Іосуб: Дэнамінацыя не абваліла курс. Да канца года долар не перавысіць 2,5 BYN

1 ліпеня ў Беларусі правялі дэнамінацыю. Гэта было не проста знішчэнне «лішніх» 4 нулёў на банкнотах, хутчэй увядзенне ў зварот абсалютна новых банкнот і нават манет. Фінансавы эксперт, старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб праз месяц пасля дэнамінацыі расказвае, ці прывык сам да новых грошай. А таксама тлумачыць, чаму не адбылося чаканай многімі дэвальвацыі.

Вадзім Іосуб. Фота: Еўрарадыё

Выбраныя цытаты з жывога эфіру:

― За гэты месяц не адбылося нічога страшнага, але і нічога асабліва добрага таксама.

― Ёсць пэўныя псіхалагічныя складанасці падчас разлікаў манетамі. Прасцей аддаць сто старых рублёў, чым сярод іншых манет знайсці адну новую капейку.

― Нацбанк паведамляе не пра 70% выведзеных са звароту старых паперак, а пра 70% грошай па намінале. То бок можна вывесці адну 200-тысячную купюру і пры гэтым застанецца вельмі-вельмі шмат старых сторублёвых купюр. А ў выніку маем 50% старых грошай.

― Я ўсё больш і больш у галаве пераходжу да падклікаў у новых рублях. Вельмі спрыяе зручны для падлікаў курс. Блізка да двух рублёў. Суму ў рублях дзелім на два і атрымліваем долары. Альбо наадварот ― суму ў доларах множым на два і атрымліваем новыя рублі. Вось таксама дзякуючы гэтаму, мне падаецца, пераход на новыя рублі праходзіць дастаткова паспяхова.

― Людзі чакалі дэвальвацыі. За ліпень долар патаннеў на 0,5%, еўра на 0,3%, расійскі рубель ― на 4,5%. То бок гэта азначае, што беларускі рубель за месяц умацаваўся на 2% з лішкам да кошыка. Дэвальвацыі не толькі не адбылося, але за месяц беларускі рубель, наадварот, умацаваўся.

― Умацаванне рубля наўрад ці можна аднесці да заслуг дэнамінацыі. Тэзіс аб тым, што дэнамінацыя ― гэта тэхнічнае мерапрыемства, цалкам падцвердзіўся. На курс беларускага рубля яна асабліва не паўплывала.

― Можна сказаць, што лета ― гэта такі спакойны сезон для курсаў валют. Калі не браць жнівень: там цікавыя рэчы звычайна ў нас адбываюцца. Але на самай справе ліпень не быў першым месяцам, калі наш рубель умацаваўся. Пасля рэзкага падзення зімой практычна ўсю вясну беларускі рубель умацоўваўся. І гэта ў прынцыпе асаблівасці цяперашняга плаваючага курса. Валюта можа як расці, так і падаць. Здзіўляцца гэтаму не трэба.

― Ад той сітуацыі, калі долар рос кожны дзень, кожны тыдзень, кожны месяц, мы паступова сыходзім.

― Аднак, хутчэй за ўсё, замежныя валюты ў сярэднім будуць даражэць. Але будуць гэта рабіць дастаткова плаўна, марудна, без рэзкіх скачкоў.

― Я не чакаю, што да канца года долар будзе каштаваць даражэй за 2 рублі 50 капеек.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4