Чым здзівіць Лятучы ўніверсітэт у новай адукацыйнай праграме?

На пачатку лістапада Лятучы ўніверсітэт распачаў набор на ўдзел у новай адукацыйнай праграме, а 13 лістапада а 18.30 усіх цікаўных запрашаем на афіцыйную прэзентацыю праграмы і сустрэчу з калегіюмам Лятучага. Прэзентацыя адбудзецца ў клубе Imaguru (вул. Фабрыцыюса, 4)

Тыя, хто знаёмы з Лятучым не толькі з разавых мерапрыемстваў, ведаюць, што ўвесь час свайго існавання (а гэта больш за 5 год!) універсітэт знаходзіцца ў сталым пошуку новых формаў і спосабаў арганізацыі мысленчай працы, новага зместу адукацыі – найбольш адпаведнага ідэі сучаснага Універсітэта. Менавіта таму кожная наступная праграма, якую абвяшчае ўніверсітэт, не падобная на папярэднюю: захоўваючы добрыя ўніверсітэцкія традыцыі, мы заўсёды здзівім слухачоў і нечаканымі інавацыямі.

Новая праграма прадстаўляе два розныя ўзроўні адукацыі. Для тых, хто хацеў бы выбудоўваць асабістую адукацыйную траекторыю ў вольным руху, Лятучы ўніверсітэт прапануе ўжо добра знаёмы традыцыйны фармат – адукацыйныя курсы. Гэты так званы “першы ўзровень” новай праграмы складаюць 8 курсаў, на якіх свае падыходы і практыкі мыслення прадставяць вядомыя беларускія інтэлектуалы і культурныя дзеячы: Уладзімір Мацкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Ірына Дубянецкая, Генадзь Сагановіч, Міхась Баярын, Ігар Бабкоў, Павел Баркоўскі, Вячаслаў Бабровіч.

Другі ўзровень, і яму надаецца асаблівая ўвага, прадставяць Школы Магістраў Гульні - новы адукацыйны фармат Лятучага ўніверсітэта. Разлічаныя на невялікія групы адмыслоўцаў, шчыльную камунікацыю з Настаўнікамі – вядомымі беларускімі інтэлектуаламі і мыслярамі, Школы задуманыя як месцы супольнай працы па стварэнні новых сэнсаў і практыкаў:

Школа гісторыі ідэй (кіраўнік – Ігар Бабкоў)

Метадалагічная школа (кіраўнікі - Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская)

Школа ВКЛ (кіраўнік – Алег Дзярновіч)

Школа сацыяльна-філасофскай аналітыкі (арганізатары - супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”)

Чым адметныя гэтыя два ўзроўні? Па якіх прынцыпах збудаваныя, якія крытэры адбору, патрабаванні і ўмовы ўдзелу? Што чакае слухачоў у выніку – якія здабыткі? Хто такі “Магістар Гульні” і каму будзе надавацца гэтая ступень у Лятучым?

Каб падрабязна даведацца пра канцэпцыю і структуру новай праграмы, пазнаёміцца з асновамі, прынцыпамі, зместам лекцыйных курсаў і Школаў Магістраў Гульні, адчуць цудоўную атмасферу інтэлектуальнага асяроддзя, у неафіцыйнай абстаноўцы пагутарыць з выкладчыкамі курсаў і кіраўнікамі Школаў, запрашаем вас на прэзентацыю новай праграмы Лятучага ўніверсітэта, якая адбудзецца 13 лістапада ў клубе Imaguru (вул. Фабрыцыюса, 4). Пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Звяртаем увагу, што запіс на курсы і школы ўжо адкрыты і трывае да 5 снежня! Пазнаёміцца з кароткімі анонсамі курсаў і Школаў, а таксама зарэгістравацца на іх можна тут

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 2
  • "ПРОТИВ" : 0