Прагугліць паліцы: як не набыць таксічныя тавары і шкодную ежу

Беларуска стварыла экагід, які лёгка змяшчаецца ў гаманцы і імгненна дапаможа пакупніку зрабіць у краме слушны выбар.

Сваім праектам «Экагід спажыўца» Алёна Бандарчук, выпускніца бясплатнага моладзевага адукацыйнага праекта «Экастарт», які штогод ладзіць Цэнтр экалагічных рашэнняў, спрасціла жыццё многім.

Цяпер не трэба па паўгадзіны стаяць каля паліцы з таварамі і гугліць, якія Е-дадаткі шкодзяць здароўю, якія штучныя таксічныя рэчывы ўтрымліваюць касметыка і бытавая хімія, ці перапрацоўваецца тая ўпакоўка, якую скарыстаў вытворца.

Для Алёны Бандарчук экалагічны лад жыцця — гэта не проста прыгожая фраза. Яна вырасла ў сям’і, дзе сартавалі смецце, эканомілі ваду, заўжды вырошчвалі расліны

«Экастарт» дапамог знайсці яшчэ больш аргументаў у падтрымку сваіх паводзінаў.

— У мяне шмат ідэй, якія б я хацела спраўдзіць, вось пачала з гэтай, – расказвае Алёна. — Мне вельмі дапамагалі іншыя «экастартаўцы», з імі разам вырашалі, якую інфармацыю змясціць на невялікай шпаргалцы — трэба ж было выбраць самае важнае — тое, што заўжды павінна быць пад рукой у звычайнага спажыўца!

Сваім праектам Алёна даказала: каб зрабіць нешта насамрэч патрэбнае, неабавязкова марнаваць шмат часу і мець неабмежаваныя сродкі.

– Пакуль я рабіла «Экагід спажыўца», мае сябры ўвесь час пыталіся, калі ён будзе гатовы. Шмат хто з іх жыве далёка, і тут я зразумела: у іх не будзе магчымасці атрымаць памятку! І што рабіць? Так нарадзілася ідэя стварыць мабільную версію і версію для самастойнага друку: іх можна спампаваць, раздрукаваць і карыстацца!

Экагід ад Алёны з лёгкасцю змяшчаецца ў гаманцы

Падчас і пасля вучобы ў «Экастарце» Алёне давялося шмат слухаць пра экалагічныя праблемы.

– Мяне «распірала» ад ведаў і жадання імі падзяліцца. І дакладна ведаю, што некаторыя з маіх знаёмых пад маім уплывам змянілі свае звычкі, зрабіўшы свой побыт больш «зялёным», — распавядае Алёна.

Пры гэтым яна лічыць, што навязваць свой пункт гледжання — няправільная стратэгія.

— Я распавядаю людзям пра свой досвед, дзялюся сваімі адкрыццямі. Часам ў краме магу нават пасварыцца з-за пакетаў — не жадаю браць пластыкавае смецце, заўсёды хаджу з торбай. Я нікому моцна не навязваю свайго пункту гледжання, бо лічу, што агрэсія — дрэнны сродак і «гвалтаваць» мозг таксама неэкалагічна.

Стваральніца «Экагіда» лічыць, што змяняць свет трэба, пачынаючы з сябе. Варта разумець, дадае яна, што калі хтосьці, напрыклад, не сартуе смецце, ён робіць горш сабе.

– Беларусы — не самая прапашчая нацыя. Калі я першы раз патрапіла ў Егіпет, я была ў шоку: людзі кідаюць смецце наўпрост сабе пад ногі і лічаць, што бруднае асяроддзе — праблема дзяржавы, — узгадвае свае вандроўкі Алёна. – І быў выпадак, калі я літаральна плакала: дзеці па шчыкалатку ў смецці гуляюць у футбол на вуліцы! Гэта было так дзіўна і непрыемна, а мясцовым усё адно — няма клопату да гэтага. Мы ўсе жывём на адной планеце, іншай ў нас няма. І калі нехта выкіне пластыкавую бутэльку ў «сваю» рэчку, не факт, што яна не даплыве да нас.

Спыняцца на адным інфармацыйным праекце Алёна не збіраецца, у марах — зрабіць мабільны дадатак.

– Я і сама стала больш свядомая, мне зараз прасцей выбіраць тавары і ежу ў крамах. Праўда, колькасць харчовых прадуктаў, якія я купляю, вельмі скарацілася. Часам галадаю, бо не магу есці «хімію», — жартуе яна. — Затое адмова ад прамысловай касметыкі пасля экастартаўскай лецыі ароматэрапеўта Наталлі Дзячкоўскай дапамагла пазбавіцца ад пастаяннай алергіі і іншых праблем са скурай.

Менш Алёна купляе і тавараў, бо больш дасканала і адказна цяпер ставіцца да рэчаў. А гэта скарачае колькасць адыходаў на планеце, разам з тым — памяншае нашыя патрэбы ў рэсурсах.

— У мяне цяпер больш аднадумцаў і больш «зялёных» сяброў, з якімі я «на адной хвалі». Яшчэ плюс: раней і хочаш нешта зрабіць, але не ведаеш, з чаго пачаць, за што хапацца. Пасля вучобы ў моладзевым экагуртку стала прасцей: ёсць ідэя — бяры і рабі, табе заўжды дапамогуць! — гаворыць Алёна.

Дарэчы, бясплатны асобнік шпаргалкі-экагіду можна замовіць па тэлефоне +375 17 237 40 70.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 17
  • Балл: 4.9