Хто псуе паветра ў горадзе над Бугам?

Ці дапамогуць шведы берасцейцам пазбавіцца ад смуроду?

Самы заходні абласны цэнтр пахне па-асабліваму. Не першы год берасцейцы скардзяцца на смурод у горадзе.

Смярдзіць нечым спаленым увесь час. А калі надвор'е вільготнае, робіцца проста невыносна, — гаворыць Ірына, жыхарка вуліцы Маскоўская, што ў самым цэнтры горада.

Берасцейцы вінавацяць ва ўсім мясцовы смеццепераапрацоўчы завод (БСПЗ), які быў пабудаваны ў 2010 годзе. Аднак прадпрыемства лічыцца ўзорам экалагічнага абыходжання з адкідамі. Завод збірае 14 відаў другаснай сыравіны, вядзе актыўную агітацыю ў горадзе за асобны збор смецця.

Прадпрыемства вырабляе з адкідаў біягаз: 2 863 тыс.тон у год.

Каля заводу смурод яшчэ большы. Але галоўны тэхнолаг БСПЗ Андрэй Курыловіч запэўнівае, што крыніца непрыемнага паху знаходзіца ў іншым месцы.

Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Лячак, пацвярджае, што смурод ідзе з ачышчальных збудаванняў КУП «Брэствадаканал». Яны знаходзяцца акурат за смеццепераапрацоўчым заводам.

Там ёсць тры стадыі ачысткі: грубая, адстойнік і біялагічная ачыстка. Пасля біялагічнай ачысткі збіраецца глей. Калі яго зліваюць, ёсць нейкае сутыкненне з паветрам, — тлумачыць чыноўнік.

Старшыня Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў кажа, што ачыстка сцёкаў без утварэння глею немагчыма і гэта цалкам нармальная практыка.

Іншая справа, што каб ліквідаваць непрыемны пах, патрэбныя грошы, якіх пакуль няма.

Мясцовыя ўлады просяць жыхароў пачакаць да 2019 года.

Мы падалі заяўку ў шведскі фонд на фінансаванне праекта «Брэст-Сімбіа Сіці». Туды сярод іншага ўваходзяць закупка і ўсталяванне купала над ачышчальнымі збудаваннямі. Калі праект зацвердзяць, то пахі знікнуць да тысячагоддзя Брэста, — абяцае Аляксей Лячак.

Улады плануюць атрымаць на праект 8,1 млн еўра ад шведскага фонду, а таксама выдзеліць з гарадскога бюджэту 9 млн еўра.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 4.3