«Купляйце сваё»: ці знікне беларуская медыясфера?

Новы медыя-асяродак абмяжоўвае, але адначасова дае магчымасць стварыць супольнасць, досыць толькі ведаць матывацыю яе патэнцыйных удзельнікаў – пра гэта культуролаг і даследчык медыясферы Аляксей Крывалап.

Замкнёнае кола практычнасці

—Купляйце беларускае – мем, які жыве асобным жыццём, і заўтра для яго можа не наступіць ніколі, – лічыць Аляксей Крывалап, культуролаг і даследчык.

Аляксей Крывалап

Аляксей тлумачыць: падыход медыяў да мовы выключна практычны. Калі большасць карыстальнікаў шукае «окна ПВХ», а не «вокны ПВХ», то і рэклама будзе на гэта рэагаваць.

—Людзі робяць запыты па-руску – значыць, на адпаведнай мове ім прапануюць і рэкламу, – кажа Аляксей Крывалап. – Гэта замкнёнае кола: мы чакаем, калі людзі пачнуць шукаць на мове, каб медыі перайшлі на яе.

Кампанія Consumer Barometer на мінулым тыдні падчас канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» прадставіла даследаванне. Мова ў тэксце згадваецца толькі ў звязку з пакупкамі за мяжой.

Постсавецкае спажыванне

Ці захаваюцца пры такіх тактыках беларускія медыі?

—Тут больш скептыцызму, – мяркуе Аляксей. – Але ёсць і аптымізм. Нас цікавіць асаблівасць спажывання. Дзіўна атрымалася, што ў нашай краіне, дзе святкуецца Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, паспяхова будуецца грамадства спажывання, і канфлікту між гэтым няма.

У гэтых умовах медыі ёсць прасторай, дзе праз спажыванне кожны можа будаваць уласную ідэнтычнасць: пісаць на беларускай лацінцы ці на «олбанском языке» і гэтым трансляваць розныя бачанні свету.

Новыя медыі трансфармуюць індывідуальнасць

Прыкмета часу – супольнасці ўтвараюцца з удзелам медыюма паміж стваральнікам і спажыўцом інфармацыі.

—Сацыяльныя сеткі існавалі да з’яўлення анлайну: навучальная група, клас у школе… Але зараз, каб атрымоўваць гэтыя стасункі, мы вымушаныя карыстацца тэхналогіямі: твітэр, фэйсбук, укантакце – на ваш густ, – мяркуе спікер.

Пасрэдніцтва правакуе на адаптацыю паводзінаў да тэхналогій, і гэтая ж адаптацыя абмяжоўвае нашую індывідуальнасць. Наколькі належыць уласна нам жаданне напісаць пост, сабраць 100 лайкаў ці фрэндаў?

Разарваць кола – уласны выбар

Нягледзячы на такую камунікацыю медыі зменяцца, калі ўжываць беларускую мову – лічыць Аляксей Крывалап. Магчыма, гэта будзе дэманстратыўнае спажыванне дзеля сацыяльнага статусу, а не ўтылітарнае.

Карыстальнік можа часцей клікаць на беларускамоўную рэкламу, усталяваць яе ў магчымай раскладцы на кампутары ці смартфоне, выбраць на сваім Android. Гульня «Свет танкаў», створаная ў Беларусі, нядаўна атрымала беларускамоўную версію.

Магчымасці не залежыць ад нашых памераў: нават у Літве, дзе менш за 3 мільёны чалавек, можна знайсці і Windows, і MicrosoftOffice з перакладам.

Навошта спажыўцам ідэнтычнасць?

—Усё залежыць ад карыстальнікаў. Пытанне ў тым, як стварыць умовы, каб людзі адчулі ўнутраную патрэбу спажываць той ці іншы медыяпрадукт у пэўным моўным асяроддзі. Можа, нам патрэбныя новыя праекты, звязаныя з беларускамоўнымі практыкамі? – задае пытанне Аляксей Крывалап. – Няма статыстыкі, якая сведчыць пра прысутнасць мовы ў інтэрнэце. Мы можам ведаць памер экрана смартфона, колькасць колераў і аперацыйную сістэму, але праз адсутнасць дадзеных не разумеем, чаму нехта ўсталёўвае беларускую.

…Калі мы зразумеем, чаму ў людзей узнікае патрэба выкарыстоўваць мову, можа быць, мы зможам будаваць ідэнтычнасць на тым, як мы выкарыстоўваем медыі.

Адкрытая лекцыя культуролага Аляксея Крывалапа «Купляйце беларускае, альбо Што рабіць, калі заўтра ніколі не наступіць?» адбылася ў межах цыкла Міжнароднага кансорцыюму «ЕўраБеларусь» і Лятучага ўніверсітэту  «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні»

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4.2