Таццяна Вадалажская: Нельга навучыцца раз і назаўсёды

Колькі год вучыцца ў школе — неістотна. Галоўнае — дапасаваць сістэму ведаў да патрэбаў чалавека. Якой адукацыі бракуе беларусам — пра гэта каардынатарка Лятучага ўніверсітэта.

Сферы нефармальнай адукацыі: практыка, самаразвіццё і пошукі альтэрнатывы

Нефармальная адукацыя ў Беларусі мае шмат кірункаў, ад курсаў скрабукінга да гуманітарных ведаў.

—Цяжка ацаніць колькасна, але сфера шырокая і разнастайная, – лічыць каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская. – Яна заўсёды рэагуе на стан фармалізаванай адукацыі і на попыт.

Таццяна Вадалажская. Фота: Міхал Анемпадыстаў

Попыт ёсць найперш у прафесійнай сферы: людзям патрэбныя ўменні для працы тут і зараз у праграмаванні, мовах, бухгалтарскім уліку. Пашыраецца сфера, звязаная з самаразвіццём: трэнінгі па лідарству, псіхалагічная дапамога.

Трэцяя са сфер імкнецца вынайсці альтэрнатыўную адукацыю як ўваход у культуру, а не як вузка практычныя веды, і да гэтай сферы адносіцца Лятучы ўніверсітэт.

Ад адукацыі застаюцца «корачкі»

Развіццё ў адказ на попыт прыводзіць да таго, што нефармальная адукацыя закрывае слабыя месцы фармалізаванай.

—Яе традыцыйныя формы  ў Беларусі бюракратызаваныя, празмерна кансерватыўныя і рухаюцца да прафанацыі. Сыходзяць змест і якасць, і застаюцца «корачкі», – кажа Таццяна Вадалажская.

Пошук рашэнняў праблемы яна лічыць фармальным.

– Мы мяняем тэхнічныя і тэхналагічныя рысы, абгрунтоўваючы знешнімі прычынамі: Балонскім працэсам, асаблівасцямі фінансавання. Але не закранаем сутнасных праблемаў, — адзначае эксперт. — Фактычна ў Беларусі так і не была праведзеная рэформа адукацыі і яе пераасэнсаванне для незалежнай краіны. На што арыентавацца канцэптуальна – незразумела.

Злом цывілізацыі патрабуе новых ведаў

Нягледзячы на свае мінусы, фармальная адукацыя, хутчэй за ўсё, застаецца для большасці беларусаў асноўнай. Хаця тэндэнцыя яе замены на нефармальную таксама ёсць.

Гэты трэнд глабальны: сама еўрапейская цывілізацыя ў сітуацыі злому, калі змяняюцца палітычныя стасункі, пераасэнсоўваюцца межы і адносіны ў сацыяльным свеце.

—Радыкальная змена стасункаў чалавека са светам цягне за сабой радыкальную змену адукацыі. Апошнія 50-100 гадоў мы атрымоўвалі грунтоўныя веды пра свет. Але, можа, зараз веды трэба пра выбудову сябе і пра мысленне, а астатняе можна ўзяць  з інтэрнэту? — задае пытанне Таццяна Вадалажская.

Такім чынам, наш крызіс супадае з глабальным крызісам адукацыі, які эксперт ацэньвае, хутчэй, пазітыўна. Сістэму атрымання ведаў трэба дапасаваць да патрэбаў чалавека ў новым свеце і зрабіць гэта не праз вырашэнне, 10 ці 12 год навучацца школьнікам, а праз пошук таго, якім павінен быць чалавек.

«Хто знаходзіць адказ – той становіцца лідарам»

—Патрэба ў шматлікіх ведах, якія яшчэ і пастаянна змяняюцца – гэта прыкмета часу. Але як яны павінны быць арганізаваны, што найбольш важнае і грунтоўнае, а што з’яўляецца часовым – гэта пакуль пытанне, – лічыць Таццяна.

Вынікае, што пры ўсіх магчымасцях адукацыі ніхто не ведае, якой яна мусіць быць у наш час.

—Еўрапеізаваны свет шукае адказ, і мы можам ці прыняць той, які будзе знойдзены, ці то ўключыцца ў пошук. Хто знаходзіць адказ – той становіцца лідарам, – мяркуе Таццяна Вадалажская. –Нічога не замінае ўключацца ў пошук, і беларусам гэта нават бліжэй. Мы не маем добра ўсталяваных сацыяльных стасункаў, а паўкрызісны стан ва ўсіх сферах змушае не надта трымацца за тое, што ёсць. Адно што мы пакуль думаем, як залатаць дзіркі, а не як змяніць тое, што ёсць.

Лятучы ўніверсітэт – эксперыментальная пляцоўка

Лятучы ўніверсітэт ад пачатку шукае адказ на пытанне, якімі павінны быць сёння адукацыя, навучальныя ўстановы і чалавек.

—Ідэя Лятучага – не ў тым, каб даць дыплом ці прафесію, а каб стварыць уяўленне аб тым, якім павінен быць універсітэт, – кажа каардынатарка. – Гэта эксперыментальная пляцоўка. Эксперымент у пошуку падыходаў, як арганізаваць мысленне, як у яго ўцягваць людзей, што ім трэба для гэтага і як будаваць адукацыю.

На гэтыя ж мэты працуюць яшчэ дзве праграмы – Беларускі калегіюм і ECLAB. Яны ствараюць канкурэнтнасць і розніцу падыходаў, і гэта важна для вынаходжання ўласна беларускага разумення сучаснай адукацыі тут і зараз, лічыць Таццяна Вадалажская.

Прастора для пошуку і сустрэч

Што атрымае кожны канкрэтны чалавек ад абстрактных ідэй Лятучага?

—Тое, што захоча атрымаць, – кажа Таццяна Вадалажская. – Мы прапануем прастору, у якой ёсць розныя мысляры. З імі можна паспрачацца, у іх павучыцца альбо зразумець, што трэба нешта сваё. У гэтым сэнсе самае складанае – гэта абсалютная свабода Лятучага. Яна патрабуе высілкаў, каб сфармуляваць, што ты павінен рабіць. Гэта сама складанае і самае цікавае.

Мы намагаемся зрабіць сустрэчу: з настаўнікам, сітуацыяй мыслення, з іншымі людзьмі, якія знаходзяцца ў пошуку. Тое, што атрымліваецца, заснавана на дыялогу розных людзей.

Даведка Заўтра тваёй краіны

Новы сезон у Лятучым універсітэце прэзентуюць напачатку Тыдня беларускага мыслення, 19 верасня. Арганізатары ўпэўненыя: адукацыя мусіць быць сучаснай і вучыць мысліць адпаведна часу. Пошуку новых формаў адукацыі, пры якіх гэта магчыма – адна з мэтаў універсітэта.

У гэтым годзе ў Лятучым універсітэце будзе некалькі новых курсаў, якія працягнуць старыя ідэі – кірунак на арганізацыю мыслення:

—Курс Уладзіміра Мацкевіча “Індывідуальнасць і мысленне” (працяг “Уводзінаў у філасофію”);

—Новы курс у сталай тэме: Ігар Бабкоў “Уводзіны ў посткаланіяльную тэорыю” як спроба канцэптуалізаваць сябе у прасторы і часе;

—Шэраг курсаў ад сяброў Беларускай філасофскай прасторы: сацыяльная тэорыя, сучасныя медыі, гістарычнае мысленне. Курс дае сродкі для разумення свету;

—Курс па сімвалічнай інтэрпрэтацыі працягне мінулагоднюю герменэўтыку, але з іншымі сродкамі;

—Працягнецца праца ў школах магістраў гульні, у іх будзе невялікі дадатковы набор.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 7
  • Балл: 5