Села батарэйка?

Спецыяльнасць: альтернатыўная энергетыка

Футуролагі кажуць, што калі чалавецтва будзе развівацца такім ж тэмпамі, то праз 50 год энергетыка Зямлі зраўняецца з энергіяй Сонца, а праз 800 год і ўсёй Галактыкі. Калі чалавецтва па-ранейшаму будзе паліць мазут, бензін і газ, то год праз 80 мы пачнем задыхацца.

Я сяджу на ўнітазе…

…Гучна-гучна палакаю. Невядома, дзе менавіта аднаму з японскіх інжынераў-энергетыкаў прыйшла ідэя “прыбіральні будучыні”, але тое, што падштурхнулі яго невясёлыя думкі пра блізкі энергетычны калапс – гэта факт. Аказваецца вада ва ўнітазах растрачваецца без ніякай карысці. Львіная частка энергіі “вадаспаду” сыходзіць – у прамым і пераносным сэнсе – у трубу. Кампанія Toto яшчэ ў 2004 годзе распрацавала г.зв. гідраэлектрычны канвертэр, які ператварае энергію воднага струменя ў зарад батарэі. Тэхналогія ўжо прымяняецца…

Але не ад добрага жыцця так вылузваюцца энергетыкі. Любы першакласнік ведае, што выкапнёвыя энерганосьбіты рана ці позна скончацца. Аднак справа нават не ў тым, што недахоп энергіі можа прывесці да Мальтузіянскай катастрофы (тэорыя, паводле якой праз колькі год насельніцтва павялічыцца да такой ступені, што індустрыя не будзе паспяваць за такім ростам і нам усім давядзецца смактаць лапу). І не ў тым, што традыцыйныя крыніцы энергіі робяць свой пасільны ўнёсак ў глабальнае пацяпленне і выпадзенне кіслотных дожджыкаў. Энергетычны крызіс даўно пачаўся. Калі не верыш, пачытай у падручніку па гісторыі пра войны ў Персідскай затоцы, альбо згадай, як расійскі “Газпром” перакрываў братам-беларусам “кранцік”.

Злазь, прыехалі!

18 жніўня 2005 года кампанія Fuji Heavy Industries прэзентавала эксперыментальны ўзор электрамабіля Subaru R1е з высокарэпрадуктыўным акамулятарам. За пяць хівлін гэты “энерджайзер” можа зарадзіцца на 90 адсоткаў, чаго хопіць на 100 кіламетраў наперад. Серыйную версію машыны плануецца выпусціць ужо ў 2008-м. І па коштах такая цацка будзе даволі прымальнай: 13 600-18200 даляраў. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ў тым ліку і распрацоўкам у сферы альтэрантыўнай энергетыкі.

Альтэрнатыўная энергетыка займаецца аднаўляльнымі крыніцамі энергіі. Да іх адносяць: сонечнае святло, вецер, біялагічныя працэсы, прылівы і адлівы, геатэрмальныя цеплавыя плыні і г.д. Альтэрнатыўшчыкі непасрэдна займаюцца праектамі па “перасадцы” прамысловасці, гаспадаркі і транспарту на новыя віды паліва.

Аднаўляльныя крыніцы энергіі можна выкарыстоўваць адразу “на месцы”, а можна перапрацоўваць у новыя формы. Прыклад прамога выкарыстання -- т.зв. сонечныя печы – металічныя каробачкі з лінзамі для гатавання ежы. Тэмпература такой печкі ў сонечны дзень дасягае 200 С. Сюды ж адносяцца шклопакеты, умантаваныя ў столь.

Пры граматным падыходзе яны могуць абагрэць памяшканне нават пры нулявой тэмпературы на вуліцы. Гэтую тэхналогію ўжо запатэнтавалі гагаландцы і цяпер гандлююць ёй нават у Цэнтральнай Еўропе.

Але што рабіць калі ты жывеш у высотным панельніку на першым паверсе і з вокнамі на поўнач?

З лайна цукерка

Больш распаўсюджанае непрамое выкарыстанне альтэрнатыўнай энергіі – генерацыя электрычнасці з дапамогай сонечных батарэй і ветратурбін, а таксама вытворчасць паліва (як, напрыклад, этанол) з біямасай.

Адна ветратурбіна, у залежнасці ад мясцовасці, можа генераваць да 5 МВт энергіі. Каб турбіна працавала па максімуме, вецер павінен быць недзе 20 км/г. Зразумела, такі агрэгат не паўсюль паставіш, але ў прыбярэжныя зоны і на раўніны ён падыходзіць ідэальна. Па ўсім свеце ў т.зв. “ветравых парках” і “фермах” функцыянуюць ужо некалькі тысяч ветратурбін, і ў суме яны выдаюць “на гара” 47 тысяч 317 МВт. Сёння 1/3 ветравой энергетыкі належыць Германіі, нягдзедзячы на тое, што немцы пачалі раскручваць гэтую тэму толькі ў пачатку 90-х. А вось японцы лепей за ўсіх умеюць збіраць энергію Сонца. У японскім горадзе Гіфу знаходзіцца “Сонечны Каўчэг” – самая вялікая сонечная батарэя ў свеце (даўжыня – 315 метраў, вышыня – больш за 30). Для такой батарэйкі спатрэбілася больш за 5 тысяч фотагальванічных элементаў. Але мэта апраўдвае сродкі: у год “Каўчэг” вырабляе 530 тысяч кілават-гадзін: для звычайнай электрастанцыі на гэта спатрэбілася б 120 тысяч літраў мазуту.

Нядрэнна атрымліваецца і з біямасамі. Напрыклад, студэнты з Wayne State University нядаўна прапанавалі праект фермы, дзе нават ляпёхі кароўкі Мілкі будуць ператварацца ў электрычнасць. Переаабсталяваць можна практычна любую ферму, бо прынцып дзеяння даволі просты: кароўкіны бліны зграбаюцца ў спецыяльны кантэйнер, дзе перамешваюцца ў аднародную масу і апрацоўваюцца тэмпературай. На выхадзе маем: 1 – метан, што паступае ў мясцовы генератар і дае нам электрычнасць; 2 – сухое ўгнаенне, якое трапляе на поле.

Яшчэ адзін від альтэрнатыўнай энергіі валяецца літаральна пад нагамі. Геатэрмальную энергію выпраменьвае ядро нашай планеты. Зусім нядаўна яе таксама навучыліся выкарыстоўваць – праз вельмі глыбокія трубы ці цеплавыя насосы. У геалагічна нестабільных раёнах – ў Ісландыі, Новай Зеландыі, на Філіпінах і нават у Італіі – гэтая энергія ляжыць літаральна на паверхні. Напрыклад, у 2000 годзе Ісландыя ўжо ацяпляла з дапамогай геатэрмальнай энрегіі 86% прыватных дамоў.

Ёсць чым сагрэцца, ёсць дзе схавацца

А ў Англіі ў 2004-м быў рэалізаваны адзін з самых паспяховых на дадзены момант праектаў энергазберагання ў жылых дамах -- BedZED. Сцены таўшчынёй паўметра, трайныя вокны і складаная сістэма вентыляцыі дазваляюць абаграваць 84 дамы ў паўднёвай частцы Лондана, выкарыстоўваючы толькі энрегію маленькай цепластанцыі.Тая, у сваю чаргу, працуе на драўляных стружках. А на вокнах, якія выходзяць на поўдзень, усталяваны спецыяльныя “пасткі” для збору сонечнай энергіі – яе хапае на ўсе хатнія электрапрыборы. Для скептыкаў, якія не вераць, што такія дамы разрастуцца як грыбы, у архітэктара праекта Біла Данстэра заўсёды ёсць дуля ў кішэні: анічога, маўляў, што стагоддзе таму ўсе печкі былі на дровах? Біл нагадвае: “у Еўропе і ЗША на абаграванне прыватнага сектару ідзе каля 40% энергіі”. Менавіта таму цэлыя кварталы такіх дамоў ужо пабудаваны ў Каліфорніі і Вірджыніі, а саму тэхналогію закупілі Кітай і Індыя.

Будзеш як вялікі Паца-Ваца

Студэнтаў, якія вывучаюць альтэрнатыўную энергетыку, з першых курсаў скіроўваюць на сцежку навуковых праектаў. Міні-заводзік студэнтаў з Wayne State University – прыкольны, але далёка не самы сурёзны праект, які муцяць пад дахам гэтага універа, дзе, дарэчы, навучаюцца каля 4 тысяч студэнтаў-замежнікаў са 100 краін свету. Магістарская праграма па альтэрнатыўнай энергетыцы (яе прапануе інжынерная школа універа Уэйн) уключае наступныя курсы: асновы альтэрнатыўных тэхналогій у энергетыцы, бізнес у альтэрантыўнай энергетыцы, альтэрнатыўнае паліва, захванне альтэрнатыўнай энергіі, паліўныя элементы, інтэлектуальныя прыборы і г.д.

Прызнацца, дыплом магістра каштуе тут няхіла (недзе 44 тысяч даляраў за ўсю праграму). Але чаго толькі не аддасі, каб выратаваць сусвет!

Увогуле, праграмы па альтэрнатыўнай энергетыцы варта шукаць у асноўным на факультэтах прыкладной фізікі ці інжынерыі. Важна: у некаторых універах гэтая спецыяльнасць называецца Sustainable Energy Studies, але сэнс той жа. Напрыклад, праграма з такой назвай ёсць у Стакгольмскім Каралеўскім тэхналагічным інстытуце (Kungliga Tekniska Hogskolan) , дзе нават замежныя студэнты вучацца бясплатна – аплачваюць толькі дах над галавой. Акрамя таго, тут вучыцца 340 студэнтаў з 41 краіны свету, з іх 90 яшчэ і атрымліваюць стыпендыю. А яна там немалая – можна нават выбіць каля 46 тысяч даляраў на два гады.

Там жа, у Стакгольме, у 2004 годзе з’явілася “энергетычная” праграма з дыстанцыйнай формай навучання. Яна цягнецца два семестры і праходзіць цалкам онлайн.

А наогул, каб патрапіць на праграму па альтэрнатыўнай энергетыцы, абітурыенту спатрэбіцца не толькі валоданне замежнай мовай, але і веданне фізікі ды матэматыкі. Ці бакалаўрская ступень (эквівалент) у інжынерыі, як у University of Reading у Англіі. Кошты там ніжэйшыя за амерыканскія (за 2005-2006 навучальны год студыёзусы плацілі 10 500). Там жа, дарэчы, ёсць і дыстанцыйная праграма (кошт – 5 250 фунтаў).

WEB: ведай больш

www.business.com/directory/energy_and_environment/alternative_energy/education_and_training/distance_learning -- калі хопіць цярпення набраць усю спасылку без памылак, то тут можна знайсці онлайн-курсы і адукацыйныя праграмы. А калі потым зазірнуць у Distance Training Program, то аткрыюцца ўвогуле ўсй онлайн-універы ў ЗША, у тым ліку такія лідэры дыстанцыйнай адукацыі, як University Of Phoenix Online, South University Online, Capella University і інш.

www.webdirectory.com/Science/Energy/alternative_Energy -- акрамя апісання саміх альтэрнатыўных крыніц энергіі і таго, што з імі можна рабіць, тут ты даведаешся пра 1200 відаў бізнесу, якімі займаюцца ў рамках альтэрнатыўнай энергетыкі.

www.aresearchguide.com/energy.html -- спецыяльна для студэнтаў -- калектар інфы пра выкарыстанне і збераганне альтэрантыўнай энергіі. Да таго ж, можна папрабаваць пабудаваць сваю ўласную сістэму збору сонечнай энергіі і даведацца, чаму вопратку лепей мыць у халоднай вадзе.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: