Рынак працы: пошук магчымасцяў

Якія захады трэба рабіць суіскальніку? Як папярэдзіць выхад работнікаў на рынак працы? І як дамагчыся, каб сістэма падтрымкі беспрацоўных стала максімальна эфектыўнай?

Абмеркаваць гэтыя пытанні мы запрасілі спецыялістаў: начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алега Токуна, намесніка старшыні камітэта — начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяну Кудзевіч, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Станкевіча, дырэктара Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту Аляксандра Чубрыка і начальніка аддзела прававой і кадравай работы канцэрна «Беллегпрам» Андрэя Каваленю.

Патрэба ў работніках інтэлектуальнай працы

«Звязда»: Для пачатку акрэслім сітуацыю, што склалася на біржы працы. Якія тэндэнцыі назіраюцца цяпер? Як змяніліся чаканні і патрабаванні наймальнікаў? І чаму так вырасла канкурэнцыя за «непрывабныя» месцы, напрыклад, вартаўніка ці дворніка?

Алег Токун: Сітуацыя на рынку працы змянілася люстэркава ў параўнанні з тым, што было 2-3 гады таму. Калі раней выбар быў за работнікам, то цяпер — за наймальнікам. Пры гэтым памер заработнай платы ўжо не такую вялікую ролю адыгрывае для суіскальніка, як сама магчымасць працаваць па спецыяльнасці.

Ігар Станкевіч: Мне з прамысловымі прадпрыемствамі даводзіцца працаваць, і я бачу, што сёння ў першую чаргу хочуць узяць работніка кваліфікаванага. Каб прыйшоў гатовы спецыяліст. Хоць наймальнік павінен разумець, што на кожным працоўным месцы свая спецыфіка. І, магчыма, давядзецца перанавучаць чалавека пад новыя ўмовы.

Алег Токун: Памянялася структура попыту на працоўную сілу. Раней мы канстатавалі, што ў нас у Агульнарэспубліканскім банку вакансій практычна 80 працэнтаў прапаноў было для тых, хто мае прафесійна-тэхнічную адукацыю. Цяпер жа 50 працэнтаў — вакансіі для рабочых прафесій, 50 — для спецыялістаў і служачых. Вырасла патрэба наймальнікаў у работніках інтэлектуальнай працы. Гэта рознымі прычынамі выклікана, у тым ліку і пэўнымі крызіснымі з'явамі. Дый дэкрэт №3, чаго тут хаваць, паўплываў на сітуацыю. Людзі спрабавалі ўладкавацца на любую працу, у тым ліку і на нізкакваліфікаваную, таму доля такіх вакансій знізілася.

Аляксандр Чубрык:Рабочых патрабуецца менш, паколькі будаўніцтва і прамысловасць — тыя галіны, якія найбольш закрануў крызіс. Ідзе скарачэнне аб'ёмаў будаўніцтва, наймальнікам хоць бы знайсці грошы, каб скончыць тыя аб'екты, якія яны пачалі. Гэта сектар, дзе цяпер існуе запазычанасць кампаній перад пастаўшчыкамі, работнікамі, банкамі. У прамысловасці тое ж самае. Вы ж бачылі звесткі па найбуйнейшых адкрытых таварыствах за мінулы год. Няма попыту на іх прадукцыю ў Расіі, а бюджэт не ў стане падтрымаць унутраны попыт, вось і скарачаецца персанал. Што тычыцца спецыяльнасцяў з вышэйшай адукацыяй, служачых і офісных работнікаў, то я не казаў бы, што попыт павысіўся. Ён таксама знізіўся, але ў меншай ступені, чым попыт на рабочыя спецыяльнасці.

Таццяна Кудзевіч: Попыт скарачаўся паступова. На працягу шматгадовага перыяду ў сталіцы колькасць вакансій трымалася ў межах 20-25 тысяч. 70 працэнтаў былі па рабочых прафесіях, 5-9 працэнтаў — некваліфікаваная праца. Сёння ў Мінску больш за 6 тысяч вакансій, і толькі 47 працэнтаў для рабочых. Што тычыцца некваліфікаванай працы, то месцаў адзінкі і яны вельмі хутка запаўняюцца. Разам з тым прапанова рабочай сілы вырасла ў два разы. Сёння на адну вакансію таго ж грузчыка прэтэндуе некалькі чалавек. Але ёсць і добрая тэндэнцыя. У нас павысілася замацавальнасць на месцах, зменшылася колькасць выпадкаў звальнення за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Гэта сведчыць пра тое, што людзі пачалі цаніць работу, якую маюць.

Андрэй Каваленя: У нас у канцэрне амаль 90 прадпрыемстваў: ад буйных да дробных, са штатам каля ста чалавек. Праз сцісканне рынкаў збыту мы маем адчувальныя фінансавыя праблемы. У гэтай сувязі пачалася аптымізацыя штатаў. Перш за ўсё яна закранула інжынерна-тэхнічных работнікаў і кіраўнічы персанал. Паколькі ткача ці швачку звальняць не выгадна: гэта людзі, якія непасрэдна зарабляюць грошы. Але некаторыя прадпрыемствы, якія вельмі моцна былі завязаны, напрыклад, на расійскім рынку і дзе рэальная выручка ўпала ў 2-3 разы, скарачалі і рабочых. Праблема ў тым, што звольненыя апынуліся ў вельмі складаным становішчы, паколькі прафесіі ў лёгкай прамысловасці дастаткова спецыфічныя. Калі швачка яшчэ знойдзе сабе месца ў дробных прыватных майстэрнях, то ткач, 10 гадоў адпрацаваўшы на вялікім прадпрыемстве, свае навыкі зможа выкарыстаць толькі на ткацкай вытворчасці. Складана, вядома, даваліся такія рашэнні па скарачэнні людзей, але кіраўніцтва вымушана было на гэтыя меры пайсці дзеля выратавання прадпрыемстваў.

«Звязда»: Як у новых умовах паводзіць сябе суіскальніку, каб не застацца без месца? На які заробак можна разлічваць?

Алег Токун: Трэба рэальна ацаніць магчымасці, якія ёсць сёння на рынку працы, і свае здольнасці. Магчыма, варта і змяніць прафесію на тую, па якой сёння даволі лёгка ўладкавацца. Служба занятасці абсалютна бясплатна перанавучае больш, чым па 120 спецыяльнасцях.

Таццяна Кудзевіч:Нядаўна ў нас пачала займацца група машыністаў электрацягніка. Мы вялі перамовы з метрапалітэнам, гэтыя людзі рыхтуюцца канкрэтна пад замову, у іх гарантаванае ўладкаванне. Навучаюцца чатыры групы кіроўцаў тралейбуса, таксама з гарантаваным працаўладкаваннем у тралейбусныя паркі горада. Гэта запатрабаваныя прафесіі, дзе можна атрымліваць нядрэнны заробак. Запланаваны курсы для беспрацоўных па спецыяльнасці лагістыка. Гэта перападрыхтоўка на базе вышэйшай адукацыі, напрыклад, для бухгалтараў і эканамістаў, якія доўгі час не працавалі і страцілі свае прафесійныя навыкі. Рыхтуем і будучых прадпрымальнікаў. Навучаем іх фінансавай граматнасці на працягу трох тыдняў і прадастаўляем субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. Цяпер папулярныя паслугі таксі, аддзелачныя работы.

Чалавек спачатку мусіць сарыентавацца, якую менавіта работу ён увогуле будзе шукаць. Трэба скласці план дзеянняў. Тут усе сродкі добрыя: і зварот да сайтаў з вакансіямі, у службу занятасці, да сяброў. Калі браць спецыялістаў і служачых, то ім абавязкова трэба скласці рэзюмэ і паглядзець, ці дастаткова ў іх прафесійных навыкаў для таго, каб заявіць сябе на нейкую вакансію. Што тычыцца рабочага, то тут у большай ступені наймальніка цікавіць яго працоўная гісторыя. Не сакрэт, што ў нас у многіх суіскальнікаў больш за 20 месцаў работы ў працоўнай кніжцы. Такому чалавеку, вядома, складаней, бо ў наймальніка няма да яго даверу: а колькі ён затрымаецца, калі вазьму яго? Увогуле, калі чалавек звальняецца з прадпрыемства, нельга парываць сувязь з кіраўніцтвам, таму што, магчыма, спатрэбіцца характарыстыка ці ў той кампаніі з'явіцца вакантнае месца.

Ігар Станкевіч:Суіскальнік сам мусіць даказваць наймальніку, што ён можа працаваць і ўдасканальвацца. Самому трэба рухацца і думаць. Не проста: у мяне ў дыпломе запісана вузкая спецыяльнасць, і больш нічога не ўмею.

Алег Токун:Што да заробкаў, то калі паўтара года таму будаўнік за 10 мільёнаў яшчэ б раздумваў, ісці яму ці не, то сёння большая частка з іх гатова працаваць за 5-7 мільёнаў. Заробкавыя чаканні знізіліся.

«Звязда»: Як паказвае практыка, што перашкаджае незанятым грамадзянам знайсці працу: недастатковая кваліфікацыя, жорсткі адбор на месцы, нежаданне працаваць?

Таццяна Кудзевіч: Вялікую ролю адыгрывае неадпаведнасць попыту і прапановы. Хачу сказаць, што па многіх прафесіях дастаткова вакансій для працаўладкавання. Мае месца і нежаданне саміх суіскальнікаў. У 30 працэнтаў — нізкая матывацыя да працы. Да іх адносяцца звольненыя з папярэдняга месца за парушэнне працоўнай дысцыпліны, людзі, якія доўга не працуюць, выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, знаходзіліся ў ЛПП. Часам уладкаванню перашкаджаюць завышаныя чаканні, асабліва да ўзроўню аплаты працы. Выпускнікі, выбіраючы першае месца, часта арыентуюцца на прэстыжны офіс. Гэтай катэгорыі спецыялісты тлумачаць, што для іх сёння самае галоўнае — атрымаць нейкія практычныя веды.

Дапамога тым, хто шукае работу, ва ўладкаванні патрэбна абавязкова. Я даўно ў службе занятасці і ведаю, што гэта такое, калі чалавек 5-6 гадоў працаваў на адным прадпрыемстве і потым страціў месца. Ён не ведае, куды ісці. Да мяне часта на прыём прыходзяць такія людзі, яны не ўмеюць нават складаць рэзюмэ. Тыя, хто не хоча рэгістравацца, можа знайсці інфармацыю на сайце нашага камітэта або міністэрства. Ці на міні-кірмашах вакансій — яны вельмі папулярныя. Дапамога патрэбна, бо ніхто не вучыць, як знайсці працу. А гэта важна, бо пошук месца работы — таксама работа. Але, паўтаруся, працэнтаў 60 поспеху — гэта жаданне самога суіскальніка.

Павышаць кваліфікацыю — раз на пяць гадоў

«Звязда»: Ёсць пэўныя захады, якія дапамагаюць папярэдзіць пераход чалавека ў катэгорыю беспрацоўнага. Напрыклад, павышэнне кваліфікацыі, апераджальнае перанавучанне. Аднак па статыстыцы, далёка не ўсе наймальнікі прытрымліваюцца гэтых рэкамендацый. У год на прафадукацыю накіроўваецца каля 11-14 працэнтаў усіх работнікаў, і, адпаведна, перыядычнасць павышэння кваліфікацыі складае 7-9 гадоў. Гэтага недастаткова.

Андрэй Каваленя:Тыя прадпрыемствы, якія зацікаўлены ў выпуску якаснай прадукцыі, гэтае пытанне ўвагай не абыходзяць. І рабочыя, і інжынерна-тэхнічны персанал, і маркетынгавыя службы, і кіраўніцкае звяно рэгулярна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі. Але на шэрагу фабрык, шчыра скажам, ставяцца да гэтага несур'ёзна. Апошнім часам часцейшымі сталі такія выпадкі, калі людзей не адпускаюць на павышэнне кваліфікацыі, асабліва інжынерна-тэхнічны персанал. Чаму? Праз аптымізацыю часам атрымліваецца, што ў чалавека пераразмяркоўваюцца службовыя абавязкі і ён цягне работу, як той казаў, за сябе і за таго хлопца. І спецыяліст становіцца фактычна незаменным, нават у водпуск сысці не можа, таму што на яго ўскладзена занадта шмат функцый. Адпускаць у гэтай сітуацыі, асабліва з рэгіёнаў, кудысьці ў Мінск на курсы на два тыдні — фактычна абезгаловіць пэўныя кірункі вытворчасці.

Хоць перанавучанне, безумоўна, патрэбна. Тэхніка і тэхналогіі змяняюцца. Работнікаў накіроўваюць на курсы на вядучыя прадпрыемствы, дзе ёсць новае абсталяванне, каб яны жыўцом паглядзелі, як на ім працаваць. У сувязі з няпростай кадравай сітуацыяй у лёгкай прамысловасці, даводзім да дырэктараў, што трэба тых спецыялістаў, якія ёсць, замацоўваць і ствараць задзел на будучыню.

Алег Токун: Апошняе дзесяцігоддзе мы бачым, што паступова змяншаецца колькасць работнікаў, якія накіроўваюцца наймальнікамі на павышэнне кваліфікацыі. І гэта вельмі дрэнна, паколькі такі спецыяліст не цалкам эфектыўна выкарыстоўваецца ў работадаўцы, а калі выходзіць на рынак, ён неканкурэнтаздольны. Дарэчы, калі такі чалавек прыйдзе ў службу занятасці, а мы яго абавязкова накіруем на адукацыю, кампаніі ў выніку давядзецца заплаціць за яго навучанне. Паколькі ў нас па заканадаўстве наймальнік мінімум раз на пяць гадоў мусіць адпраўляць работніка на павышэнне кваліфікацыі. На жаль, кіраўніцтва прадпрыемстваў пакуль не вельмі актыўна праводзіць і апераджальнае навучанне работнікаў, што падлягаюць вызваленню. Сёння ёсць механізмы, якія дазваляюць даць чалавеку новую прафесію перад тым, як яго звольніць. Прытым што выдаткі на такую адукацыю потым могуць быць кампенсаваны службай занятасці.

Ігар Станкевіч: Тут можна казаць і пра слабую работу прафсаюзнай арганізацыі. Таму што ў калектыўным дагаворы варта было б прапісваць гэты абавязак наймальніка і сачыць за яго выкананнем. Нельга з адной базай адпрацаваць усё жыццё.

Алег Токун: Рана ці позна жыццё прымусіць наймальнікаў актыўна ўдзельнічаць у адукацыі сваіх работнікаў, паколькі актыўна ідуць працэсы мадэрнізацыі. Ты, як работадаўца, павінен быць зацікаўлены хоць бы ў тым, каб тваё абсталяванне не сапсавалі. А як максімум — выкарысталі яго з найбольшай эфектыўнасцю. Калі прадпрыемства, зацікаўленае ў прыбытку, знайшло грошы на новыя станкі, то выдаткаваць сродкі на навучанне работнікаў — для яго невялікія затраты.

Таццяна Кудзевіч: Кампетэнцыі свае развіваць можна не толькі за кошт наймальніка. Трэба і самому адукоўвацца.

«Звязда»: Актуальныя сёння і захады па падтрымцы незанятых грамадзян. Якія перспектывы развіцця сістэмы дапамогі беспрацоўным? Ці разглядаецца варыянт увядзення ў Беларусі сістэмы страхавання ад беспрацоўя?

Алег Токун: Сёння ў нас па заканадаўстве беспрацоўны ў якасці дапамогі не можа атрымліваць больш за дзве базавыя велічыні. Але не варта забывацца на дзяржаўную адрасную дапамогу. Калі ў сям'і сярэднедушавы прыбытак ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, то чалавек мае права звярнуцца ў органы сацыяльнай абароны і разлічваць на пэўную матэрыяльную падтрымку. Мы разумеем, што сёння дапамога па беспрацоўі фактычна не выконвае свае функцыі. Павышаць яе трэба. Нават вызначаны максімальны памер гэтай дапамогі — бюджэт пражытковага мінімуму. Таму на працягу першага паўгоддзя намі ва ўрад будуць накіраваны канкрэтныя прапановы, з праектам нарматыўнага акта, па механізмах, як выплаты павысіць. Гэта тое, што нас чакае ў найбліжэйшы час.

Трэба разумець, што калі кажуць, маўляў, дапамога па беспрацоўі ва ўсім свеце высокая, як правіла, ідзе размова аб страхавых выплатах. Работнік удзельнічае ў сістэме страхавання нароўні з наймальнікам і пасля страты працы пэўны час атрымлівае страхавое пакрыццё ў памеры да 70-75 працэнтаў ад свайго сярэдняга заробку на папярэднім месцы. Мы таксама пачалі распрацоўваць такую сістэму для Беларусі. Праўда, хачу шчыра сказаць: чакаць, што яна сёння ці заўтра запрацуе, не варта. Паколькі спатрэбіцца пэўны перыяд, і каб укараніць яе, і каб пэўныя назапашванні ў страхавым фондзе сфарміраваліся. У лепшым выпадку сістэма з 2018 года запрацуе.

Па вялікім рахунку, стаіць адно галоўнае пытанне: а хто ж усё-такі будзе плаціць узносы? Паколькі сёння наймальнік і так адлічвае 35 працэнтаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта дастаткова істотная нагрузка, і зразумела, што яшчэ нейкі плацеж на работадаўцу дастаткова праблематычна будзе ўскласці. Таму, магчыма, будуць прапаноўвацца намі і такія варыянты, калі і сам работнік пэўную частку свайго заробку будзе пераводзіць. Вядома, усё яшчэ будзе абмяркоўвацца шырокім колам спецыялістаў. Мы актыўна карыстаемся кансультатыўнай дапамогай Сусветнага банка. Але, так ці інакш, я лічу, што чалавек мусіць удзельнічаць у фарміраванні такога страхавога фонду і адпаведна ў яго з'явіцца права патрабаваць годнай матэрыяльнай падтрымкі.

Аляксандр Чубрык: Мне насамрэч ідэя страхавання ад беспрацоўя не вельмі падабаецца. Па-першае, таму, што гэта дадатковы падатак. На чалавека зараз пакласці чатыры працэнты ад прыбытку...

Алег Токун: Чатыры — гэта ўжо фантастычная сума.

Аляксандр Чубрык: Так, але калі менш, сістэма позна запрацуе. Па-другое, гэты дадатковы падатак будуць плаціць людзі, у якіх верагоднасць застацца без працы вельмі маленькая. То-бок кваліфікаваныя спецыялісты, якія маюць высокі заробак, напрыклад, праграмісты. Але атрымліваць дапамогу па беспрацоўі будуць тыя, у каго вялікі шанц страціць месца. Праблема сістэмы страхавання ў тым, што яна вельмі моцна матывуе не шукаць працу. Калі глядзець на вопыт амаль усіх краін, якія маюць такую сістэму, то там колькасць людзей, што вяртаюцца на работу, пакуль ім захоўваюцца 70 працэнтаў ад заробку, вельмі нізкая.

Андрэй Каваленя: Ніводзін з работнікаў не захоча проста так аддаваць свае грошы ў нейкі фонд, бо будзе верыць, што з ім нічога не здарыцца. Чалавек думае: страчу ці не работу, віламі па вадзе пісана, а грошы аддаваць трэба цяпер. Каб навучыць людзей мысліць па-новаму, патрэбна бязбольная праграма пераходу на гэтую сістэму. Вось як чалавек уступае ў прафсаюз: ён піша заяву, што згодны на адлічэнне сродкаў, і наймальнік іх утрымлівае і перадае прафаб'яднанню.

Алег Токун: Калі б мы, як у прафсаюз, адзін працэнт ад заробку ў страхавы фонд ад беспрацоўя перадавалі, то ўсім бы хапіла. У некаторых краінах, дарэчы, прафсаюзныя фонды ўдзельнічаюць у страхаванні. Рызыка страціць месца ёсць ва ўсіх. І ІТ-кампанія можа разарыцца. Хто, напрыклад, думаў, што «Chrysler» стане на калені? Ці завод «Nokіa» ў Фінляндыі? Трэба выбраць аптымальны для нашай краіны варыянт, каб і чалавека падтрымаць, і не забіць яго матывацыю да працы. І ў свой час у Еўропе зніжалі дапамогу, бо бачылі, што людзі жывуць на гэтыя выплаты. Былі ўведзены абмежаванні.

Таццяна Кудзевіч:У некаторых развітых краінах чалавек не можа мець ні машыну, ні жыллё, калі ён хоча атрымаць статус беспрацоўнага. Крытэрыі розныя.

Аляксандр Чубрык: Ёсць адзін аспект. Калі мы атрымаем фінансаванне ад Міжнароднага валютнага фонду, то зможам атрымаць дадатковы крэдыт ад Сусветнага банка. Гэты крэдыт можа быць накіраваны непасрэдна на рэформу сістэмы сацабароны. Гэта грошы, якімі мы зможам скарыстацца, каб без вялікага цяжару для бюджэту перайсці на новую сістэму і падтрымаць тыя групы насельніцтва, якія найбольш церпяць ад крызісу і змянення структуры эканомікі.

Алег Токун: Такая падтрымка ад валютнага фонду патрэбна, але Прэзідэнт ужо падпісаў указ №78, у якім пазначана, што восем трыльёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту зарэзерваваны на мэты, звязаныя з дадатковай сацыяльнай падтрымкай малазабяспечаных грамадзян. І размова ідзе не толькі пра дапамогу па беспрацоўі. Грошы дзяржавай ужо выдаткаваны.

Новыя месцы можа даць прыватны сектар

«Звязда»: Той жа ўказ Прэзідэнта №78, апроч іншага, прадпісвае штогод уладкоўваць 50 тысяч людзей на новыя працоўныя месцы. Дзе гэтыя месцы маглі б быць створаны? У якім сектары, на ваш погляд, ёсць патэнцыял?

Алег Токун: Гэта дастаткова складанае пытанне, паколькі адказнымі за стварэнне месцаў гэтым указам вызначаны мясцовыя органы ўлады. Размова ідзе пра стварэнне новых прадпрыемстваў і новых вытворчасцяў на дзеючых заводах.

Ігар Станкевіч: Мы павінны разумець, што новыя працоўныя месцы — гэта не мадэрнізацыя ў цэху. Трэба вывучыць кан'юнктуру рынку, каб ведаць, якая прадукцыя запатрабавана, колькі трэба ўкласці грошай у справу і праз колькі гэта акупіцца. У нас ёсць свабодныя эканамічныя зоны, дзе дзяржава дае магчымасць інвестарам ствараць новыя прадпрыемствы. А ў Магілёўскай вобласці, напрыклад, дзе я часта бываю, працадаўцы могуць атрымаць пэўную палёгку праз указ Прэзідэнта пра дапамогу паўднёва-ўсходнім раёнам рэгіёна.

Аляксандр Чубрык: Варта ўспомніць, калі ў Беларусі найбольш ствараліся працоўныя месцы. Гэта апошнія 10 гадоў, да 2015-га, калі вельмі хутка паляпшаліся ўмовы вядзення бізнесу. За гэты час істотна павялічылася і колькасць малых прадпрыемстваў, і колькасць занятых у гэтым сектары. Моцны штуршок далі дадатковыя палёгкі для бізнесу ў малых гарадах і сельскай мясцовасці. Тады ў раёнах, асабліва вакол буйных гарадоў, пачалі развівацца прыватныя прамысловыя кампаніі.

Откуда в Беларуси появится 50 тысяч новых рабочих мест?

http://zautra.by/art.php?sn_nid=20904

Мне здаецца, што найбольш плённым быў бы далейшы рух у напрамку развіцця прыватнага сектара. У нас лёгка зарэгістраваць бізнес, даволі моцна спрасцілася падатковая сістэма. Але застаецца шмат нюансаў. Напрыклад, для буйных кампаній цяпер вялікая праблема — сістэма судоў. Яны не заўсёды могуць адстаяць свае інтарэсы. Што тычыцца меншых фірмаў, можна было б нарэшце заканадаўча абавязаць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія здаюць у арэнду свае аб'екты, прадаваць іх, калі ёсць попыт з боку арандатараў на гэтыя плошчы.

Дзяржава сама па сабе не зарабляе грошы, і яна не можа даць кожнаму працу, усіх накарміць і напаіць. Дзяржава мусіць стварыць умовы, у якіх чалавек здолее зарабіць сабе дастойны прыбытак. Вялізная праца ўжо зроблена, дастаткова паглядзець, як мы прасунуліся ў рэйтынгу Сусветнага банка «Doіng Busіness». Мы цяпер там адны з найлепшых у рэгіёне. Але ёсць бар'еры, якія не даюць нам выкарыстаць патэнцыял напоўніцу. Трэба зняць гэтыя перашкоды.

«Звязда»: У наступныя пяць гадоў на садзейнічанне занятасці насельніцтва будзе накіравана два трыльёны рублёў. Які план дзеянняў мы маем у гэтай сферы на найбліжэйшыя гады?

Таццяна Кудзевіч: На 2016 год мы амаль у два разы павялічылі фінансаванне праграмы занятасці. На гэта выдаткавана больш за 35 мільярдаў рублёў. 19 працэнтаў — сацыяльныя гарантыі беспрацоўным (дапамогі, стыпендыі, матэрыяльная падтрымка). Па-ранейшаму будзе развівацца праграма навучання, паколькі гэта дапамагае людзям павысіць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку. Плануем больш за пяць працэнтаў незанятых грамадзян, 1200 чалавек, накіраваць на курсы перападрыхтоўкі. У прыярытэтах таксама арганізацыя самазанятасці беспрацоўных, маладзёжнай практыкі, працоўнай адаптацыі інвалідаў (стымуляванне наймальнікаў у прыёме гэтай катэгорыі). Будзем садзейнічаць другаснай занятасці студэнтаў. Па гэтым кірунку мы павялічылі фінансаванне больш, чым у 3 разы: каля 9 мільярдаў будзе накіравана на ўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час. Плануем праводзіць на базе раённых аддзелаў занятасці сустрэчы мэтавых груп (грамадзяне, вызваленыя з прадпрыемстваў, былыя індывідуальныя прадпрымальнікі) з наймальнікамі. Плюс традыцыйныя міні-кірмашы вакансій.

Алег Токун: Падпраграма «Садзейнічанне занятасці насельніцтва» зацверджана пастановай урада ад 30 студзеня 2016 года. Мэта адна — эфектыўнае выкарыстанне працоўнага патэнцыялу краіны. Механізмы розныя. Пераразмеркаванне работнікаў з адной галіны ў іншую (як правіла, у сферу паслуг, паколькі яна цяпер развіваецца), рэалізацыя актыўных мер палітыкі занятасці. Гэтыя захады аднолькавыя фактычна для ўсяго свету.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4.5