АЭС -- нэфектыўны адказ на энэргетычныя выклікі?

Эканамічная рацыянальнасць будаўніцтва АЭС Беларусі апраўдваецца, толькі зыходзячы з самых аптымістычных ацэнак кошту праекта.Прынятае рашэнне не ўлічвае магчымасцяў выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энэргіі і ігнаруе неабходнасць рэформаў у энэргетыцы (і эканоміцы наогул).

Гэткае агульнае рэчышча меркаванняў удзельнікаў круглага стала, што адбыўся ў рэдакцыі газеты “Наша Ніва” пры ўдзеле прадстаўнікоў зарэгістраванага ў Літве Беларускага Інстытута Стратэгічных Даследаванняў (BISS).

Вартасць і эфэктыўнасць праекта

Будаўніцтва АЭС – маштабны праект не толькі ў фінансавым, але і ў інфраструктурным плане. Для абслугоўвання АЭС трэба пабудаваць невялікае мястэчка (з насельніцтвам да 8 тыс. чал.) для тых, хто будзе абслугоўваць станцыю (каля 1700 чалавек). Больш сур’ёзная задача – гэта ўключэнне станцыі ў сістэму электрасетак, што патрабуе іх мадэрнізацыі (драты, размеркавальныя вузлы, канцэнтратары і інш.). Нарэшце, узнікае і кадравая праблема – як прыцягнуць або падрыхтаваць спецыялістаў для працы на станцыі. Рашэнне інфраструктурных і кадравых праблем запатрабуе сур’ёзных затрат, што прывядзе да ўдаражання праекта. Ужо сёння называюць лічбу ў 8-12 млрд. даляраў, а не 4-5 млрд. даляраў. Менавіта з-за немагчымасці дакладнай ацэнкі вартасці АЭС, ці нават яе парадку, эксперты даюць і розныя ацэнкі эфектыўнасці практа. Адны кажуць пра тое, што АЭС пакрые 4-5% патрэбаў, іншыя называюць лічбу 30%. Адрозніваюцца і ацэнкі сабекошту вырабляемай электраэнэргіі. Яе вартасць ацэньваецца ў межах ад 1,5 да 1,8 цэнта за 1 кВт супраць 4 цэнтаў за 1 кВт, якія яна каштуе сёння. Улічваючы наяўны ўзровень вытворчасці ў 30 млрд. кВт за год, можна падлічыць, што АЭС ашчадзіць максімум прыкладна 400 млн. даляраў за год. Такім чынам, рэальная вартасць праекта з’яўляецца ключом жа ацэнкі яго эканамічнай эфектыўнасці – пры занадта высокай вартасці праекта (да 8-12 млрд. даляраў) такая эканомія наўрад ці пераканае апанентаў будаўніцтва станцыі.

Вялізная колькасць эканамічных аспектаў будаўніцтва АЭС у Беларусі яшчэ нават не зазнала сур’ёзнага аналізу. Сярод іх можна адзначыць, напрыклад, наступствы рэалізацыі праекта для будаўнічай галіны Беларусі і, па змоўчанні, для ўсіх астатніх доўгатэрміновых інвестыцыйных планаў беларускіх уладаў. Пэўныя паралелі можна правесці з нашмат меншым па маштабах будаўніцтвам нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, якое прывяло да сур’ёзных перабояў з пастаўкамі будматэрыялаў у будаўнічай галіне рэгіёна. У той жа час, стымулюючы попыт, будаўніцтва АЭС можа даць сур’ёзны штуршок шматлікім сектарам беларускай эканомікі.

Знешнепалітычныя аспекты

Таксама адсутнічае дакладны адказ на пытанне пра тое, хто будзе весці будаўніцтва АЭС. Эксперты адзначылі, што найлепшым рашэннем было б прыцягненне еўрапейскай або амерыканскай кампаніі, а не расейскай, улічваючы развіццё атамнай энэргетыкі ў Расеі і загружанасць расейцаў па іншым аналагічным праектам у Балгарыі, Кітаі ды іншых краінах.

Ёсць таксама пагроза таго, што, знізіўшы “газавую” залежнасць, Беларусь можа патрапіць у “атамную”, паколькі той, хто будзе будаваць АЭС, той і будзе займацца пастаўкай паліва і ўтылізацыяй адыходаў. Такім чынам, калі ў выпадку з вуглевадародным палівам існуе хаця б тэарэтычная магчымасць дыверсіфікацыі крыніц сыравіны, то ў выпадку будаўніцтва АЭС яна цалкам выключаная. Варта таксама памятаць, што ў свеце існуе толькі чатыры галоўныя пастаўшчыкі паліва для АЭС. У той жа час, мяркуючы па нядаўніх перамовах паміж украінскімі ўладамі і карпарацыяй Westinghouse аб замене крыніцы паліва для ўкраінскіх АЭС, дыверсіфікацыя крыніц ядзернай сыравіны для беларускай АЭС застаецца магчымай.

Нарэшце, востра паўстае пытанне і пра тое, хто будзе фінансаваць гэткі мегапраект. Будаўніцтва АЭС можа “павесіць” на Беларусь некалькі мільярдаў дадатковага знешняга доўгу, што дае патэнцыйнаму крэдытору вялізныя рычагі палітычнага ўплыву. Такім чынам, Беларусь у выніку рэалізацыі праекта можа не толькі не паменшыць, але і шматкроць узмацніць сваю палітычную, энэргетычную і фінансавую залежнасць ад Расіі.

АЭС ці рэформы?

Ні ўрад, ні экспертная супольнасць пакуль не прадаставілі дакладных ацэнак параўнальнай эфектыўнасці праекта. Гэтак, увод энэргазберагаючых установак на некаторых беларускіх ГЭС дазволіў павялічыць аб’ёмы вытворчасці электраэнэргіі. Рэформа энэргетыкі, ЖКГ, энэргезберажэння, рэструктурызацыя неэфектыўна працуючых прадпрыемстваў, дазволілі б знізіць патрэбы Беларусі ў энэргіі. Акрамя таго, ніяк не ўлічваецца патэнцыял выкарыстання ўзнаўляемых крыніц энэргіі – сонца і ветру, - якія ў будучым здолеюць адыгрываць больш значную ролю. У Беларусі няма праграм іх развіцця, як няма і праграмы развіцця біяпаліва.

АЭС – гэта праект далёкай будучыні, і новыя навуковыя рашэнні па выкарыстанні неатамнай энэргіі могуць паставіць пад сумнеў яго эфектыўнасць. Складаецца ўражанне, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС было прынята зыходзячы з наяўных параметраў развіцця эканомікі, хаця ў будучым яны могуць змяніцца (можа змяніцца і палітычная сітуацыя). Хаця фінансава станцыя зробіцца сур’ёзным бюджэтным праектам і, магчыма, “пацягне” іншыя галіны эканомікі. Разам з тым, ацэнка эфектыўнасці праекта надзвычай важная, паколькі будаўніцтва АЭС запатрабуе прыцягнення знешніх крэдытаў, якія трэба будзе аддаваць.

Сацыяльна-палітычнае вымярэнне “атамнай” праблемы

У цэлым, будаўніцтва АЭС уяўляецца больш палітычным праектам кіроўнай эліты. Падобныя мегапраекты апраўдываюць мабілізацыю велізарных дзяржаўных рэсурсаў, а значыць, і канцэнтрацыю палітычнай і эканамічнай улады. Таксама відавочна, што незалежна ад эфектыўнасці самога праекта ў цэлым, існуе вялікая колькасць груп, якія зацікаўленыя ў яго пачатку.

Таксама варта адзначыць адсутнасць шырокага грамадскага абмеркавання гэтай праблемы. Гэта ідзе насуперак патрабаванням Орхускай канвенцыі, якая была падтрыманая Беларуссю, і якая заяўляе пра неабходнасць “інфармавання шырокай грамадскасці” па пытаннях будаўніцтва АЭС. Закрытасць прыняцця рашэння, непрадастаўленне грамадству ўсіх пунктаў гледжання і імкненне ўраду хутчэй “закрыць пытанне” можа быць часткова апраўдана нерацыянальным успрыняццём праблемы і фобіямі, якія назапасіліся ў беларускім грамадстве пасля чарнобыльскай трагедыі. У той жа час, досвед Японіі паказвае, што гэтыя фобіі цалкам можна пераадолець.

У больш шырокім сэнсе, ў Беларусі абмежаваныя магчымасці для вядзення грамадскага дыялогу па большасці пытанняў у цэлым і па атамнай энэргетыцы ў прыватнасці. Досвед “закансерваванага” будаўніцтва ядзерных энэргаблокаў у пасавецкі час паказвае, што ядзерная энэргетыка аказваецца закладніцай такой адсутнасці грамадскай дыскусіі ў выпадку рэзкага змянення грамадска-палітычнай сітуацыі ў працэсе будаўніцтва. Лёс АЭС, такім чынам, залежыць як ад таго, ці будуць даступныя крыніцы фінансавання такога праекта на працягу дзесяцігоддзя, так і ад таго, наколькі беларуская ўлада здолее ўтрымаць неабходны да сканчэння праекта ўзровень палітычнай і сацыяльнай стабільнасці. Таму, само будаўніцтва АЭС яшчэ рана разглядаць як адбыты факт, лічаць эксперты Беларускага Інстытута Стратэгічных Даследаванняў (BISS).

 

  • Оцени статью: