Валянцін Акудовіч: “Прага нашага мыслення наканаваная нам лёсам…”

У Мінску пройдзе ўнікальная выстава інтэлектуальных напрацовак беларусаў за апошнія 30 год.

Энцыклапедыі, анталогіі, альманахі, зборнікі, кнігі, часопісы, перыёдыка – усяго болей за 200 аб’ектаў, якія прадстаўляюць самыя цікавыя інтэлектуальныя выдавецкія праекты ў Беларусі за апошнія 30 год. Беларускі Калегіум, Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” запрашаюць на выставу “CogitoAlbarutheniae. Панарама беларускага мыслення”.

Адзін з ініцыятараў і арганізатараў выставы, філосаф Валянцін Акудовіч, назваў гэтую падзею ўнікальнай і знакавай для беларусаў:

—Уявіце сабе, на зямной кулі больш за некалькі сотняў краін і нацый. Але нідзе ніхто ніколі не ладзіў свята ўласнага мыслення. Тут мы абсалютна першыя. Першыя! З гэтага вынікае, што прага нашага мыслення наканаваная нам лесам!.

Яшчэ 30 гадоў таму выразы “беларускае мысленне” ці “беларускі філосаф” гучалі ледзь не як аксюмарон. Цягам некалькіх папярэдніх стагоддзяў пры ўсіх уладах беларуская думка мэтанакіравана ігнаравалася, здушалася й заганялася ў фармат песень-жальбаў.

Але пры першай гістарычнай магчымасці беларусы распачалі культурнае вызваленне стварэннем свайго інтэлектуальнага дыскурсу. Гэта выявілася ў другой палове 1980-х гадоў праз шматлікія філасофскія развагі ў самых розных выданнях, а ад пачатку 1990-х выбухнула вялікай колькасцю інтэлектуальных пэрыёдыкаў, часопісаў, зборнікаў, анталогій ды энцыкляпэдый.

Панарама беларускага мыслення “CogitoAlbarutheniae” (“Мыслю Беларусь”) дазваляе пабачыць і ацаніць гэты фантастычны феномен і пераканацца, што Беларусь – краіна мысляроў.

Выстава адмыслова стала цэнтральнай падзеяй Тыдня беларускага мыслення .

Паводле слоў Тацяны Вадалажскай, каардынтара Лятучага ўніверсітэта: “Мысленне не жыве на паліцах бібліятэк, у формулах ці адмысловых інстытуцыях – гэты жывы працэс, які знітаваны з часам і кантэкстам. Сучаснасць мыслення - гэта знаходжанне ў пэўным часе, які мае культурныя, гістарычныя і палітычныя каардынаты. Гэтая выстава стварае для нас усіх гістарычны і культурны кантэкст існавання і развіцця. Менавіта таму з яе пачынаецца Тыдзень беларускага мыслення”.

Адкрыццё выставы адбудзецца 16 верасня ў прасторы Корпус 8. Вядзе прэзэнтацыю Панарамы філосаф Валянцін Акудовіч, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума. Удзельнічаюць ініцыятары і выдаўцы некаторых аб’ектаў Панарамы, стваральнікі прасторы сучаснага беларускага мыслення: Тацяна Вадалажская. Ігар Бабкоў, Валер Булгакаў, Сяргей Дубавец, Ірына Дубянецкая, Уладзімір Мацкевіч, Уладзімір Някляеў, Сяргей Санько, Тацяна Шчытцова.

Імпрэза пачнецца а 18.45 з музычнага суправаджэння гурта EVAND, аўтарская музыка якога, на погляд арганізатараў, вельмі выразна таніруе з гучаннем беларускага мыслення.

Уваход вольны.

Больш інфармацыі пра выставу і Тыдзень на сайце Лятучага ўніверсітэта

Выстава будзе працаваць з 16 па 25 верасня ў Корпус 8 (Машэрава, 9).

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 1
  • "ПРОТИВ" : 0