх вырадкаў. Тады я загадала яму парваць гэтыя шэдэўры, і ён перстараўся ажно да таго, што пачаў запіхваць іх у рот. Але было такое ўражанне, што яму стала лягчэй”.

Гэта было ў самым пачатку, а ўжо праз сем месяцаў заняткаў Дарыюс з гонарам паказваў Гвен свой дзённік: амаль па ўсіх прадметах у яго цяпер было “добра”.

Арт-тэрапія – адзін з відаў псіхатэрапіі. У працэсе лячэння пацыенты і кліенты тэрапеўта пераносяць свае эмоцыі, перажыванні і жахі на малюнкі альбо на ляпныя фігуркі ці шытыя лялькі – карацей, на візуальныя артэфакты.

Карціна Рэпіна

Арт-тэрапія пабудавана на прынцыпе сублімацыі, калі чалавек пераносіць свае схаваныя пачуцці і жаданні на нейкі аб’ект. Напрыклад, ты лічыш, што тваё жыццё занадта празаічнае, і хочаш адчуць смак “сапраўднай жытухі”. Замест таго каб ісці шукаць прыгодаў на сваю пятую кропку, ты малюеш серыю карцінак, дзе сам выступаеш у вобразе супергероя і ў чарговы раз выратоўваеш свет.

“Арт-тэрапія адрозніваецца ад іншых метадаў псіхатэрапіі. Гэта трохбаковы працэс: паміж пацыентам, тэрапеўтам і артэфактам. А артэфакт у сваю чаргу -- нейкая сімвалічная мова, на якой размаўляюць пацыент і тэрапеўт. У большасці выпадкаў пацыенты малююць тое, што ім вельмі цяжка агучыць, -- кажа доктар Аўбад бін Мубарк аль Ямі, прафесар арт-тэрапіі і выяўленчых мастацтваў у каралеўскім універсітэце King Saud University (Саудаўская Аравія). – Таму наша каралеўства стала першай арабскай краінай, якая прызнала арт-тэрапеўтычную практыку і выдае ліцэнзіі арт-тэрапеўтам”.

Арт-тэрапія распрацавана не толькі для “праблемных” людзей – з псіхічнымі і фізічнымі траўмамі, хворых на рак, СНІД і г.д. Патэнцыйнымі пацыентамі могуць быць і звычайныя менеджэры, якія прагнуць кар’ернага росту, дзеці, што баяцца засынаць у цёмным пакоі, альбо тыя, хто не ў стане разабрацца са сваімі пачуццямі пасля нядаўняга разводу.

…Але без лісця

Фізічна хворым людзям часта неабходная дапамога тых, хто можа зразумець іх без слоў.

Пяцігадовая Дыёнці Айзэк з Філадэльфіі пасля аўтакатастрофы апынулася ў дзіцячым шпіталі Блэйр Бэтсан з цалкам паралізаванымі рукамі і нагамі. Яна магла ўсю ноч проста глядзець у столь, не рэагавала ні на што і размаўляла толькі тады, калі хацела піць. Але арт-тэрапеўт гэтага шпіталя Карла Балард знайшла выйсце. “Калі я сустрэлася з ёй першы раз, яна нават адводзіла вочы, але потым я прапанавала ёй намаляваць усё, што захоча, і яна ажывілася. Спачатку малая было “арт-дырэктарам”: малявала я, а яна толькі давала канкрэтныя указанні…Але потым, калі шпіталю падарылі кампутар з экранам touchscreen і прынтэрам, яна паспрабавала на ім маляваць і раптам з усмешкай сказала:

“Я буду шчаслівая!”

Арт-тэрапеўты працуюць і ў тых кропках свету, дзе ідуць войны ці адбываюцца катастрофы. Арт-тэрапеўт Аршат Хусейн з псіхіятрычнага шпіталя ў Кашміры згадвае 24-гадовую дзяўчыну Зору, якую прывезлі ў шпіталь пасля таго, як на яе вачах застрэлілі аднаго са сваякоў. На яе першых малюнках быў толькі хаос ліній – заўсёды зялёнага колеру. Але пазней пачалі з’яўляцца больш жывыя тоны – чырвоны, жоўты, блакітны, -- і гэта сведчыла пра тое, што боль паступова сыходзіў.

У мінулым годзе арт-тэрапеўты працавалі ў часовых прытулках для ахвяр урагану Катрына. Адзін з тэрапеўтаў згадвае: “Маленькая дзяўчынка ўзяла гліну, што я прынесла, зляпіла нешта незразумелае і прыклеіла гэта да паперкі. Потым размалявала паперку зялёным, а гліну карычневым. Я спытала ў яе: “Што гэта?” – “Гэта тое, што зрабіла Катрына. Гэта дрэва, але на ім больш няма лісця”.

Рабіць дабро

Арт-тэрапію выкладаюць на факультэтах псіхалогіі, мастацтва і ў медыцынскіх універсітэтах. Магістарскія праграмы можна лёгка знайсці ў ЗША, Кнадзе, Англіі, Грэцыі, Германіі… Найчасцей ад абітурыентаў патрабуюць партфоліё з работамі (малюнкі, лепка і г.д.). А, напрыклад, ва універсітэце Джорджа Вашынгтона (George Washington University, www.gwu.edu), акрамя дыплома бакалаўра (ці эквіваленту) і партфоліё, табе спатрэбяцца зацверджаныя дакументы пра тое, што ты займаўся мастацтвам у студыі як мінімум 18 гадзін. Натуральна, што веды па ппсіхалогіі (дзіцячай пасіхалогіі, патапсіхалогіі), якую ты вывучаў у сваёй навучальнай установе ці на курсах, адыграюць сваю ролю пры паступленіі. Дыплом вылеціць студэнту ў капеечку: двухгадовы курс у Queen Margaret University Colledge (www.qmuc.ac.uk) абыйдзецца ў 8 тысяч фунтаў за год, а 15 месяцаў у Vancouver Art therapy Institute (www.vati.bc.ca) , будуць каштаваць 13, 500 даляраў.

Але не спяшайся кпіць: у большасці універаў можна выбіць стыпендыю. Напрыклад, ва універсітэце Джорджа Вашынгтона стыпендыя для студэнтаў з краін былога СССР можа пакрыць усе выдаткі на вучобу – мінімум 18 тысяч даляраў (www.gwu.edu/~fellows). Пры ўмове, што пасля вучобы ты абавязкова вернешся дадому. Рабіць дабро.

WEВ: ведай больш

www.arttherapy.org – Амерыканская асацыяцыя арт-тэрапіі. Даведайся, якія траблы чакаюць арт-тэрапеўтаў падчас працы ў калоніях для непаўналетніх.

www.baat.org – Брытанская асацыяцыя арт-тэрапеўтаў. Абмяркоўваюцца новыя ідэі і падыходы ў арт-тэрапіі, публікуюцца самыя свежыя даследаванні.

www.arttherapy.dadeschools.net/art_%20exhibits.htm – выставы арт-тэрапеўтычных работ.

www.artsintherapy.com – лінкі на ўсе асацыяцыі арт-тэрапеўтаў у Амерыцы і Еўропе.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: