Скарына супраць «Правды»: грамадскія арганізацыі прапаноўваюць перанесці святкаванне Дня айчыннага друку

Шэраг грамадскіх арганізацый — Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Таварыства беларускай мовы — звярнуліся да вышэйшых органаў улады Рэспублікі Беларусь з прапановай аб пераносе святкавання Дня друку з 5 мая на 6 жніўня.

У Беларусі дагэтуль святкуюць дзень айчыннага друку 5 мая, арыентуючыся на выхад першага нумару партыйнага органу РСДРП(б) — газеты «Правда» ў 1912 годзе.

«Гэта выглядае на недагляд ці непаразуменне, асабліва калі прыняць да ўвагі, што нават Дзень расійскага друку ў Расійскай Федэрацыі адзначаецца 13 студзеня і прымеркаваны да дня выхаду першага нумару газеты «Ведомости» ў 1703 годзе. Беларусь, такім чынам, адзіная з усіх постсавецкіх краінаў працягвае савецкую завядзёнку», — адзначаюць ініцыятары звароту.

А між тым, па іх меркаванні, традыцыя беларускага кнігадрукавання займае «ці не самыя ганаровыя старонкі нацыянальнай і еўрапейскай гісторыі», сягаючы аж на пяць стагоддзяў у даўніну.

Першую друкаваную кнігу беларусы атрымалі 6 жніўня 1517 года. Пераклад на старабеларускую мову біблійнай кнігі «Псалтыр», пра які вядзецца гаворка, быў здзейснены і надрукаваны асветнікам Францыскам Скарынам у Празе і стаўся не толькі адным з першых перакладаў Бібліі на жывую мову, але і самай першай усходнеславянскай друкаванай кнігай наогул. Пра маштаб падзеі сведчыць яшчэ і той факт, што французскі, англійскі і польскі пераклады ўбачылі свет пазней.

«У наступным 2017 годзе беларуская грамадскасць будзе шырока адзначаць 500-годдзе беларускага друку. І тым больш мэтазгодным становіцца перанос Дня айчыннага друку, прафесійнага свята для супрацоўнікаў газет, часопісаў, кніжных выдавецтваў і друкарняў, на 6 жніўня. Такім чынам нарэшце перарвецца кур’ёзная завядзёнка дзеля гістарычна абумоўленай традыцыі», — лічаць прадстаўнікі арганізвцый, якія падпісалі зварот.

  • Оцени идею: