Калі беларуская медыцына за планамі і паказчыкамі ўбачыць пацыента

І як нацыянальная еднасць спрыяе рэформам аховы здароўя ў Грузіі.

Прыкладна па 300 долараў выдаткоўваюць на ахову здароўя аднаго чалавека ў Беларусі і ў Грузіі. Пытанне ў тым, на якія патрэбы яны ідуць, — пра гэта лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг адной з мінских клінік Андрэй Вітушка, які толькі што пабываў у Грузіі у межах праграмы «Дэцэнтралізаванае шырокае прыняцце рашэнняў, электронны ўрад, прыватызацыя», зладжанай Школай маладых менеджэраў публічнага адміністравання (SYMPA).

Андрэй Вітушка. Фота: Сяргей Балай, Салідарнасць

Як Obamacare

— Андрэй, калі параўноваць узровень грузінскай і беларускай медыцыны, то атрымліваецца…

— Ёсць такі аб’ектыўны паказчык – чаканая працягласць жыцця падчас нараджэння. Ён выкарыстоўваецца для характарыстыкі стану аховы здароўя ў краіне. Дык вось па гэтаму паказчыку мы з Грузіяй знаходзімся дзесьці на адным узроўні. Праўда, там нараджальнасць лепшая, чым у нас.

З іншага боку, смяротнасць дзяцей да пяці год у Грузіі нашмат вышэй, чым у Беларусі. А смяротнасць грузінскіх жанчын пра нараджэнні дзяцей — 31 выпадак на 100 тысяч родаў. Для параўнання, у Польшчы каля 5. У нас, па афіцыйнай статыстыцы,  такіх выпадкаў у мінулым годзе не было.

Калі аналізаваць прычыны смяротнасці, то і ў Грузіі, і ў нас асноўная – гэта хваробы сасудаў і сэрца. Калі глядзець па суме выдаткаў на ахову здароўя аднаго чалавека ў год, то гэта і ў нас, і ў іх прыблізна 300 долараў.

Праўда, на дадзены момант 60 адсоткаў гэтай сумы ў Грузіі прыходзіцца на прыватныя ўкладанні, тады калі ў нас амаль усё фінансуе дзяржава.

На мой погляд, іх сістэма аховы здароўя падобная на амерыканскую – амаль усе шпіталі і паліклінікі прыватныя, пры гэтым дзяржава развівае сістэму агульнага медычнага страхавання (як Obamacare). Гэта значыць, каб у любым выпадку, ёсць у чалавека грошы ці не, ён атрымліваў неабходную медычную дапамогу. Прыватныя ж клінікі хочуць зарабляць, а дзяржава павінна выдаткоўваць неабходную, але дастатковую суму на ахову здароўя. Тут сутыкнуліся інтарэсы абодвух бакоў і цікава, як яны выпрастаюцца з гэтай сітуацыі.

— Асабіста вам якая сістэма больш падабаецца?

— Ніхто яшчэ не прыдумаў ідэальнай сістэмы аховы здароўя. Наша сістэма годна выконвае свае задачы, але гэта не значыць, што тут няма праблемаў і няма над чым працаваць. Толькі гаворыцца пра гэта менш, чым у Грузіі.

За планамі пацыент часта знікае

— І ўсё ж такі хто рухаецца ў больш правільным накірунку медычнага развіцця – Беларусь ці Грузія?

— Вельмі добрае пытанне. Правільны кірунак, на маю думку, – гэта пабудова добрай сярэдняга еўрапейскага ўзроўню медыцыны. Прычым, гаворка ідзе не пра нейкае «светлае будучае», а пра вельмі інструментальную і зразумелую рэч. Пачынаючы з таго, што чалавек, прыходзячы ў паліклініку, не ўтыкаецца носам у чаргу з 50 чалавек на паўтары-дзве гадзіны стаяння ў ёй, а можа амаль адразу сустрэцца з доктарам, а той мае час і натхненне размаўляць са сваім пацыентам. А калі чалавек трапляе ў шпіталь, то будзе пралечаны хутка, якасна і на належным узроўні. Мне падалося, што грузіны хочуць менавіта такой медыцыны.  

І яны цяпер хутчэй рухаюцца ў гэтым напрамку, кіруючыся прынцыпамі бізнэс-эфектыўнасці і кліентаарыентаванасці. У іх сістэма аховы здароўя «заточаная» не на забеспячэнне нейкіх паказчыкаў – ахоп дыспансэрызацыяй, усеагульнай флюараграфіяй і г.д., а на задавальненне кліента-пацыента. Прычым на ўсіх узроўнях – ад прыватнай паліклінікі да Міністэрстве працы, аховы здароўя і сацыяльнай палітыкі.

У нас жа за планамі і паказчыкамі пацыент часта знікае. І лечым не чалавека, а хваробу.

Яшчэ вельмі цікава як працуюць бізнэс-падыходы ў кіраванні галіной, як прыцягваюцца сродкі з усіх магчымых крыніц. Акрамя таго – што вельмі важна – грузінскія медыкі стараюцца раўняцца на сусветныя стандарты. У гэтым, дарэчы, таксама вялікая заслуга бізнэса – калі ўся сістэма прыватная, то сучасныя стандарты – добры аргумент для дзяржавы, за што яна будзе плаціць у лячэнні грамадзян, а за што —не.

— Як адзначыла падчас сустрэчы з беларускімі ўдзельнікамі праграмы начальнік дэпартамента аховы здароўя Марына Дарахвелідзэ, пры распрацоўцы пратаколаў працы тэрапэўтаў, хірургаў і дактароў іншых спецыяльнасцяў па аказанні медыцынскай дапамогі ўлічваецца лепшы міжнародны досвед як па лячэнню тых ці іншых захворванняў, так і па каштарысе аказання медыцынскіх паслуг…

—Вельмі разумны падыход, я так лічу. Зрэшты і з матывацыяй у іх лепш, чым у нас. У Беларусі сярэдні лекар працуе на 1,4 стаўкі і зарабляе на ўзроўні рабочага прадпрыемства. У грузінаў жа заробак сямейнага лекара адразу пасля ВНУ ў высакагорным раёне ўдвая большы за сярэдні па краіне.

Можа, гэта не самыя вялікія грошы ў абсалютным выражэнні, але сам факт гаворыць пра многае. У нас сярэдні заробак медыкаў ужо даўно на 30 адсоткаў менш, чым у прамысловасці. Гэта, вядома, не спрыяе папулярнасці прафесіі.

Мая жонка Крысціна неяк сказала такую прыгожую фразу: мы ўвесь час імкнемся, альбо зваліць з Беларусі, бо тут па вызначэнні багна, альбо падняцца над гэтай багнай, ператварыўшыся ў палякаў, рускіх ці «людзей Свету».

Грузіны ж жывуць на сваей зямлі. Там нікому не прыйдзе ў галаву запісвацца, напрыклад, армянінам, калі нават Арменія валодала б велізарнымі сховішчамі нафты ці ўваходзіла ў Еўрасаюз. Грузінскае грамадства нашмат больш салідарнае. Нават нягледзячы на тое, што ёсць розныя адносіны да дзеючай улады.

У нас, як вядома, усё нашмат складаней.

З удзельнікамі праграмы «Дэцэнтралізаванае шырокае прыняцце рашэнняў, электронны ўрад, прыватызацыя», зладжанай Школай маладых менеджэраў публічнага адміністравання (SYMPA), сустрэліся начальнік Дэпартамента аховы здароўя Марына Дарахвелідзэ, а таксама супрацоўніца Дэпартамента працы і сацыяльнай палітыкі таго ж міністэрства Эльза Егерэная.

Салідарна зрабіць можна шмат

— Вы лічыце, нацыянальны чыннік у правядзенні рэформаў аховы здароўя можа моцна дапамагчы? Асабліва ўлічваючы парадыгму «зверху», што нацыяналізацыя перашкаджае развіццю грамадства…

— У Грузіі нацыянальная еднасць паспрыяла кансалідацыі грамадства. Праўда, пры гэтым можна запярэчыць, што з дапамогай празмернага нацыяналізму Грузія страціла Абхазію і Паўднёвую Асецію… Пры гэтым факт ёсць факт: на цяперашні момант грамадства кансалідавалася і пачало нешта рабіць ў імя лепшага жыцця. САЛІДАРНА. У нас жа ўлада ў чарговы раз спрабуе выдумаць ровар, які ўсё роўна не едзе і не едзе. І, на мой суб’етыўны погляд, ніколі не паедзе. Калі шмат хто з рознай вышыні «эшалонаў» думае толькі, каб урваць і збегчы …

— Паездка ў Грузію была арганізаваная SYMPA. Як ацэньваеце ўзровень арганізацыі паездкі?

— Як вельмі высокі. Узровень, на якім нас прымалі, проста ўражвае. Мы пабачылі і пагаварылі з вялікай колькасцю людзей такога высокага ўзроўню, што шмат простых грузінаў не змогуць убачыць за ўсё сваё жыцце. Атрыманы досвед, безумоўна, дапаможа па-новаму зірнуць на працэсы, якія адбываюцца ў нас.

Гутарыў Аляксандр Коктыш

Александр Филиппов: «Если нет воли, все самое современное и эффективное может рухнуть в один момент» «Это не врачи виноваты, а вся наша система работает против людей»

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 20
  • Балл: 5