Што рабіць, калі вас “кінула" турфірма

Дваццаць чалавек звярнуліся са скаргай на фірму "Аўрора Тур" у РАУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Сувязі з дырэктарам пакуль няма, яго шукаюць, паведамляюць у міліцыі.

"Праводзім праверку па заявах людзей, устанаўліваем абставіны таго, што адбылося. Колькі будзе людзей і ці будуць там таксама юрыдычныя асобы, сказаць складана", — апісваюць у міліцыі Кастрычніцкага раёна Мінска.

Турфірма займалася адпачынкам эзатычных напрамкаў: Дамінікана, Лацінская Амерыка. А былыя кліенты скардзяцца, што не змаглі патрапіць у месцы адпачынку ці мелі складанасці па вяртанні. Цяпер тэлефоны кампаніі не адказваюць, сувязі з кіраўніцтвам няма.

Што рабіць, калі вы аказаліся ў падобнай сітуацыі, разбяром на прыкладах.

Вы прыехалі, напрыклад, у Дамінікану, гід вас не сустрэў, у гатэлі вас не чакаюць.

"Трэба звязвацца з прадстаўнікамі той турыстычнай кампаніі, з якой вы мелі дамову. Калі з імі няма сувязі, то ёсць кантакты нашых дыппрадстаўніцтваў за мяжой. Там акажуць дапамогу", — распавядаюць у міністэрстве спорту і турызму.

Калі нашай амбасады ці консульства ў краіне няма, то можна звярнуцца да амбасадара, які прадстаўляе інтарэсы Беларусі па сумяшчальніцтве, ці на прамую ў беларускі МЗС.

Вам удалося вярнуцца ў Беларусь, але турыстычная кампанія закрылася і не вяртае вам грошы за сапсаваны адпачынак. Ці вы наогул не змаглі выехаць з Беларусі ў адпачынак па віне турфірмы.

"Пацярпелы звяртаецца ў таварыства абароны спажыўцоў, Міністэрства спорту і турызму і ў суд. Больш няма чаго рабіць, каб вярнуць грошы", — удакладняюць у саюзе турыстычных арганізацый.

Вы прыехалі ў Маскву, адкуль у вас вылет у Дамінікану, але вас не пускаюць на борт самалёта, маўляў, няма ў спісах.

"Чалавеку мусяць даць квіток на рукі ў турфірме", — дадаюць у міністэрстве спорту і турызму.

У міністэрстве і ў саюзе турыстычных арганізацый раяць не "гнацца за вельмі таннымі пуцёўкамі", бо калі тур на тысячу долараў таннейшы, чым паўсюль, як гэта было з "Аўрора Тур", трэба задумацца пра якасць такіх паслуг. Пакуль жа турыстам грошы за сапсаваны адпачынак так і не вярнулі.

  • Оцени статью: