Дзе навучаць атрымліваць асалоду ад мыслення?

Якой адукацыі не хапае сучасным беларусам?

У наступным годзе беларускія інтэлектуалы паспрабуюць вывесці нефармальную адукацыю на новы ўзровень. Лятучы універсітэт прапаноўвае не толькі курсы, але і школы.

Што шукае беларус на нефармальных лекцыях?

На альтэрнатыўных адукацыйных пляцоўках можна сустрэць людзей любога ўзросту і самых розных прафесій. Чаму людзі, якія ўжо маюць дыпломы ВНУ, ходзяць на лекцыі і запісваюцца на курсы «нетрадыцыйных»  універсітэтаў?

– Мяркую, нам проста не хапае адукацыі, якая фармуе чалавека, а не прафесію, – лічыць кандыдат сацыялагічных навук, куратар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.  – Традыцыйная адукацыя хутчэй разбірае чалавека па частках і не дае яму магчымасці сабрацца.

Па слова эксперта, публічныя лекцыі і ўвогуле нефармальная адукацыя становяцца ў Беларусі ўсё больш папулярнымі.

Кандыдат філасофскіх навук, каардынатар супольнасці «Беларуская філасофская прастора» Павел Баркоўскі лічыць, што беларускім ВНУ часам бракуе свабоды мыслення, умення крэатыўна працаваць і думаць.

– Ім не хапае лекцый, якія б чыталіся не акадэмічна, а менавіта інтэлектуальна, гульнёва. Вось за ўсім гэтым людзі ідуць у нефармальную адукацыйную прастору, – разважае навуковец.

На думку філосафа, Лятучы ўніверсітэт — праект, які скіраваны ў будучыню. Менавіта ў гэтым універсітэце, як адзначае эксперт, аб’ядноўваюцца людзі, якія адчуваюць ў сабе сілы і магчымасці нейкім чынам змяняць краіну ў лепшы бок.

Чаму навучаць наведнікаў у Школах Магістраў Гульні?

У наступным годзе Лятучы універсітэт будзе прапаноўваць не толькі курсы, але і школы.

Плануецца распачаць чатыры Школы Магістраў Гульні. Чым яны будуць адметныя?

Таццяна Вадалажская, якая кіруе метадалагічнай школай магістраў гульні, плануе прапанаваць навучэнцам зрабіць жыццеапісанне.

— Гэта адзін са спосабаў разумення сябе і выбудовы свайго шляху, — тлумачыць сацыёлаг.

Другі кіраўнік метадалагічнай школы Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае, што галоўным аб'ектам увагі і засяроджанасці будзе мысленне пра Беларусь.

—Краіну, аб якой мы марым. А для таго, каб ажыццявіць мары, патрэбная дзейнасць, — гаворыць філосаф.

Кіраўнік школы сацыяльна-філасофскай аналітыкі Павел Баркоўскі адзначае, што яе дзейнасць будзе скіравана  перадусім на людзей, якія любяць пісаць і чытаць тэксты, прысвечаныя  беларускай сацыяльнай рэальнасці.

Як тлумачыць Павел Баркоўскі, выкладчыкі будуць імкнуцца навучыць наведнікаў школы даводзіць свае думкі да іншых людзей, каб уплываць менавіта на дзеянне.

Філосаф ўпэўнены, што ў гэтай школе будуць знойдзены адказы: як з дапамогай словаў змяняць наш свет, рабіць новую Беларусь.

Кіраўнік школы Вялікага Княства Літоўскага: дыялог са спадчынай Алег Дзярновіч паведамляе, што будзе займацца з наведнікамі вывучэннем беларускай палеаграфіі.

– Калі мы заяўляем, што з’яўляемся нашчадкамі той каласальнай традыцыі, то трэба мець адказ на пытанне: ці зможам мы, напрыклад, пачытаць тыя самыя дакументы XVI стагоддзя на старажытнабеларускай мове? – тлумачыць гісторык.

Гісторык паведамляе, што ў школе будуць вывучацца факсімільныя старажытныя дакументы. На думку Алега Дзярновіча, з гэтымі ведамі ў беларусаў будзе больш падставаў называць сябе нашчадкамі традыцыі Вялікага княства Літоўскага.

– У нашую школу запрашаюцца людзі, якія захопленыя мысленнем і хацелі б атрымліваць ад яго асалоду, – распавядае кіраўнік школы гісторыі ідэяў Ігар Бабкоў. – Людзі, якія ставяцца да мыслення як да пэўнай інтэлектуальнай прыгоды.

Ігар Бабкоў распавёў, што наведнікі гэтай школы будуць працаваць па некалькіх накірунках: беларуская інтэлектуальная традыцыя, гісторыя еўрапейскай думкі і сёняшні беларускі кантэкст.

— У нас вельмі многа масавых папулярных праектаў, якія працуюць на шырокім полі, – адзначае Ігар Бабкоў. – Але парадокс у тым, што людзей, якія мелі б кваліфікацыю такога ўзроўню, каб камунікаваць і спрачацца са сваімі калегамі ў Еўропе і свеце, не хапае.

Паводле ягоных словаў, магістарскія праграмы Лятучага ўніверсітэта павінны стаць своеасаблівай лабараторыяй, з якой магла б паўставаць беларуская інтэлектуальная эліта.

Уладзімір Мацкевіч адзначае, што ў Беларусі вялікія праблемы з  навуковымі школамі, кожны сам па сабе.

—У Беларусі людзі —вельмі аўтаномныя. Яны не любяць прызнаваць сябе нечымі вучнямі, паслядоўнікамі, — лічыць метадолаг.

Ён упэўнены, што творчасць і супольнае навучанне дадуць магчымасць наведнікам школаў узбагаціцца рознымі ідэямі і думкамі.

Падрабязней пра праграму Лятучага універсітэта і запіс на курсы тут  

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 6
  • Балл: 4.8