«Для нас крызіс — родная атмасфера»

Незалежная раёнка ў маленькіх Ганцавічах не толькі выжывае пад ударамі Мінінформа і сама сябе корміць, але збіраецца зараз, у крызіс, павялічыць наклад.

Як «Ганцавіцкі час» будзе ажыццяўляць гэткі амбітны праект, і чаму выданне ператварылася ў грамадскую прыёмную? Пра гэта сайту socoop.by-info распавёў галоўны рэдактар газеты Пятро Гузаеўскі.

– Адчуваеце на сабе крызіс?

– Мы з моманту існавання жывем у такіх умовах, што крызіс нам як рыбе вада. Цяжка тым, для каго гэта знянацку і ўпершыню. А для нас – родная атмасфера.

Галоўны рэдактар газеты «Ганцавіцкі час»  Пятро Гузаеўскі

– Як вы сёння зарабляеце? Хапае на самазабеспячэнне?

– Хапае – не хапае…  Грошаў ніколі не бывае зашмат. Заўсёды хочацца павялічыць людзям заробкі. Але, вядома ж, газета не можа існаваць, калі яна ў мінусе. Заробкі невялічкія, мы працуем малым калектывам, аднак спраўна плацім падаткі. На жаль, апошні год не дае нам магчымасці развівацца. Тут шмат не толькі ўнутраных фактараў, але і знешніх. Беларускі рубель слабее, колькасць насельніцтва, а значыць патэнцыйных падпісчыкаў, у раёне змяншаецца. Але нават у гэтых умовах мы здолелі крыху павялічыць тыраж. Дарэчы, газета не такая танная, калі параўнаць яе з іншымі выданнямі, – адзін нумар каштуе 7 000 рублёў. І я планую яшчэ больш пашырыць кола падпісчыкаў.

Асноўная мэта – дайсці да кожнага чытача. Не да тых, хто ўвогуле не чытае газет, а да людзей, якія купляюць «Савецкае Палессе» ці «Савецкую Беларусію». Мы імкнемся быць моцнымі канкурэнтамі, каб перавагу аддавалі нам.

Да таго ж, у газеты есць сайт, і туды таксама магчыма прыцягнуць рэкламадаўца. Ну і нарэшце, сацыяльныя сеткі. Усе тры напрамкі павінны працаваць агулам, і тады газета ператворыцца ў раённы інфармацыйны цэнтр.

– Што дае вам больш грошай: рэклама ці падпіска?

– Падпіска. Бо рэклама  – гэта прыкладна 35% прыбыткаў.

– Я бачу, у рэдакцыі друкуюцца фотаздымкі і календары. Гэта дадатковы прыбытак?

– Я не люблю скардзіцца. Ад таго, што скажаш: «Цяжка», – супрацоўнікам лягчэй не будзе. Гэта наш дадатковы бізнес. Чыноўнікі часта ўжываюць словазлучэнне «дыверсіфікацыя рызык», дык вось у нас таксама дыверсіфікацыя: мы зарабляем на падпісцы, рэкламе, прыватных аб’явах. І яшчэ друкуем здымкі – гэта невялікія грошы, але на месячны заробак аднаму чалавеку мы такім чынам збіраем. І я бачу, што гэты напрамак трэба развіваць, бо лішніх грошай не бывае, калі займаешся бізнесам. Хаця, па шчырасці, гэта цяжка назваць бізнесам. Мы хутчэй выконваем сацыяльную функцыю. Рэдакцыя стала цэнтрам, дзе людзі могуць не толькі паскардзіцца, але і атрымаць юрыдычную параду, бо ў мяне ж адпаведная адукацыя. Вось такі прывілей маюць нашы падпісчыкі.

–  Апішыце свайго чытача. Калі ён адзіны і ў газеце, і ў інтэрнэце, няхай будзе адзін партрэт, калі гэта розныя людзі, раскажыце пра ўсіх.

– У нас няма магчымасці правесці сур’ёзнае даследаванне. Але я лічу, што мы ўсё-такі ведаем свайго чытача. Канешне, падпісчыкі друкаванай версіі адрозніваюцца ад тых, хто чытае сайт. У газеты аўдыторыя больш сталая – 35 і вышэй. Але есць і моладзь, яна ў асноўным цікавіцца спортам. Па родзе заняткаў гэта і прадпрымальнікі, і калгаснікі, і кіраўнікі арганізацый, і настаўнікі, і медыкі. Раней тут хадзілі чуткі, што газету забараняюць, таму нас нельга чытаць.  На апошняй старонцы, вы бачыце, тыраж – 3960 экзэмпляраў. Але насамрэч чытачоў больш. Бо есць тыя, хто бяруць выданне ў суседзяў, а самі выпісваць баяцца. А камусьці іншы раз папросту не хапае грошай.

Аўдыторыя «Укантакце» – больш за 3000 чалавек ад 18 да 30 гадоў, у «Аднакласніках» – амаль 3000 ад 25 да 45. У асноўным гэта нашы, ганцавіцкія, людзі. Вельмі карысная аўдыторыя, каб прыцягнуць рэкламадаўцаў, таму што яна плацежаздольная. Але для развіцця інтэрнэт-версіі і сацсецей нам пакуль што не хапае спецыялістаў. Атрымліваецца замкнёнае кола. Што рабіць зараз? Узяць чалавека, плаціць яму і доўга чакаць, калі мы раскруцімся ў сеціве? Але, не ўклаўшы грошай цяпер, не атрымаеш вынік ніколі. Таму мы, канешне, мусім нешта рабіць у гэтым кірунку.

– Апісаныя вамі чытачы – прадстаўнікі абсалютна розных сацыяльных груп. Але павінна ж быць нешта, што іх аб’ядноўвае.

– Я думаю, усіх, хто нас чытае, аб’ядноўвае адзінае – ім важна, што мы пішам праўду.

– Наступнае пытанне для рэдактара газеты, якая ў Беларусі піша праўду. Чаму выданне да гэтага дня не забілі? Вы – журналіст, і я – журналіст, мы абодва ведаем, што каб захацелі…

– Ну, каб захацелі, можа, і забілі б. Напэўна, ставілі мэту нам нашкодзіць. Мы атрымлівалі папярэджанні і ад пракуратуры, і ад Міністэрства інфармацыі. У мінулым годзе таксама – за літары. У выходных дадзеных замест «Рэспубліка Беларусь»  у нас было напісана «РБ». Дарэчы, тое ж самае выявілася і ў іншых газетах. А ў некаторых дзяржаўных, напрыклад, у «Рэспубліцы», гэта фармулёўка ўвогуле адсутнічала, – і нікому не было справы.

Але канчаткова не забілі. Я думаю, есць канфлікт інтарэсаў у самой уладзе. Мы карысныя для іх. Па-першае, газета выкрывае факты, якіх яны не ведаюць. Неяк сюды прыйшлі людзі з праваахоўных органаў: «Пачыталі, – кажуць, – вашу газету і зразумелі, што вунь той чалавек на дзяржслужбе займаецца невядома чым». То бок парушае закон. А па-другое, мы выгадныя і ў больш глабальным палітычным сэнсе. Трэба ж паказваць, што ў Беларусі існуюць незалежныя СМІ і няма цэнзуры.

Але гэта не самамэта – лаяць уладу. Ніхто не імкнецца дакалупацца да слупа. Мы крытыкуем, прычым адкрыта, тое, што робіцца несправядліва і супраць закона. Узяць выбары. Гэта ўжо клаўнада нейкая, а не выбары: тут шырма, там акторы. Адначасова есць дзяржаўная палітыка, якую трэба і падтрымліваць, і хваліць. Тое, што не здалі Беларусь – гэта добра. Тое, што многія малазабяспечаныя сем’і пабудавалі жылле – таксама плюс. За свае заробкі яны б ніколі гэтага не здолелі, а дзяржава ім дапамагла. Есць і перагіны. Напрыклад, калі ў вёсках, у тым ліку нашага раёна, набудавалі шмат непатрэбных «прэзідэнцкіх» домікаў. Зараз яны стаяць пустыя. Бо вы ж стварыце ўмовы, каб чалавек мог зарабляць! Нашто яму тая каробка ў паміраючай вёсцы?

–  У правінцыі  газета больш, чым газета, бо многія адзін аднаго асабіста ведаюць. І таму эфект ад артыкула пра чыноўніка ці міліцыянта можа быць больш моцным, чым у вялікім горадзе, дзе зносіны паміж людзьмі не такія шчыльныя. Па вашым назіранням, выданне неяк уплывае на сітуацыю ў рэгіёне?

– Можа, гэта крыху моцна сказана, але ж прэсу называюць чацвёртай уладай. Нейкая частка ўлады ў нас есць. Газеце ў снежні 15 гадоў. За гэты час шмат што змянілася.

Зараз мы нават не ўсе пішам. Вось, напрыклад, прыехалі цялятніцы з вёскі Хатынічы і кажуць: «Нас звольнілі!. Я распытаў іх, даведаўся, за што і як звольнілі. Патэлефанаваў старшыні калгаса, патлумачыў яму, што ён зрабіў няправільна адносна працоўнага кодэкса і якія наступствы яго чакаюць, а потым спытаў: «Вам гэта трэба?». Праз два дні жанчын вярнулі на працу.

Таму я і кажу, што мы не столькі бізнес-выданне, колькі грамадская прыёмная. Газета існуе дзеля таго, каб лепей працавала правапрымяняльная практыка, каб чалавека менш крыўдзілі і каб ён умеў і мог абараніць свае правы.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5