Калі Нацыянальны аэрапорт загаворыць па-беларуску

Дадаць беларускую мову ў сістэму інфармавання пасажыраў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск-2», рэкламу турызму, славутасцяў, культурных каштоўнасцяў і нацыянальных асаблівасцяў беларусаў прапануюць падпісанты петыцыі на сайце «Удобный город». Яны гатовыя самі збіраць на гэта грошы.

Нацыянальны аэрапорт «Мінск-2». Фота: Минск-Новости

Пад петыцыяй, якую грамадзяне збіраюцца накіраваць у ГУ «Нацыянальнае агенцтва па турызму» і Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, стаіць ужо каля 180 подпісаў.

Падпісанты лічаць, што Нацыянальны аэрапорт «Мінск-2» з’яўляецца тварам краіны і таму павінен ставіцца з павагай да беларускай мовы — нацыянальнага багацця і адной з найвышэйшых каштоўнасцяў беларускага народа.

«Нацыянальны аэрапорт не якая-небудзь крама, а твар і брама Беларусі. Таму і падыход у афармленні і стаўленні да мовы павінен быць дзяржаўным, а не камерцыйна-спажывецкім, — адзначаецца ў петыцыі. — Існуюць шыльды на рускай, часам англійскай мове і ніводнага слова на роднай мове! ».

Грамадзяне просяць зрабіць так, «каб аэрапорт, якому плануецца надаць імя Скарыны, нашага першадрукара, меў асабісты твар, нейкае адрозненне ад рэгіянальных аэрапортаў Расіі».

Сярод прапаноў, выкладзеных у петыцыі, — дадаць беларускую мову ў сістэму інфармавання пасажыраў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск-2», на табло з інфармацыяй аб рэйсах, дадаць у ролік пра Беларусь сапраўдную дату ўтварэння сучаснай незалежнай дзяржавы – 1990 год, а не 1994, як зараз.

«У выпадку адсутнасці сродкаў на тое, каб дадаць беларускую мову ў сістэму інфармавання пасажыраў, і выпраўленне памылак, просім разгледзець магчымасць фінансавання за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, краўдфандынгу. Мы гатовы самастойна сабраць грошы на гэта мерапрыемства », – гаворыцца ў звароце, які з’яўляецца абскарджаннем у вышэйстаячыя інстанцыі пасля адмовы кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорта правесці ў бліжэйшы час дубляж надпісаў на беларускай мове. Адміністрацыя аэрапорта спаслалася на тое, што трэба максімальна ўлічваць інтарэсы у асноўным рускамоўнага пасажырапатоку з краін СНД.

Напрыканцы 2015 года, калі група грамадзян звярнулася да кіраўніцтва РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» з прапановай прадубляваць усе надпісы не толькі на англійскай, але і на беларускай мове, адмiнiстрацыя аэрапорта адказала, што «прыкладае максімум намаганняў па пашырэнні тэхнiчных магчымасцяў i пошуку фінансавых сродкаў, якія б дазвалялі размяшчаць iнфарамацыю на трох i больш мовах».

Паўторны зварот да кіраўніцтва РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» з пытаннем, ці далі плён намаганні адміністрацыі, быў дасланы праз дзевяць месяцаў 26 жніўня 2016. На яго быў атрыманы нечаканы адказ, што даданне трэцяй мовы ў бліжэйшы час не плануецца.

То бок, абяцанні, дадзеныя ў адказе на першы зварот, адміністрацыя выконваць і не збіралася.

Згодна беларускага заканадаўства грамадзяне маюць права абскардзіць атрыманы адказ у вышэйстаячай арганізацыі і яны гэтым правам скарысталіся.

—Безумоўна, такая ініціятыва вельмі слушная і своечасовая, — лічыць дэпутат Алена Анісім. — Беларуская мова фактычна забяспечвае нацыянальную бяспеку нашай краіны і забяспечвае нашу нацыянальную прастору. Праз родную мову Беларусь пазыцыянуе сябе як незалежная, самастойная, самадастатковая краіна. І такім чынам мы годна вылучаемся з шэрагу іншых краін.

Падпісаць петыцыю можна тут

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 22
  • "ПРОТИВ" : 1