Што рабіць, калі міліцыя затрымлівае "за п'янку"

У сацсетках з'яўляецца адразу некалькі гісторый пра тое, што міліцыянты затрымлівалі аматараў патусіць увечары ў цэнтры горада. Ніхто з затрыманых не адмаўляе, што крыху (альбо не зусім крыху) выпіваў у той вечар. Аднак дзеянні міліцыянтаў асуджаюцца амаль адзінагалосна. Разбіраемся, ці можа беларуская міліцыя забраць у пастарунак пасля двух куфляў піва і наколькі гэта ўсё законна.

Людзей насамрэч хапаюць проста так у цэнтры горада вечарам пятніцы і суботы?

Не зусім проста так, але хапаюць. Усе аўтары згаданых вышэй допісаў прызнаюцца ― выпівалі. Аднак заяўляюць, што не больш звычайнага і дакладна нікому не перашкаджалі.

“Мы проста сядзелі на ходніку ля ўвахода ў кавярню, мелі з сабой набыты тут жа сідр. Чакалі, калі вызваліцца месца, каб пайсці туды. Было шмат людзей і ўнутры, і на вуліцы. Да нас нечакана падышлі міліцыянты. Спачатку загадалі ісці ўнутр кавярні, потым ужо проста затрымалі нас і павезлі. Спачатку на экспертызу, затым у РУУС", ― расказвае Аляксандр Ярашэвіч, ён меў прыгоды на вуліцы Зыбіцкай ў мінулыя выходныя.

Што адбываецца далей?

Экспертыза і пратакол. Часам прыгоды па дарозе. Аляксандр Ярашэвіч расказвае, як гэта было: "Пад'ехаў мікрааўтобус, нас з сяброўкай туды пагрузілі. Куды вязуць, мы не бачылі. Нас паклалі тварамі ў падлогу, галовы прыціснулі, надзелі кайданкі. Потым прывезлі на экспертызу. Рабілі двойчы. Першая паказала, што ў мяне ў крыві 0,5 праміле алкаголя. Другая ― што 0,4 праміле. Начавалі мы ў пастарунку. Раніцай далі падпісаць пратаколы, яны былі не цалкам запоўненыя. Мы падпісалі, пазначылі, што згодныя не цалкам. Сёння здымалі пабоі, напісалі скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. На суд нас выклічуць эсэмэскамі. Абвінавачваюць у распіцці алкагольных напояў ў грамадскім месцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі".

Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі гаворыць, што у такіх выпадках нават экспертыза неабавязковая. Пакараць штрафам могуць нават калі у крыві будзе ўсяго 0,1 праміле алкаголю. Усё залежыць не ад колькасці выпітага, а ад стану канкрэтнага чалавека і таго, як ён сябе паводзіць.

Наколькі гэта ўсё законна?

У Адміністратыўным кодэксе ёсць артыкул 17.3 "Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, спажыванне наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення". У ім гаворыцца, што пакараць вас могуць за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах. Выключэннем з'яўляюцца месцы, прызначаныя для ўжывання такіх напояў. Таксама караецца з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, які, увага (!), "абражае чалавечую годнасць і маральнасць". І тут адразу ўзнікае новае пытанне:

Што такое "чалавечая годнасць і маральнасць"?

Калі верыць сайту МУС РБ, то пад годнасцю і маральнасцю беларуская міліцыя разумее вось гэта: "Прэтэнзіі міліцыі да выпіўшага чалавека ўзнікаюць толькі тады, калі той здзяйсняе нейкія супрацьпраўныя ўчынкі альбо знаходзіцца ў грамадскім месцы ў да непрыстойнасці п'яным выглядзе (на юрыдычнай мове гэта гучыць як абраза чалавечай годнасці і маральнасці) ...

Лічыцца, што правапарушэнне здзейснена не толькі калі спіртное ўжо выпіта, але і калі падрыхтавана да ўжывання (напрыклад, налітае ў шклянкі). Калі ж чалавек, які знаходзіцца ў грамадскім месцы, да такой ступені п'яны, што не ў стане перасоўвацца альбо можа нанесці шкоду сабе або навакольным, яго даставяць у медыцынскі выцвярэзнік. Рашэнне аб тым, каго туды змяшчаць, а каго не, прымае медыцынскі работнік".

Як могуць пакараць за прычыненне шкоды "чалавечай годнасці і маральнасці"?

Перш за ўсё штрафам. Калі злавілі на распіцці ў грамадскім месцы, альбо вы там з'явіліся ў стане ап'янення, то памер штрафа можа дасягаць нават васьмі базавых. На сёння гэта больш за 16 новых рублёў. Амаль новы пражытачны мінімум.

За куфаль піва, выпіты на працоўным месцы, могуць даць ад адной да дзесяці базавых. Калі папаліся паўторна на працягу года, то штраф ад двух да пятнаццаці базавых. Альбо "суткі", калі асабліва прынцыповы суддзя трапіцца.

Як пазбегнуць пакарання?

Ёсць некалькі спосабаў. Першы ― не піць у грамадскіх месцах. Другі ― піць толькі ў сябе дома (не бегаючы пры гэтым за дабаўкай у бліжэйшую краму). Трэці ― не піць зусім. Спосаб чацвёрты ― даверыцца супрацоўнікам. "Калі супрацоўнік міліцыі бачыць, што вы не парушаеце грамадскага парадку і ўсведамляеце, што парушаеце закон, але паводзіце сябе адэкватна, то можа быць прымененая такая мера, як прафілактычная гутарка", ― расказвае кіраўнік прэс-службы мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. Пры гэтым важна, каб вы не ўяўлялі небяспекі не толькі для грамадства, але і для сябе самога. Кажучы проста ― упэўнена трымаліся на нагах. І ўжо дакладна не варта з міліцыяй у такіх сітуацыях спрачацца. Іначай можна паўтарыць прыгоды Аляксандра Ярашэвіча, апісаныя на пачатку гэтага артыкула.

Ці мае міліцыя план на штрафы для п’янтосаў?

Аляксандр Ластоўскі гаворыць, што не: "Нейкіх дадатковых мер, спецыяльных планаў не ўводзілася. Прынамсі, мне аб гэтым нічога не вядома. Бывае больш такіх пратаколаў, бывае менш. Гэта залежыць ад канкрэтнай сітуацыі".

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4