aDNaK: Бізнэс масава ўжывае беларускую мову ў рэкламе, таму што гэта выгодна

Штогадовы фестываль беларускай рэкламы і камунікацыі aDNaK! пачаўся 5 мая. Ужо можна падаваць працы.

Аляксей Чарняўскі, Людміла Стручэўская, Вячаслаў Смірноў, Ніна Шыдлоўская, Сяргей Скараход. Фота: прадастаўлена арганізатарамі

Стратэгічнай мэтай фестывалю застаецца развіццё беларускага рэкламнага рынку, але тактыка змянілася: арганізатары прапануюць вывучыць свой ген беларускай крэатыўнасці і знайсці новае месца традыцыйных каштоўнасцей у сучасным свеце.

Скарацілі, зірнулі свежым вокам – і атрымалі DNK

Сацыяльна скіраваны праект, які звязвае між сабой грамадскую актыўнасць, культурніцкія ініцыятывыв і бізнэс-асяродак – такім застаецца фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!.

—Мэты фестывалю не мяняюцца – зрабіць устойлівай камунікацыю па-беларуску ў сферы бізнэса, – кажа Ніна Шыдлоўская, сустрашыня аргкамітэту фестывалю і каардыатарка культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Рэклама і камунікацыя па-беларуску, паводле задумы арганізатараў, мусяць зрабіцца натуральнай з’явай. І гэта адна з прычын таго, што ўдзел у фестывалі застаецца бясплатным.

Штогод арганізатары спрабуюць па-рознаму паглядзець на гэтае пытанне, і ў 2016 годзе яны знайшлі нечаканы ракурс.

—Калі мы сустрэліся [каб абмеркаваць брэндынг фестывалю], то зразумелі: у стылі добра было б адбіць стан беларускага рынку. У нас крызіс, і выдаткі на рэкламу скарачаюцца. Але крызіс – магчымасць паглядзець  на сістэму інакш, – кажа Аляксей Чарняўскі, старэйшы капірайтар AIDAPioneerBranding & CreativeCompany, якая займаецца камунікацыяй, дызайнам і стылем фестывалю.

Думка адлюстравалася ў двух тэзах: скараціць і зірнуць свежым вокам. Так атрымалася, што ад назвы фестывалю засталіся толькі зычныя DNK.

—Мы хочам сцвердзіць, што ствараць на беларускай ніве цікавы прадукт – гэта у нашых генах, – тлумачыць Ніна Шыдлоўская. – Чаму нашыя спажыўцы станоўча адгукаюцца, убачыўшы беларускую рэкламу? Таму што гэта натуральна для нас, якія тут нарадзіліся і любяць сваю краіну.

Высновы сустаршыні грунтуюцца на выніках апытанняў. “За” беларускую мову ў рэкламе выказваюцца каля 56% людзей, паводле апытанняў Новак (2012) і Masmi (2014), зробленых на замову кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Беларускае – не абавязкова сялянскае

Такім чынам, арганізатары прапануюць пераасэнсаваць ідэю гена беларускай крэатыўнасці, звярнуцца да нашай традыцыйнай культуры і 1000-гадовай гісторыі і стварыць ідэі для сучаснага свету.

—Мы б хацелі звярн увагу на такую акалічнасць: проста пераносіць традыцыйнае ў прадукцыю – гэта добра, але гэта ў хуткім часе прывядзе да падабенства, –заўважае Ніна Шыдлоўская. – А хацелася б каб ішло пераасэнсаванне традыцыйных сімвалаў, і яны былі ўключаныя ў сучасным выглядзе ў штодзённыя рэчы і тавары.

Ніна Шыдлоўская спадзяецца, што гэта дамаможа зрабіць цікавасць да сваёй культуры і гісторыі не кораткачасовай і адыйсці ад ад стэрыятыпу “беларускае = сялянскае”.

Камунікацыя па-беларуску – гэта выгодна

Апроч рэкламы, у фестывалі могуць удзельнічаць грамадсказначныя праекты, якія павялічваюць свядомасць людзей у дачыненні беларускай мовы і культуры. Праўстаўнік генеральнага партнера фестывалю адзначае, што камунікаваць па-беларуску – у цікавасцях бізнэса:

—Зараз гэта трэнд – масава ўжываць беларуску мову ў камунікацыі. Гэта не менавіта падтрымка беларускай мовы ці культуры. Бізнэс робіць гэта таму, што гэта выгодна, – кажа Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўнай камунікацыі кампаніі Velcom. Ён дадае, што кліенты лепш адгукаюцца на беларускамоўную рэкламу.

Яго думку падцвердзіла Людміла Стручэўская, кіраўнік групы па кіраванню брэндамі “Аліварыя”, якая таксама партнёр фестывалю. Кампанія з’яўляецца беларускамоўным брэндам з 1994 года, але беларускую мову ў камунікацыі пачала выкарыстоўваць толькі два гады таму.

І не проста так: паводле даследаванняў, замоўленых у міжнароднай кампаніі, беларуская мова падвышае эфектыўнасць рэкламных ролікаў. Яны больш адметныя, іх лёгка разумець.

—І што вельмі цешыць нас я маркетолагаў – яны больш прывабныя эмацыйна, – кажа Людміла. Больш за 80% апытаных адказалі, што пасля рэкламы хочацца набыць прадукт. Сярэдні паказчык па рынку – 75% для аналагічных ролікаў на рускай мове.

Спецыялісты рыхтуюць працы для партнёраў, а аматары падаюцца на “Кашу сувораўскую”

Удзельнікам прапануюць і іншыя намінацыі, хаця агулам спіс крыху скараціўся. З навінак – з’явіўся конкурс нерэалізаваных праектаў. У гэту намінацыю прымаюцца працы, якія створаныя для рэальных дзеянняў, але з розных прычын засталіся “у стале”.

На жаль, як зазначыла Ніна Шыдлоўская, застаецца актуальнай антыпрэмія “Каша сувораўская”. Сюды можа падавацца нават неспецыяліст – любы, хто заўважыў у камунікацыі ці рэкламе памылкі, неадпаведныя нашым гісторыі і традыцыям.

У маі аргкамітэт прапануе ўсім партнёрам заявіць тэмы конкурсаў, каб удзельнікі маглі паспрабаваць сябе ў стварэнні рэальнага прадукту для канкрэтнага замоўцы.

У межах адукацыйнай праграмы будуць сустрэчы з міжнароднымі гасцямі і беларускімі спецыялістамі, якія падзеляцца вопытам. Дакладная праграма сфармуецца да канца месяца.

Фестываль доўжыцца адзін дзень і скончыцца ўзнагароджаннем увечары 30 чэрвеня. Дэдлайн для падачы прац – 10 чэрвеня.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 5
  • "ПРОТИВ" : 0